Выбрать главу

— Няўжо ж не,— агрызнуўся матрос.— Пэўна, мядзведзя нехта забіў.

— Глупства гаворыш. Няма ў мядзведзяў у Арктыцы ворагаў. Хутчэй гэтыя белыя драпежнікі перанялі чалавечыя звычкі. Я так мяркую: змайстраваў гэты паўночны злыдзень дзіця і адразу даў дзёру да другой…

Хлопцы зарагаталі, хоць за рэйс і прывыклі ўжо да Максімавых жартаў.

«Цяжка вось без такіх, як Максім, у далёкай дарозе, у акіяне,— падумаў Забалотны.— Цяжка і сумна… Яны нібы бальзам да раны».

— Выскаляйцеся, галубкі, я пачакаю,— падахвоціў Максім.— Толькі на гэты раз можаце мне паверыць на слова. Маю вялікі асабісты вопыт. Мой бацька яшчэ толькі нядаўна кінуў плаціць на мяне аліменты. Ганарысты быў чалавек. I незвычайны. Гэта ж трэба: на ферме даільныя апараты ўстанаўліваў, а ў хаце нават цвіка не мог забіць. Вядома ж, куды да яго маці. Тая ў паляводчай брыгадзе спіну гнула…— Максім унурыў галаву, і ў яго перасмыкнуўся твар.— Відны быў мужык. Пад гальштукам… А да белага мядзведзя яму далёка, бо гэты чорт да ўсяго і аліментаў не заплоціць…

Забалотны падышоў да Хвалея.

— У цябе… праўда… бацька? — падбіраючы словы, каб незнарок не пакрыўдзіць хлопца, спытаў ён.

Максім зірнуў спадылба, і ў ягоных вачах не было ранішняй іроніі: толькі бясконцая журба.

— Ці ж гэтым жартуюць? — глуха азваўся ён і моўчкі падаўся на ніжнюю палубу.

Калі караван выйшаў на чыстую ваду, Забалотны злавіў сябе на думцы, што яму ўжо хочацца, каб гэты пераход працягваўся бясконца. Тады, калі «Хуткі», жалобна скрыгочучы корпусам, прабіваўся праз шчыльныя льды, яму здавалася, што ў гэтую белую пастку яны трапілі надоўга, і таму, як і кожнаму чалавеку, якому пагражае небяспека, Ахрэму карцела як мага хутчэй пазбавіцца ад яе. Цяпер жа, калі шчасліва размінуўся з рызыкай, Ахрэма палохала тая імклівасць, з якой «Хуткі» ішоў на захад.

Добра павандраваўшы па свеце, Забалотны разумеў, што яго сустрэне не той знаёмы прычал, да якога некалі даверліва туліліся азяблыя рыбалоўныя траўлеры. Даўно, відаць, знеслі маленькую скасабочаную хатку, дзе яны жылі з Аленай. Ад думкі, што той прыкіпелы да сэрца горад, адкуль пад бамбёжкай яны з Міколам-музыкантам выходзілі на катэры ў мора штурмаваць апошні безыменны астравок, што горад, у якім людзі, паспытаўшы ўдосталь пакуты і болю, як малыя дзеці, радаваліся кожнаму новаму саджанцу, кожнаму ўцалеламу бараку, стаў падобны на сотні іншых гарадоў, якіх не кранула вайна, шчымела сэрца. Ахрэму здавалася, што горад ягонага юнацтва здрадзіў яму, як некалі здрадзіла і Алена.

Але ж да Мурманска было яшчэ няблізка. Наперадзе чакаў порт Дзвінск — арктычныя вароты на захад і ўсход,— і Ахрэм вырашыў, пакуль ёсць вольны час, даведацца пра лядовую абстаноўку на маршруце.

Максім, падклаўшы пад галаву рукі, ляжаў на засланым ложку. Ён не паднімаў накрыўку ілюмінатара; у каюце было змрочна. Максімаў твар, здавалася, яшчэ больш схуднеў, нібы выцягнуўся, толькі чарнелі вусікі.

— Засумаваў? — спытаў Ахрэм.

— Ды вось ляжу і разважаю,— паварухнуўся Максім.— Чаму няроўна дзеліць бог? Ты толькі падумай, Піліпыч,— у ягоным голасе чуліся даверлівыя ноткі,— быў у мяне некалі сябрук, а мо і не сябрук — проста знаёмы. У вёсны, сам ведаеш, і хочаш абмінуць чалавека, ды не можаш. Хлопца таго Лёхам звалі. Ужо да чаго даходзіў: людзі ў поле, а ён да іх у хату. Але, як кажуць, не злавілі, дык не злодзей. А бацька ягоны быў чалавек. Аграномам у калгасе працаваў. Кожны каласок, кожнае зярнятка лічыў за жывую істоту. Неяк вяртаўся я ў вёску, якраз цераз поле. Гляджу, стаіць сярод жыта аграном у сваіх вялікіх акулярах і нешта гундосіць. Падышоў я бліжэй і чую, як ён з гэтым самым жытам размаўляе: «Ну што, мае сардэчныя, чакаеце дожджыку? От мае гаротныя, от мае пасохлыя… Ці не напаіў бы вас, каб я мог? Пачакайце шчэ трошкі. Будзе вам цёпленькі дожджык. Удосталь нап'яцеся». А на небе ніводнага воблачка, быццам нехта расцягнуў блакітную прасціну. Тады я ціхенька адбег убок і, калі аграном мяне ўжо не мог пачуць, рагатаў да слёз: гэта ж трэба з глузду з’ехаць, каб з полем, як з каханай, размаўляць. А цяпер на мой розум, — уздыхнуў Максім,— дык перад такім чалавекам на калені трэба падаць, бы перад іконай. Таму што сэрца ў яго шчодрае. А Лёха не разумеў яго, саромеўся. Можа, ад гэтага свайго дурнога сораму і не патой сцежцы пайшоў. Пісалі мне, што асудзілі яго. Вось які кіслы вінаград. Але ж я пра сябе. Горка, што вось у Лёхі, гэтага злодзея і прахіндзея, такі добры бацька, а ў мяне...— Мавсім устаў з локця, балюча прыкусіў губу.— Можа, я і пайшоў на флот, каб потым з гэтым аграномам на роўных пагаварыць. Можа, таму і добрае слова патрэбна, бо многа навокал чэрствасці...