— Ну дык дамовіліся?
Гэта быў прысуд. Яшчэ нядаўна Ігнат амаль з дзіцячай пагардай глядзеў на грузчыкаў, а цяпер іншага выйсця не было.
— Чаго ты маўчыш, бы акула ў трале? — спытаў штурман.— Думаеш, прысніўся страшны сон? На жаль, як гавораць, гэта суровая ява.
На кухню зазірнуў Ігар.
— Хопіць, штурман, травіць баланду. Заўтра табе ў мора, а мы яшчэ і пагаварыць не паспелі.
— Іду,— падняўся Дзяніс Пятровіч і, калі тралмайстар знік, пацікавіўся: — Адважыўся?
— Я падумаю,— гэта азваўся Ігнат.— У адну хвіліну такая справа не вырашаецца.
Трохі счакаўшы, Ігнат выскачыў у калідор, таропка апрануў куртку. Нават не здзівіўся, што Дзяніс Пятровіч не выйшаў яго праводзіць. Толькі калі ўскочыў у аўтобус, раптам адчуў: некалькі хвілін таму назад абарвалася апошняе, што яго звязвала з морам.
Ён палез у кішэню курткі і нечакана намацаў штосьці цвёрдае. Гэта быў авіяканверт з невялікім каляровым малюнкам на экзатычную паўднёвую тэму: на жоўты пясок пляжа, за якім віднелася зялёная пальма, набягала сіняя хвалька. Ігнат ніколі не бачыў авіяканвертаў з малюнкамі, але ўсхвалявала яго іншае: адкуль ён мог апынуцца ў кішэні?
Ігнат разарваў канверт, і на далонь ляглі дзве соценныя паперкі і таропка напісаная запіска: «Толькі паспрабуй вярнуцца з гэтымі грашыма на мае вочы. Адкручу галаву, нібы дурному пеўню. Думаю, на першы час табе хопіць, каб наняць дзесьці пакойчык і пражыць да першай зарплаты. Жадаю ўдачы. Дзяніс».
Раздзел адзінаццаты
Льды саступалі дарогу каравану. Спачатку неахвотна, злосна скуголячы за бартамі, яны праз нейкі час сталі падатлівымі, мяккімі, бы вата.
На пяты ці шосты дзень караблі выйшлі на чыстую ваду.
Здавалася, што караблі, як і людзі, уздыхнулі з палёгкай, весялей пабеглі на захад, дзе іх ужо даўно чакалі вялікія і шумныя гарады. Пажвавелі матросы, палагаднела начальства. Ужо не так часта разносіліся на суднах званы аварыйных трывог, якія прымушалі сціскацца сэрца ад невядомасці. Хутка павінны былі адмяніць лядовыя вахты.
Супярэчлівыя пачуцці агарнулі Забалотнага. Ён быў задаволены, што «Хуткі» лёг нарэшце на курс, а не трымаецца за ледаколамі, як дзіця за матчыну спадніцу, хвалявала і недалёкая сустрэча з паўзабытымі, але дарагімі сэрцу мясцінамі, дзе прыкіпела да яго вайна і дзе ён некалі сустрэў Алену.
Ахрэм стараўся і ніяк не мог уявіць сабе дом, у якім жыве Алена. «Дом пяць, кватэра сорак чатыры»,— паўтараў ён, але ўсё роўна перад вачыма ўсплывала маленькая нязграбная хатка з вялікім валуном каля ўвахода, дзе некалі яму далі пакойчык. Бадай, вось толькі гэтае неадступнае відовішча і звязвала зараз Ахрэма з мінулым. Ды яшчэ мора, якое, бы стомлены чалавек, дыхала туманам.
«А мора паўсюль аднолькавае…» — успомніліся яму словы з пісьма.
Не, для Ахрэма мора было розным. I калі ўзыходзіла ці заходзіла над ім сонца ці проста адпачывала над вадой, яму верзлася, што ён бачыць чырвоную кроў, як тады, на прастрэленых грудзях Міколы-музыканта.
«А чым мяне цяпер сустрэне тое мора і той бераг?» — падумаў Ахрэм.
У калідоры хтосьці загрукатаў ботамі. Ахрэм выглянуў з каюты. На яго ледзь не наляцеў Максім.
— Не спіш, Піліпыч? Хадзем у заапарк. Білетаў купляць не трэба.
— У які заапарк? — думаючы, што Хвалей зноў іранізуе, недаверліва спытаў Ахрэм.
Хвалей на імгненне запыніўся, потым махнуў рукой і, бы нейкая ракета, узляцеў на трап. Забалотны няўцямна паглядзеў яму ўслед і таксама падаўся на палубу. Там ужо сабралася багата матросаў.
— Што за матроскі кірмаш? — праціскаючыся праз натоўп, спытаў Ахрэм.
— Ды вось, вясёлая сямейка…
Непадалёку на невялікай ільдзіне цікавалі за выратавальнікам белая мядзведзіца і медзведзянё. Маці стаяла нерухома, а затое малое ўвесь час спрабавала адбегчы некуды ўбок, падскоквала, бы неразумны шчанюк, відаць, хацела выказаць сваю радасць. Навокал ружавела вада, на гарызонце плыло сіняё воблака льдоў, і гэтыя жывыя істоты, якія нібы вынырнулі з акіянскай пустэчы, сагравалі сэрцы.
Ільдзіна паступова аддалялася ад судна, нібы таяла ў вадзе. I вочы хлопцаў быццам гаслі, напаўняліся салодкім сумам, які заўсёды ахоплівае на вакзале, калі ад перона адыходзіць поезд з блізкім табе чалавекам.
Матросы моўчкі праводзілі льдзіну з яе незвычайнымі пасажырамі, потым разам загаманілі. Падзівіліся, адкуль так блізка ад берага апынулася мядзведзіца з медзведзянём.
— Знайшлі праблему,— спыніў хлопцаў Хвалей.— Мяне іншае зацікавіла. Вось адкажы мнё,— ён паказаў пальцам на невысокага матроса, які выбег на палубу распранутым і, пэўна, таму кідаўся ў вочы,— чаму гэта мядзведзіца адзінокая? Бач, як ёй цяжка ўпраўляцца з малым? Трэба карміць і пільнаваць. Адчуваеш адказнасць?