— Вось і ў мяне тут нікога не засталося,— уздыхнула Васіліна.— Толькі хата. А муж мой там…— Яна паказала рукой у бок акіяна.— На промысел хадзіў. Там і застаўся… Іншыя ўдовы хоць на магілу могуць прыйсці, а мне дык і гэтага бог не даў…
Здавалася, што Васіліна размаўляе сама з сабой. Размаўляе, пэўна, не першы год. Гэтае чужое гора кранула Ахрэмава сэрца.
— Мёртвыя і тыя робяць балюча… А што гаварыць пра жывых?..— азваўся ён.
Прыгадаўся маленькі пакойчык, у якім яны некалі жылі з Аленай. Заплаканыя жончыны вочы. «Нялюбы ты мне стаў. Няўжо не бачыш?»
Многа гадоў мінула з таго часу, але і ў моры, і беразе Ахрэма не пакідалі думкі пра Алену. Іншым разам ён адчуваў сябе вінаватым: за работай не разумеў жончыных клопатаў. 3 другога боку ўзнімалася крыўда: ці ж не для таго ён марнеў на рыбалоўных траўлерах, каб Алена жыла заможна? Цяжкім каменем ціснула на сэрца і тое, што ў іх не было дзіцяці. Сябры незласліва пасмейваліся, жартавалі, што ён баіцца сапсаваць жончыну фігуру, а Ахрэм толькі адмахваўся: «Нічога, браточкі, яшчэ колькі рэйсаў зраблю, збяру які-ніякі капітал, і завядзём мы дзетачак на ўсю боцманскую каманду…» Каб ён ведаў тады, якім бокам павернецца да яго гэтая мужчынская бестурботнасць.
Калі яны разышліся з Аленай, ён адразу падаўся далей ад дому — з Мурманска аж на Курылы. Доўгі час не ведаў нічога пра сваю былую жонку і толькі неяк гадоў праз пяць ці шэсць сустрэў знаёмага матарыста, з якім некалі разам плаваў. За чаркай успомнілі сяброў, сумесныя рэйсы, а потым той з п’янаватай шчырасцю сказаў: «Во, што яшчэ… Бачыў тваю Алену. Зух-баба: не паспеў ты з’ехаць, як яна выскачыла за музыканціка. Дачка ў іх нарадзілася. Калі не памыляюся, назвалі Вольгай…» .
Адчуваючы, як па-здрадніцку задрыжалі рукі, Ахрэм таропка засунуў іх у кішэні, прыхінуўся спіной да сцяны.
— Даруй, калі чым устрывожыла,— як вінаватая, сказала Васіліна.— А будзе час, заходзь. Я тутака непадалёку жыву. Кожны пакажа, дзе жыве Васіліна Соблік…
Ноч зноў прыціснула клопатамі. Вецер з берага толькі абнадзеіў, нібы паздзекаваўся. Як нечакана наляцеў, так незаўважна і сціх. Затое пачалі дрэйфаваць лядовыя палі.
Ахрэм ужо драмаў, калі яго выклікалі на хадавы мосцік. Уставаць не хацелася. Ламала цела, і балела галава, быццам прычапілася нейкая хвароба.
«Памерці спакойна не дадуць,— апранаючыся, думаў Ахрэм.— Здавалася, ужо неяк уладкаваўся ў жыцці, перахварэў мінулым, і на табе: зноў перакруціла-панесла няведама куды…»
Ён ужо меўся выходзіць з каюты, калі ўспомніў, што забыў цыгарэты. Выцягнуў са століка шуфлядку. У кутку ляжаў белы квадрацік — пісьмо ад Алены. «Калі можаш, прашу, вяртайся…» — адразу кінулася ў вочы.
Хоць і быў позні час, на мосціку хапала начальства. Капітан «Хуткага» Бокач — сярэдняга росту, шыракаплечы, з ранняй лысінай мужчына — павітаўся з Ахрэмам.
— Вось што, боцман. I ў бухце льды да нас дабраліся. Таму трымай у гатоўнасці падрыўную каманду. Хоць ледаколы і недалёка, але ж ніхто не ведае, што будзе далей…
— А сіноптыкі?
Бокач пабарабаніў пальцамі па шкле ілюмінатара.
— Южака́ чакаць не прыходзіцца… Эх, наша мужыцкая неарганізаванасць. Колькі часу дарэмна прастаялі ў порце пад пагрузкай. Цяпер вось таросы за горла хапаюць…
Пра таросы можна было і не напамінаць, бо Ахрэм чуў, як жаласліва скуголіць корпус выратавальніка і ўздрыгвае ад яшчэ нямоцных штуршкоў.
Раздзел другі
Тэлеграму прынеслі ўвечары. Алена Канстанцінаўна толькі вярнулася з работы, як у дзверы пазванілі. Яна падумала, што гэта зноў нехта да Вольгі і таму не вельмі ахвотна адчыніла дзверы. На парозе стаяла паштальёнка. I хоць не часта яна заходзіла, Алена Канстанцінаўна паштальёнку ведала, бо жыла тая ў суседнім доме.
— А я з радасцю да цябе, кабета,— яшчэ з лесвічнай пляцоўкі выгукнула яна.— Вяртаецца твой бадзяга. Бач, адумаўся на старасці, лысы чорт. Вось так швэндаюцца па свеце, пакуль хвароба ці яшчэ якая трасца не прычэпіцца, а тады зноў па жончыны лекі…
Алена Канстанцінаўна памкнулася спыніць паштальёнку, сказаць, што Ахрэм не вінаваты, але ж у час спахапілася: «Што гэта я? Сама, калі пераехала на новую кватэру, гаварыла, што Ахрэм кінуў мяне. Божа, якое глупства. Навошта?»
Ад хвалявання яна ніяк не магла разабраць тэкст: «Иду скорым Ахрем».
«Божа мой,— успыхнула яна,— дык гэта ён, мабыць, прыязджае поездам».