Выбрать главу

«А цяпер што?..» — ледзь не заскрыгатаў ён зубамі.

Пранізліва засігналіў аўтобус. Шафёр, мабыць, падумаў, што хлопец заседзеўся на лаўцы і можа не паспець на рэйс. Ігнат ведаў, што наступны аўтобус пойдзе толькі праз гадзіну, але яму было ўсё роўна. Яго ніхто не чакаў. «А Вольга?..»

Нібы халодны ветрык прабег па Ігнатавых вуснах. Ён быццам зноўку ўбачыў напалоханыя і шчаслівыя Вользіны вочы. «Не магу без цябе, Ігнатка, кахаю…»

«Кахаю…— ён апусціў галаву.— Каб ты толькі ведала, што са мной здарылася… А яшчэ нядаўна, калі толькі сустрэліся, усё здавалася такім простым.. і зразумелым».

Над галавой вісела жаўтаватае неба. Праз кучаравыя воблакі не маглі прабіцца да застылай камяністай зямлі сонечныя промні. Толькі па другі бок заліва яны пафарбавалі ў ружовы колер вяршыню няўклюднай сопкі.

Нечакана, нібы напалам, раскалолася неба. Некалькі рэактыўных знішчальнікаў пранесліся над залівам. Імкліва зніклі за жоўтымі воблакамі. Гэты трапяткі пярун, які паступова заціхаў, вярнуў Ігната да явы. Трэба было нешта рабіць. I гэтае «нешта», якое яшчэ хвіліну-другую назад было неакрэсленым і расплывістым, цяпер стала зразумелым і асэнсаваным.

«Ідыёт,— аблаяў сябе Ігнат,— пайду да Дзяніса Пятровіча, а там будзем бачыць…»

Будка тэлефона-аўтамата стаяла непадалёку ад аўтобуснага прыпынку.

Набраўшы нумар, Ігнат спахапіўся, што не ведае, як пачаць размову са штурманам. Яшчэ ўчора ён адчуваў сябе з Дзянісам Пятровічам амаль як з роўным, а хто ён цяпер для гэтага марскога воўка?

Ігнат ужо хацеў пакласці трубку, але пачуў знаёмы, нібы з судавога дынаміка, голас.

— Прывітанне,— выціснуў з сябе Ігнат.

— Хто гэта?

— Выхаванец твой турбуе. Няўжо не пазнаеш?

— Калі ўсіх пачнеш пазнаваць па тэлефоне,— азваўся штурман,— дык трэба мець на плячах не галаву, а японскі магнітафон аж на чатыры дарожкі. Я галасы сваіх каханак не магу запомніць…

Відаць, Дзяніс Пятровіч быў у гуморы, і гэта Ігната трохі супакоіла. Стала не так адзінока, як тады, калі бавіў час на лаўцы ў скверыку.

— Гэта Ігнат.

— Тады купляй мятлу і да нас. Ды і Вольгу не забудзь прыхапіць. А то сабралася пахавальная каманда. Мужчынская кампанія, што дызель без паліва…

— Дык ці не ты хваліўся, што і па голасе не можаш пазнаць сваіх каханак? — засмяяўся Ігнат.

— Ахлыні, ёлуп цара марскога. Паглядзі, колькі часу. Усе нармальныя жанчыны яшчэ на рабоце. А я прынцыпова не шукаю лёгкіх і выпадковых перамог. Не падтрымліваю кантактаў з прыгожымі бічыхамі…

Гэтыя словы балюча разанулі па сэрцы. Цяпер яны адносіліся і да яго, Ігната Собліка, былога курсанта, а цяпер чалавека без пэўных заняткаў.

— Вольга сёння на рэпетыцыі,— схлусіў Ігнат.— Не ведаю, калі і аслабаніцца.

У трубцы пачуліся кароткія гудкі. Ігнат яшчэ трохі пастаяў у тэлефоннай будцы, потым падаўся на аўтобусны прыпынак. Ён шкадаваў, што не паехаў адразу з тым кампанейскім, хоць і жулікаватым хлопцам. Заставалася толькі спадзявацца на нейкую спадарожную машыну.

Хоць дарога і вяла ў абласны цэнтр, машыны трапляліся на вочы не часта. За рулём усё больш сядзелі прыватнікі, а такія рэдка калі возьмуць пасажыра.

Ігнат адышоў трохі ад дарогі, сеў на валун. Ён злаваў на сябе за тое, што адразу не пайшоў да Дзяніса Пятровіча, а папёрся нечага ў пасёлак.

Ён нават не звярнуў увагі на чорную «Волгу», якая імкліва ляцела па дарозе. Пэўна, ехаў нейкі начальнік. Нечакана машына прыторкнулася да абочыны. 3 «Волгі» высунуўся мужчына ў сінім капелюшы.

— Да горада?

Ігнат кіўнуў галавой.

— Чакаеш запрашэння? Ну і моладзь пайшла! Галаснуць цяжка. Я дык некалі на дахах вагонаў ездзіў.

Вочы ў незнаёмца былі маладыя, але стомленыя, нібы чалавеку неставала часу, каб удосталь выспацца, а ў ягоным голасе не-не ды і праслізгвалі іранічна-паблажлівыя ноткі.

— Ну чаго стаіш як бедны сваяк? Загадалі падвезці, дык паехалі ўжо…

— Дзякую за клопат, калі мяне з кімсьці не пераблыталі,— разгублена прабурчаў Ігнат.

Адчыніўшы дзверцы, ён аслупянеў. У салоне сядзела Вольга. Яна яшчэ нічога не сказала, а Ігната ўжо страсянула здагадка: ведае.

Моўчкі, не адводзячы пільнага позірку, Вольга пасунулася ў самы куток. У белай вязанай шапцы, з-пад якой спадалі на плечы доўгія светлыя валасы, з шэрымі, бы застылымі, вачыма, яна быццам схавалася ў сабе.