Выбрать главу

Ёй чамусьці захацелася выяўляць Ахрэмавы недахопы. Але раптам у цьмяным святле залы быццам усплыў стомлены мужаў твар, ягоная трохі вінаватая ўсмешка, пачуўся прастуджаны голас: «Ну вось я і дома, старая…» — і Алене Канстанцінаўне стала сорамна за свае думкі.

— Пагаварылі трохі, пасядзелі, дык і час дадому,— устаючы з крэсла, сказала яна.

— Тады дазвольце праводзіць,— папрасіў Валянцін.— Мне тут аднаму таксама млосна.

— Не трэба,— вырашыўшы быць непрыступнай, адказала Алена Канстанцінаўна.— Дарога дахаты недалёкая.

Валянцін пакорліва зноў сеў за столік. На ягоным хударлявым твары адбіліся цені.

— Хачу, каб усе жанчыны былі падобнымі на вас, Алена. Тады, мабыць, і мы будзем шчаслівейшымі…

«Будзем шчаслівейшымі…» — горка ўздыхнула Алена Канстанцінаўна. Яна ўключыла таршэр, і зеленаватае святло напоўніла пакой. Мілагучны стук гадзінніка на сцяне насцярожыў. Верзлася, што ў кватэры ёсць яшчэ хоць і нежывая, але разумная істота.

Алена Канстанцінаўна, нібы гэта было толькі ўчора, яскрава ўспомніла, як вярнулася тады з клуба, як блыталіся ў галаве думкі і аднекуль здалёку даносіўся голас Валянціна. Нібы клікаў у невядомае, скардзіўся на няўтульнае жыццё, і хацелася апрануць паліто, выбегчы на вуліцу, каб зноў акунуцца ў тую весялосць і тое яркае святло, дзе яна пакінула Валянціна.

«Дык што ж гэта такое? — роспачна вырвалася тады з яе грудзей.— Калі ўжо нарэшце вернецца Ахрэм? Ну, калі ласка, не бадзяйся доўга!..».

На наступны дзень — хоць Алена Канстанцінаўна раней гэтага ніколі не рабіла — яна зайшла ў дыспетчарскую порта даведацца, калі вернецца з промыслу нуль сто дваццаты, на якім апошнім часам лавіў рыбу Ахрэм. Дзяўчына-дыспетчар вельмі доўга шукала патрэбную картку, знайшоўшы, прыязна і па-змоўніцку ўсміхнулася:

— Хутка ўжо. Праз месяц. А вы, мабыць, нядаўна выйшлі замуж?

— Так, нядаўна,— абыякава адгукнулася Алена Канстанцінаўна, а калі выйшла з дыспетчарскай, сказала ўголас: «Знайшла, дурніца, хутка…».

Дадому яна вярталася па дарозе, якая ішла ўздоўж берага мора. Над ім клубіўся цёплы туман, і здавалася, што паміж сопак плывуць кучаравыя воблакі. Яна думала пра гэтае загадкавае мора, быццам пра жывога кепскага чалавека, які абрабаваў яе, прымусіў чакаць і пакутаваць.

Незаўважна Алена Канстанцінаўна дайшла да сваёй хаты. Адчыніўшы дзверы, яна ўжо мелася ўвайсці ў калідор, як пачула за спіной парыпванне снегу і здзівілася: хто гэта мог быць, бо хата стаяла наводшыбе. Павярнуўшыся, Алена Канстанцінаўна аж уздрыганула ад нечаканасці: да яе бег Валянцін. У скураным паліто, якія ўжо на самым канцы вайны завозілі амерыканскія матросы, ён быццам вынырнуў са снежнай халоднай ночы. I хоць колькі часу таму назад яна жадала гэтай сустрэчы, цяпер яе абразіла Валянцінава настойлівасць. Ёй карцела, бы вавёрцы, схавацца ў сваім пакойчыку.

— Ледзь вас не правароніў,— замест таго каб павітацца, выгукнуў Валянцін.

Алена Канстанцінаўна прамаўчала, ліхаманкава шукала выйсце з гэтага небяспечнага становішча. Валянцін прыйшоў знянацку, і яна разгубілася.

— А я да вас прасіць прабачэння за наіўную шчырасць,— сказаў ён.— I для мяне тое здарылася непрадбачана. Вясёленькая справа… Так што не крыўдуйце на мяне. Але ж сэрцу не забароніш…

Валянцін гаварыў усё цішэй і цішэй, і ягоны голас зачароўваў, нібы гіпнатызаваў Алену Канстанцінаўну. Вакол стаяла крохкая цішыня, і гэтая сустрэча здавалася нерэальнай, як выдуманая. Яна ўжо амаль не чула, пра што гаворыць ёй Валянцін. Толькі адчувала востры неспакой. Яна баялася, што зараз Валянцін напросіцца ў госці, а ў яе не хопіць рашучасці адмовіць яму. Але Валянцін стаяў нерухома, толькі нецярпліва гарэлі глыбокія вочы.

— Дык я ўжо і забыла,— каб не маўчаць, бо гэтае зацятае маўчанне палохала яе больш, чым усялякія словы, сказала Алена Канстанцінаўна.

— Вось як…— Валянцін запыніўся на паўслове. Потым загаварыў амаль раўнадушна.— Тады, значыцца, згода. А паколькі я вінаваты, дазвольце запрасіць у тэатр. Паказваюць «Гібель эскадры». Не бачылі?

Алена Канстанцінаўна адмоўна пакруціла галавой. Ёй зноў стала няёмка, што апошні раз яна хадзіла ў тэатр, калі яшчэ вучылася ў школе.

— Тады ў шэсць гадзін,— узрадаваўся Валянцін.

— Нават і не ведаю…