Выбрать главу

— Во скнара,— прысвіснуў Ціхан.— Два разы хадзіў у мора і не атаварыўся. Дзівак чалавек. Не п’еш, не гуляеш, а жывеш як першабытны: агонь разводзіш, што відаць здалёку, ды адусюль скразняк.

Тлумачыць, што купіў дамоў мэблю і трэба пагрузіць яе на судна, Ігнату не хацелася, бо тое, што ён зрабіў, і самому цяпер здавалася глупствам. Неяк выпадкова Ігнат зайшоў у мэблевы магазін — так, не было чаго рабіць,— і якраз прадавалі гарнітуры. Можа, гэтая падзея і не кранула б яго, калі б на гарнітуры не наляцелі як мухі на мёд пакупнікі.

Ігнат і сам добра не разумеў, што з ім у гэты момант здарылася, але ж чамусьці захацелася шыкануць: паказаць маці, што ён ужо самастойны чалавек, дастаткова зарабіў у моры і можа рабіць дарагія падарункі.

«Грошы,— кіруючы ў ашчадную касу, супакойваў ён сам сябе,— справа нажыўная. А маці ў мяне адна,— успомніліся бацькавы словы.— Хоць на старасці парадуецца…»

Усяго гэтага Ігнат не мог растлумачыць Ціхану, хоць яго і пакрыўдзіў несправядлівы папрок у скнарстве.

— А касцюмы хоць імпартныя? — спытаў Ціхан. Мабыць, ён не мог паверыць, што Ігнат не прыкідваецца.

— Імпартныя. Адзін на таўкучцы нагледзеў у нейкага біча. Раз усяго і надзеў.

— Ідэя. Мой тэхнолаг скардзіўся, што не можа прыстойна адзецца, дык я прывяду яго. А начальству трэба дагаджаць, бо хто ведае, якім бокам жыццё павернецца да цябе заўтра. Чакай нас а палове пятай на лаўцы каля ўвахода ў цэнтральны парк. Ведаеш дзе?

У прызначаны час Ігнат увайшоў у парк. Ціхан з тэхнолагам былі ўжо на месцы. Сядзелі на лаўцы і, аб нечым перагаворваючыся, пазіралі ў бок аркі. Ігнат адчуваў сябе няёмка, і, калі тэхнолаг, нібы ў сваю ўласную, палез у сумку, у якой ляжаў касцюм, ён адчуў, як прыкра заныла ў грудзях.

Касцюм і сапраўды быў шыкоўны: зеленаваты з нейкім ледзь заўважным барвовым адлівам, трошкі завужаны ў таліі, з кішэнямі, адстрочанымі белымі ніткамі. Ігнат бярог яго на адпачынак. I вось неспадзявана прыйшлося прадаваць. Ён шчыра ўзрадаваўся, калі ўбачыў, што пінжак караткаваты ў руках. Нават пакпіў з тэхнолага:

— Гэта не гарнастай з царскага пляча…

— Не шанцуе, куды ні кінь,— гледзячы на этыкетку бельгійскай фірмы, уздыхнуў тэхнолаг.— Хоць ты матросам на траўлер уладкоўвайся, каб нешта купіць…

Ігнат загарнуў касцюм у газету і ўжо меўся пакласці яго зноў у сумку, як падышоў мужчына.

— Купілі ці прадаяце?

Мужчына хоць і быў худзейшы за Ігната, але аднаго прыблізна з ім росту. Гэта адразу ацаніў Ціхан. Ён таропка выхапіў з Ігнатавых рук скрутак.

— Бельгія. Апошні крык моды! Не пашкадуеце. Гэта вам знаўца гаворыць. Вось бачыце, як чалавек расстроіўся, што яму не падышоў касцюм,— пакаэаў на тэхнолага Ціхан.— Аж слёаы ў бедалагі выступілі.

Мужчына доўга мацаў матэрыял, камечыў яго, як недаверлівая пакупніца, потым наглядэеў па этыкетку.

— А чый касцюм?

— Мой,— адказаў Ігнат.

— Трэба прымераць. Зойдзем да мяне. Я непадалёку адсюль жыву, на плошчы.

— Нікуды я не пайду,— заўпарціўся Ігнат.— Калі ёсць ахвота, дык прымервайце на людзях…

Яму карцела схапіць гэты касцюм і бегчы куды глядзяць вочы. Ціхан, мабыць, зразумеў яго стан, бо рашуча ўзяў ініцыятыву ў свае рукі.

— Не звяртайце ўвагі, дарагі таварыш, на выбрыкі. Перажывае ўласнік. Для яго прадаць гэты касцюм тое ж самае, што селяніну звесці з дому апошнюю карову,— пажартаваў ён.

Ціхан у пакупніка не забавіўся. Яшчэ здалёку расцвіў радаснай усмешкай.

— Трымай,— падаў ён грошы.— Роўна дзвесце рублёў, як у банку. I нават чаявых не патрабую. Слухай, а навошта табе гэтыя грошы?

— Куплю карову,— ашчэрыўся Ігнат.

Мінуў час, і ён ужо забыўся на таго настойлівага пакупніка, і вось цяпер мужчына сядзеў у кабінеце начальніка вучылішча і здзекліва пазіраў на Ігната.

Ігнат не мог узяць у галаву, што менавіта абурыла гэтага мужчыну, бо ніводнай лішняй капейкі за касцюм ён не ўзяў: прадаў за тыя грошы, за якія і сам купіў. Але нічога не спытаў — проста не мог спытаць,— толькі апусціў долу вочы. Яму было сорамна і няёмка, як яшчэ ніколі ў жыцці не было, перад сівым былым капітанам.

— Цяпер да справы,— неяк задаволена сказаў мужчына.— Прачытайце даведачку экспертызы, якую мне далі таваразнаўцы ў магазіне. Ніякі гэта не імпартны касцюм. Проста прышылі этыкетку. I цана яму менш за сто рублёў… Вось паглядзіце, паглядзіце…— заспяшаўся ён.— Тут усё дакументальна, як укажуць, пацверджана.

Начальнік з разгубленай засяроджапаецю пакруціў у вузлаватых пальцах паперку.

— Так…— выдыхнуў ён, і Ігнат не зразумеў, што гэтым хацеў сказаць начальнік.