«Божа, навошта я тады пайшла ў тэатр? — жахнулася цяпер Алена Канстанцінаўна.— А што я тады разумела? Ды і Валянцін, пэўна, не выдумваў, калі гаварыў пра сваё пачуццё. А ўсё аказалася такім нікчэмным: і голас, і вочы, усё-ўсё…»
Яна адарвалася ад сваіх думак толькі тады, калі пачула, як у калідоры бразнулі дзверы. 3 работы вярнулася Вольга. Алена Канстанцінаўна падбегла да люстэрка, паправіла прычоску. Размова з дачкой чакалася нялёгкая. Яшчэ раніцай, калі Алена Канстанцінаўна адбіла тэлеграму Ахрэму, яна спалохалася: цяпер не вернеш.
Калі Вольга ўвайшла ў залу, Алена Канстанцінаўна зноў сядзрла на тахце, гартала часопіс. Зрабіўшы выгляд, што яна не чула, калі прыйшла дачка, адклала ўбок часопіс, запытальна ўзняла на дачку вочы.
— А я ненадоўга,— папярэдзіла Вольга.— Толькі пераапрануся. Вячэраць ужо буду потым.
Яна прайшла ў спальню, а калі праз нейкі час вярнулася, была ўжо ў бэзавым касцюме, у якім некалі ішла на канцэрт, і гэта нечакана скіравала думкі Алены Канстанцінаўны да Ігната.
Тады ў холе клуба маракоў яна не памылілася, калі вырашыла, што дзесьці ўжо бачыла Ігната. Гэта адбылося ў мэблевым магазіне. Яна прыйшла, каб паглядзець, ці ёсць у продажы кухонныя столікі. Якраз давалі гарнітуры. Народу ў магазіне было багата, але амаль адны жанчыны. I, мабыць, таму яна адразу вылучыла з натоўпу высокага хлопца. Той рабіў захады да маладзенькай прадаўшчыцы. Потым ужо Алена Канстанцінаўна здагадалася, што гэта было не звычайнае заляцанне, а чыста дзелавы інтарэс, бо ўбачыла, як без чаргі гэтаму высокаму хлопцу выпісалі чэк. Тады яна не абурылася і ні пра што не падумала, аднак ёй цяпер стала ніякавата ад гэтага мімалётнага ўспаміну: каму Ігнат мог купляць мэблю? Мо жонцы?
Яна падышла да Вольгі, якая стаяла каля люстэрка ўжо ў белай вязанай шапачцы і ў паліто. Твар у дачкі быў засяроджаны, як скамянелы.
— Ну, я пайшла,— сказала Вольга.— Не хвалюйся, доўга не затрымаюся.
— Пачакай хвіліначку,—вырвалася ў Алены Канстанцінаўны,— прысядзем.
Вольга моўчкі вярнулася ў залу, села ў крэсла, па-жаночаму сашчапіўшы рукі.
— А пра што пойдзе гамонка? Калі пра Ігната, дык нічога новага няма.
— Не ведаю, як табе лепей растлумачыць, але хутка павінен вярнуцца Ахрэм…
— Што? — у Вольгі сталі круглымі вочы.— I ты яго прымеш? Чалавека, праз якога і ты, і я пакутавалі? Ты разумееш, пра што гаворыш?
— Мо ён і не такі ўжо вінаваты? — ледзь не ўсхліпнула Алена Канстанцінаўна.
— А хто вінаваты? Можа, скажаш, я, што засталася без бацькі? Што нейкі таўстун Пашка мог тыцкаць мне ў вочы?
«Вось яна, расплата за колішнюю бяздумнасць, а потым за хлусню, шчырае жаданне абараніць і сябе, і дачку,— з пякучай горыччу падумала Алена Канстанцінаўна.— Але ж нічога ў жыцці не праходзіць бясследна. Чаму я тады гэтага не разумела? Думала, на ўсё можна забыцца, раз абарвалася апошняя нітачка, што яшчэ звязвала з Валянцінам…»
Усё, што набалела, накіпела на сэрцы — і адчай, і надзея, крыўда на сябе і на людзей, на іхнюю чэрствасць і разам з тым жаданне хоць на схіле гадоў неяк выправіць жыццё,— вылілася ў сутаргавы надрыўны плач.
Яна трохі сцішылася, але, калі Вольга абняла яе, паклала на плячо галаву, Алена Канстанцінаўна раптам заплакала яшчэ больш горка і няўтрымна.
— Ну супакойся, матулечка. Усё будзе добра. Не трэба…— Вольга ціхенька гладзіла яе плечы і гаварыла нязвыкла мякка, зусім як у дзяцінстве, калі смешна выцягвала вусны-банцікі.— Думаеш, мне зараз салодка? Вось Ігната выключылі з мараходкі. Не ведаю, што і рабіць…
Гэтае нечаканае балючае прызнанне неяк зблізіла іх. Абняўшыся, яны сядзелі на тахце кожная са сваім горам, са сваімі клопатамі і перажываннямі, быццам не маці і дачка, а дзве даўнія сяброўкі, якія наспыталі шмат гаротнага ў жыцці і маглі, не баючыся плётак, даверыцца адна адной.
Вольга адхінулася ад маці, і Алена Канстанцінаўна ўбачыла на яе вялікіх шэрых вачах горкія слёзы. Маленькія і бліскучыя, як расінкі.
— 3 Ігнатам у цябе сур’ёзна? — трывожна спытала Алена Канстанцінаўна.
— Вельмі, мама, сур’ёзна…
Ігнату пашанцавала. Пасля некалькіх няўдалых спроб знайсці кватэру ён неяк трапіў на ціхую непрыкметную вулачку з дужа не марской назвай — Чунная. На гэтай вулачцы, атуленай з аднаго боку выцвілым будынкам таварыства сляпых, а з другога — вострымі рэбрамі скалы, дамоў стаяла няшмат.
Прайшоўшы вулачкай з канца ў канец, Ігнат у нерашучасці спыніўся каля брамкі, на якой значыўся нумар «11». У глыбіні двара стаяла даўно ўжо не фарбаваная хатка.
Брамка была не зачынена. Па вузкай сцежцы Ігнат дайшоў да ганка. Пашукаў на дзвярах званок. Не знайшоў і пасміхнуўся: як хутка яго сапсаваў вялікі горад.