Выбрать главу

Машына асцярожна кранулася з месца, паволі набрала хуткасць. За акном шалёна мільгацела каменне. Ігнат не мог уявіць сабе, што так неспадзявана і недарэчна сустрэнецца з Вольгай.

— Вось і я…— сказаў Ігнат і не вытрымаў: адвёў вочы. «Канечне, Вольга папрасіла спыніць машыну», падумаў ён.

Гэта абнадзеіла: мо яшчэ нічога і не ведае? Ды і адкуль? Проста перажывае і злуецца, як і кожная дзяўчына, за тое, што не пазваніў.

Шафёр торкнуў пальцам у клавіш радыёпрыёмніка, пакруціў ручку. У машыне загучала песня. Самотная і надрывістая:

Вы не верьте, что живу я, как в раю,

И обходит стороной меня беда…

— Во,— узрадаваўся Рыгор,— нібы па заказу песня. Не ў аднаго мяне, значыцца, клопаты.— Ён павярнуўся да Ігната: — Дзе цябе высадзіць?

— На плошчы каля помніка,— адказала за Ігната Вольга.

— А я думаў, каля кінатэатра,— засмяяўся Рыгор.

«Відаць, гэта ён тады падвозіў Вольгу,— падумаў Ігнат.— Высадзяць на плошчы, і бывай, хлопец».

Яго палохала, бянтэжыла Вользіна зацятая маўклівасць. Здавалася, ніколі не было таго інтымнага вечара на кватэры штурмана, не было і шчодрых слоў: «Кахаю…»

Ігнату здавалася, што ён апошні раз бачыць Вольгу. I гэтае адчуванне было невыноснае. А тут яшчэ назойлівая песня: «…и у судьбы, как все, как все, счастья себе прошу…».

Вольга ўбачыла, як Ігнатаў твар крывіць вінаватая ўсмешка, і не вытрымала, адвярнулася.

Унізе на хвальках пагойдваліся маленькія караблікі, на прадаўгаватых прычалах стаялі краны са стрэламі-галінкамі, а далей, на супрацьлеглым беразе, сіратліва прыторкнуліся да сопак невялічкія будыніны. Гэта быў бацькаў, а цяпер і Ігнатаў порт. Іхняе незразумелае жыццё.

«А мо ўжо і не Ігнатаў? — падумала Вольга.— Можа, ён ужо і не курсант?»

Яна ўспомніла, як усе гэтыя дні, што не бачыла Ігната, марудна цягнуўся час, як уздрыгвала ад нецярплівасці, пачуўшы тэлефонны званок, і ў душы ажыло, забалела перажытае: крохкі, амаль дзіцячы голас у вестыбюлі вучылішча: «Ведама, спекулянта…»; асветленыя вокны інтэрната і апусцелая вуліца; трывожныя вочы маці.

У грудзях біўся аслепленай чайкай нявыплаканы крык: «Ну скажы што-небудзь у сваё апраўданне! Ну скажы!..»

— Вось і прыехалі, мілорд,— скіраваўшы машыну да тратуара, сказаў Рыгор.

Ігнат адчыніў дзверцы. Ён адчуваў, што павінен нешта сказаць Вользе — хай нават схлусіць,— і не змог.

— Дзякую,— толькі выціснуў з сябе.

— Гэта ты сваёй знаёмай камфортам міністэрскім абавязаны,— павярнуўшыся на сядзенні, неяк здзіўлена паглядзеў на Вольгу Архіп Пятровіч.

«Сваёй знаёмай…» — апусціў галаву Ігпат.

«Няўжо пойдзе? Вось так возьме і пойдзе? Быццам нічога і не было…» Да болю закусіўшы вусны, Вольга свідравала позіркам шырокую, цяпер прыгорбленую Ігнатаву спіну, моўчкі прасіла: «Паглядзі на мяне, калі ласка. Няўжо не разумееш, як цяжка на сэрцы? Няўжо не адчуваеш?»

Рыгор паглядзеў на Вольгу.

— Навошта табе гэты індык? Тым больш што я сваёй прапановы не здымаю з парадку дня. Далібог, без жартачак.

«Якія вы, мужчынкі, дурныя…» — ледзь не заплакала ад роспачы Вольга.

Штурман пажартаваў, калі гаварыў, што ў яго сабралася кампанія. За сталом сядзелі яшчэ два хлопцы. Ды і тыя, здавалася, прыйшлі, каб проста пагаманіць на развітанне.

Высокага і хударлявага тралмайстра звалі Ігарам, каржакаватага, з ранняй лысінай брыгадзіра партовых грузчыкаў — Анатолем. Пра самога Ігната Дзяніс Пятровіч сказаў важка і ласкава: «Мой выхаванец…»

Ігнат узяў скрылік лімона, прыслухаўся да размовы.

— Памянеш маё слова,— гаварыў Дзяніс Пятровіч,— хутка нават звычайнага карася, што ў сажалцы, запішуць у Чырвоную кнігу. А што робіцца ў акіяне — гэта жах! Прыйдзеш ноччу ў квадрат, дык здаецца, што трапіў на святочны кірмаш. Агні, агні, агні… Тут табе і французы, і немцы, і шведы, і іспанцы… Толькі папуасаў не хапае… А як, паважаны тралмайстар, ловім?

— Нармальна,— павёў плячыма Ігар.— Колькі падымаем рыбы на палубу, столькі і аддаём на фабрыку.

— Ісціну, шаноўны, глаголіш: колькі падымаем рыбы! А ты хоць сам ведаеш, колькі трэба лавіць яе, каб пасля нас мора не аскуднела?

— Пра гэта хай начальства думае. У яго на беразе поўны камфорт для думак. А мне і самому, і матросам трэба даць зарабіць. Сам бачыў, мора, што жанчына: ніколі не ведаеш, што яно заўтра выкіне. Толькі пачынаеш даваць план, як раптам наляціць шторм. Пабоўтаешся з зачыненымі ілюмінатарамі, угамоніцца акіян, закінеш трал і выцягнеш пусты…