Выбрать главу

— Ну, гэта яшчэ не бяда,— перапыніў тралмайстра штурман.— Вы не зловіце, дык на другіх рыба трапіць. Усё роўна дарога ў яе адна — на талерку ці на юшку. Вось калі гніе ў акіяне рыба, якую выкінулі з суднаў,— гэта бяда. Пайшлі мы летам у эксперыментальны рэйс на поўдзень па натаценію. Нічога не скажаш, лафовы рэйс: нам добра, бо рыба дарагая, і пакупнікі задаволены — смачная. Прыйшлі, значыцца. Суднаў не вельмі многа. Толькі ніяк не можам узяць у галаву, чаму гэта мёртвыя рыбіны па вадзе плаваюць? Але ж разважаць няма часу. I пачалося: як ні падымем трал — поўны. Толькі пасля ўцямілі, чаму раён промыслу быў на могілкі падобны.— Дзяніс Пятровіч нервова пабарабаніў пальцамі па стале.— Спякота стаіць невыносная — плюс сорак. Не паспявалі апрацоўваць рыбу, вось і гніла ў бункерах, дык яе за борт. Памылі чыста палубу, фабрыку. Прасемафорылі замежным суседзям — што ж вы робіце? Нуль увагі. Правоў, як гаворыцца, у нас ніякіх, каб забараніць такую рыбалку. А раніцай спусцілі трал — пуста. Яшчэ раз закінулі — той жа вынік. Уцякае рыба з могілак. Пакруціліся мы трохі і пайшлі далей. Толькі мёртвая рыба на вадзе засталася. А ты гаворыш, нармальна ловім…

Дзяніс Пятровіч гаварыў не жартаўліва, а заклапочана, з грунтоўнай сур’ёзнасцю.

— А ты, славуты брыгадзір докераў, усім задаволены? — нечакана спытаў ён у Анатоля.— 3 такой рыбалкай хутка ліквідуюць вашу кантору, Не палохае такая перспектыва?

— Не палохае. Грузчык — гэта вечна. Вунь нават у магазіне нашы кадры ў вялікай пашане. Толькі згаджайся.

— Не штармі, брыгадзір,— прымірэнча паклаў на плячо Анатолю сваю цяжкую руку Дзяніс Пятровіч.— Не ўсё так кепска, як я расказваў. Вось закончыць мой выхаванец вучылішча, і навядзём мы з ім на тралфлоце сусветны парадак. Я — ужо буду капітанам вялікага маразільнага траўлера, ён — штурманам. Цябе, Ігар, возьмем да нас тралмайстрам. Атрымаецца сапраўдны мазгавы цэнтр. Што нам тады сухапутнае начальства, калі мы самі з вусамі… I будзе наш «Атлантык» грымець на ўсе моры і акіяны… А ты як думаеш, мой слаўны выхаванец Ігнат?

Ігнат не адказаў, толькі да болю, да хрусту сціснуў пад сталом пальцы.

— Ты што, нібы зняможаны хек? — занепакоена спытаў Дзяніс Пятровіч.

— Проста задумаўся…

Яго выклікалі з заняткаў па астраноміі. Дзяжурны па вучылішчу цёмнавалосы хлопец адчыніў дзверы і, папрасіўшы дазволу ў выкладчыка, выгукнуў: «Курсанта Собліка — да начальніка вучылішча!»

Начальнік вучылішча быў у кабінеце не адзін. Побач сядзеў высокі загарэлы мужчына гадоў пад трыццаць ці трохі старэйшы. Убачыўшы Ігната, ён нервова крутнуўся ў крэсле, паправіў на пераноссі акуляры.

— Сядай, Ігнат,— прапанаваў начальнік вучылішча, пажылы ўжо чалавек, які некалі адным з першых капітанаў пачаў вадзіць сваё судна ў Арктыку. Ён павярнуўся да мужчыны: — Працягвайце, калі ласка.

— Ну дык вось. Іду я на працу і раптам бачу гэтага вашага хлопца. А яго я добра запомніў. Паглядны з сябе, цяжка з кімсьці пераблытаць. Вы, пэўна таксама памятаеце мяне, малады чалавек? — ён запытальна прыжмурыў за акулярамі вочы.

— Нешта не помню,— шчыра здзівіўся Ігнат.

— Дзіўна. Можна сказаць, яшчэ зусім малады хлапец, а памяць дзявочая.

— Папрашу больш канкрэтна,— ссунуў калматыя сівыя бровы начальнік вучылішча. Ягоны пахмурны твар чымсьці насцярожыў Ігната.

— Магу і канкрэтна. У мінулым годзе я купіў у гэтага вашага хлопца касцюм. Роўна за дзвесце рублёў. За дзвесце, што вельмі важна для справы.— Мужчына, як хвалюючыся, зноў паправіў на пераноссі акуляры.— Тады гэты малады чалавек быў у цывільным: у нейкай стракатай кашулі і, здаецца, у джынсах. Ага, так… У джынсах. А ўчора я яго выпадкова сустрэў ля вучылішча ў форме. Самі разумееце, што даведацца ягонае прозвішча было не цяжка. Цяпер вы пазналі мяне?

У Ігната абарвалася сэрца, бо ён успомніў гэтага мужчыну. Тады яму сапраўды былі вельмі патрэбны грошы, каб заплаціць за перавозку кантэйнера да маці. Стыпендыя была яшчэ далёка, і таму пытаць у хлопцаў не было ніякага сэнсу. Заставалася адзіная надзея: пазваніць Ціхану, лабаранту з рыбнага завода, з якім ён пасябраваў яшчэ ў той час, калі паступаў у вучылішча.

Ціхан быў на месцы, але дапамагчы таксама не мог. Пачаў блытана апраўдвацца, быццам быў у нечым вінаваты.

— Не магу, браце, хоць і з дарагой душой. У адпачынак з жонкай ездзіў. Поўдзень, хай на яго ліха, як помпа: здаецца, быў поўны калодзеж, а не паспеў азірнуцца, і ўжо суха… Але ж пачакай,— раптам узрадаваўся ён.— Мо ў цябе што-небудзь на продаж знойдзецца?

— Адкуль,— сумна засмяяўся Ігнат.— Як і ў кожнага халасцяка: пара касцюмаў, світэр, паліто, плашч, туфлі… Інтэрнацкі гардэроб.