Выбрать главу

Нарэшце за дзвярыма пачуўся ледзь чутны шоргат, потым загрукатала: пэўна, нехта зачапіў вядро. Гаспадар аказаўся невялічкага росту дзядком, з сівымі валасамі і вострай казлінай бародкай. На ягоных плячах, як на вешалцы, вісела доўгае старое паліто з пушыстым каўняром, на нагах — валёнкі.

— Да мяне?— падазрона спытаў дзядок.

— Да добрых людзей,— нявесела пажартаваў Ігнат.

Прабурчаўшы нешта незразумелае, даядок усё ж такі запрасіў у хату.

— Чым магу служыць?

— Шукаю, дзе можна на нейкі час прытуліцца. У цэнтры цяжка ўладкавацца на кватэру. Ды я і не вельмі туды імкнуся. А ў вас добра: такая ціхая вулачка. Вось і зайшоў наўдачу: мо і пашанцуе.

— Ціхая, гаворыш? — дзядок нібы не пачуў апошніх слоў.— Будзе яна табе ціхая, калі суседскі хлопец з мора вернецца. Во вахлак!.. У мінулы раз глядзі што адмачыў: выпацкаў мне брамку дзёгцем. Як дзяўчыне нейкай…— Ён раптам склаў сухенькія кулачкі.— Ты наконт бойкі мацак? Калі што, зможаш абараніць ветэрана флоту?

— Не ведаю, бо не спрабаваў,— паціснуў плячыма Ігнат.

— А дакуменцік у цябе які-небудзь ёсць?

— Куды ж чалавеку без паперкі? — Ігнат неахвотна падаў дакумент.

3 дзедавага твару адразу апаў дурнаваты выгляд. Ён уважліва перагарнуў старонкі, вярнуў пашпарт.

— Значыцца, Ігнат Сяргеевіч Соблік. Ясна. Ёсць. Дваццаці гадоў. Халасты. Працуем у тралавым порце. А кім, калі не сакрэт?

— Грузчыкам,— выціснуў з сябе Ігнат.

— Так. I гэта ясна. Амаль калегі. Будзем знаёмы. Былы сігнальшчык гандлёвага флоту Цыбатуха, а па бацьку проста Захаравіч. Вось на старасці гадоў кінуў якар у апошняй бухце.

У пакоі, куды яны ўвайшлі, стаяў круглы стол, вакол яго некалькі крэслаў; да сцен прыткнуліся старамодны дубовы сервант і тахта.

— Не зыркай на чужое,— засмяяўся дзядок,— гэта мая персанальная каюта. Раней у ёй дачка з мужам жыла. Дык перавялі яго ў Піцер. Далі двухпакаёўку. Угаворвалі мяне прадаць гэтую хаціну і ехаць да іх. Дудкі!.. Мужык ейны дужа інтэлігентны. Печку распаліць так і не навучыўся, а пра тое, каб накалоць дроў, нават і не чуў. Сухапутны салапет, хоць і інжынер. I што мая Клаўка знайшла ў ім, далібог, не вазьму ў галаву…

Праз некалькі дзён Ігнат купіў пасцельныя рэчы, развітаўся з хлопцамі з інтэрната і пераехаў на Чунную.

Захаравіч аказаўся надзіва негаваркім чалавекам. Працаваў ён вартаўніком на кансервавым камбінаце: тры дні сядзеў дома, тры дні дзяжурыў. Аднойчы, вярнуўшыся з работы, не вытрымаў, спытаў:

— Ты што гэта, хлопча, пасля змены дома сядзіш? Мо дзяўчыны няма, ці як?

— Была дзяўчына, а вось цяпер, выходзіць і няма…

Ігнат бяздумна гартаў старонкі падручніка, і ў яго было такое адчуванне, нібы яго пасадзілі ў падвал, куды не далятае ніводнага гуку. Захаравіч пайшоў на дзяжурства, і застылая цішыня закалыхвала.

Успомніўшы, што гаспадар пакінуў бляшанку кансерваў, Ігнат падаўся на кухню. Раптам яму здалося, што нехта стукае ў дзверы. «Вярзецца ад адзіноты,— падумаў Ігнат.— Колькі часу жыву, а ніхто не заходзіў».

Злуючыся на сваю прымхлівасць, адчыніў дзверы. У кухню ўварваліся белыя марозныя клубы.

— Хто там? — спытаў Ігнат.

Цемра маўчала. I раптам з марознага туману выплыў Вользін твар.

— Вольга?..

— Вось я і сама знайшла цябе, Ігнатка. Сама…

У Вольгі ліхаманкава затрэсліся плечы. Усхліпнуўшы, яна кінулася да Ігната. Ён адчуў на шыі яе халодныя рукі, на шчацэ — слёзы.

Ігнат абняў Вольгу за плечы, пачуў духмяны пах яе валасоў, і яму здалося, што ён стаіць на хісткай палубе.

Вольга не супраціўлялася пацалункам, толькі ўсхліпвала ці то ад болю, ці то ад пяшчоты. Раптам яна ўперлася ў Ігнатавы грудзі, узняла заплаканыя вочы.

— Я не веру, Ігнатка. Чуеш, не веру…

— I не вер. Прашу, не вер…— прашаптаў Ігнат.

Раздзел трынаццаты

Судны развітваліся. У кожнага была цяпер свая дарога. Адным далей на захад з тэрміновымі грузамі, другім, як «Хуткаму»,— на запраўку. Над шэрай вадой луналі гудкі, весела пераміргваліся сігнальныя пражэктары: кропка, працяжнік, кропка. Судны развітваліся, як людзі, якіх разам звяла доўгая нялёгкая дарога.

3 каюты Хвалея даносілася музыка. Пэўна, той зноў круціў магнітафон.

— Заходзь, медны чайнік,— адгукнуўся ён на стук у дзверы.

Максім сядзеў за столікам, на якім стаяла апаратура. Быў ён ужо ў сінім дыхтоўным касцюме, з-пад пінжака выглядвала стракатая кашуля. Чорныя валасы старанна залізаныя на прабор, а вусікі пад носам-бульбінкай акуратна апрацаваныя.