— Канечне, не ў грошах справа,— загаварыў мужчына,— хоць і без іх любому чалавеку не абысціся. Але ж мяне хвалюе іншы аспект гэтай, мушу сказаць, непрыгожай гісторыі. Так сказаць, яе маральны бок. Дарэчы, я таксама выхавацель. Выкладаю ўрокі працы непадалёку ў школе. Таму мне неабыякава, кім вырасце гэты малады чалавек.
— Кажаце, выхавацель? — нібы здзівіўся начальнік вучылішча.— Прабачце, але неяк не пазнаў у вас калегу. Яшчэ раз прабачце…— Ён нечакана жорстка спытаў: — А касцюм, відаць, падабаўся, калі вы літаральна на вуліцы паклалі за яго добрую суму. Уяўляю вашу разгубленасць. Далібог, уяўляю… Гэта ж трэба,— ужо не стрымліваючыся, начальнік вучылішча са смакам зарагатаў.— Пайсці ў магазін і ўбачыць айчыннае блізнятка свайго імпартнага касцюма. Ну і жартаўнік ты, Ігнат, хай табе век смяяцца… Удружыў на старасці гадоў.— Ён падняўся з крэсла, сказаў мужчыну: — Можаце быць упэўнены, курсант атрымае па заслугах. Дзякую за інфармацыю.
— 3 табой, Соблік, усё зразумела. Ніякіх апраўданняў не прымаю…— Начальнік вучылішча ўзбуджана ляпнуў далоняй па стале.— Ніякіх! Сам факт не магу дараваць. I будзе яшчэ горш, калі гэты факт ты калі-небудзь даруеш сам сабе. Зможаш зразумець. што здарылася, значыцца, гэта стане толькі эпізодам у тваім жыцці і нялёгкім напамінкам. Гонар марака і купля-продаж. Дык пазычыў бы ў мяне гэтыя грошы, калі ўжо так прыціснула. А так не хачу, не разумею….
Ігнату здалося, што пад нагамі захісталася падлога, а ў вачах заскакалі пунсовыя сняжынкі. Няўжо гэты сівы добры чалавек не разумее яго?
— Дык што? Выходзіць, я злодзей, калі мяне падманулі на таўкучцы? — Ён з выклікам паглядзеў начальніку вучылішча ў вочы.— Не пра сябе думаў, калі прадаваў касцюм. Ды і не з чужога пляча, а свой…
— А мяне мала зараз цікавіць, чужы ці свой,— перапыніў яго начальнік вучылішча.— Я некалі ў адных штанах хадзіў — і, як бачыш, не памёр. Мы выхоўваем маракоў, якім праз нейкі час прадстаўляць за мяжой нашу краіну, а не гандляроў. Але ж у цябе ёсць яшчэ шанц: расказаць усё шчыра таварышам. Вось ім і раскажы, каб зразумелі цябе. А цяпер ідзі на заняткі…
Нешта абарвалася ў грудзях Ігната. Стала невыносна балюча і адзінока. Не хацелася нікога бачыць. I, можа, каб на камсамольскім сходзе адразу не задалі пытанне: «Раскажы, Соблік, як ты дайшоў да такога жыцця» — усё абышлося б. Але гэта пытанне задалі — трафарэтнае, завучанае пытанне,— і Ігнат не вытрымаў, крыкнуў у залу: «Ёсць маракі, што з-за мяжы прывозяць імпартныя рэчы, а ім нічога…»
Гэтая недарэчная фраза, якую ён выгукнуў у роспачы, ад крыўды, вырашыла ягоны лёс…
Усе непрыемнасці спляліся ў тугі флоцкі вузел, які, здавалася, не было ні магчымасці, ні сіл развязаць.
Ігнат спадзяваўся, што гэтае адчуванне бездапаможнасці міне, калі ўбачыць Дзяніса Пятровіча, але тут, у пакоі, яно яшчэ больш абвастрылася…
За акном незаўважана сцямнела, праз шэрую смугу выбіваліся жоўтыя талеркі ліхтароў. Нібы сланечнікі. Яны паступова растайвалі ўдалечыні, там, дзе, здавалася, цяжкое неба сыходзілася з горадам.
Дзяніс Пятровіч запаліў святло.
— Пагаварыць трэба, штурман,— не вытрымаў Ігнат.— Тэрмінова.
— Ну, калі тэрмінова, дык расказвай.
— Не тут. Хадзем на кухню,— папрасіў Ігнат. Ён не мог гаварыць пры гэтых незнаёмых хлопцах.
Ігнат прымасціўся на табурэце, абхапіў галаву рукамі. Штурман сеў насупраць.
— Ты чаго? — спытаў ён.
— Чакай трохі,— адгукнуўся Ігнат і папрасіў: — Толькі не перапыняй.
Час быццам спыніўся. Усё, што перанёс, перапакутаваў Ігнат за апошнія дні, спрасавалася ў адно імгненне, падкочвалася пад сэрца вострымі каменьчыкамі, ціснула на плечы, гнула да зямлі. Але думкі выстройваліся роўным ланцужком, нібы хто іншы гаварыў за Ігната. Калі ўспомніў пра сустрэчу ў машыне з Вольгай, твар яго балюча перасмыкнуўся, і ён ледзь стрымаў сябе, каб не заплакаць.
— Вось гэта фокус-мокус,— калі змоўк Ігнат, прысвіснуў штурман.— Шчырасць за шчырасць: пра мора пакуль што не думай. Дарэмна ты свой гонар пільнаваў, як баба торбу. Знайшоў дзе паказваць характар. Але ж за гэта асуджаць цябе не магу, бо не быў на тваім месцы. А вось за тое, што сяброў у цябе сапраўдных няма, асуджаю. Без сяброў ты — што яхта без ветразяў. А цяпер куды ні кінь, усюды клін. Што табе параіць? Ідзі пакуль у брыгаду да Анатоля. Заробіш характарыстыку, а там будзем думаць. I сур’ёзна думаць, бо такіх. хлопцаў, як ты, на паўдарозе з карабля не высаджваюць…
Тое, што Дзяніс Пятровіч не прыкідваўся добранькім, не абурыла Ігната. На іншае ён і не разлічваў. Штурман абнадзеіў, і трэба было сціснуць зубы.