Выбрать главу

— Прабач, боцман. Думаў, што нехта з нашых гаўрыкаў засумаваў па сапраўднай музыцы.

— А на швартоўку я за цябе пайду? — спытаў Забалотны.

— Дык божа ж ты мой,— жартаўліва абурыўся Хвалей.— Праблема: накінуць адзін трос на дзесяць кнехтаў. А на палубе сотня ахламонаў. Дык навошта блытацца ў іх пад нагамі?

— Хопіць,— абсек Забалотны,— апранай на свой святочны касцюм штармоўку і — на налубу!

«Хуткі» асцярожна ўваходзіў у бухту. Да пацямнелай вады падстунаў высокі бераг. Там-сям ляжаў снег. I таму здавалася, што нехта на бераг накінуў маскіровачную сетку: пляма белая, пляма чорная…

— Швартовай камандзе на бак!

Забалотны застаўся на кармавой надбудове. Паволі наплываў на выратавальнік прадаўгаваты пірс. Першы раз Забалотны бачыў, як швартуецца гэты яго капітан, і, мабыць, таму на душы было неспакойна.

Але «Хуткі» прышвартаваўся шыкоўна, амаль упрытык падляцеў да прычала і задзірыста загойдаўся на тросах.

— Дзякую за работу, хлопцы,— калі замацавалі карабель, сказаў Ахрэм.— А на бераг у першую чаргу сыходзяць…

— I Хвалей таксама? За якія такія заслугі?

— Дык яго ж нельга без нагляду адпускаць у вялікі горад. Пры мне і будзе, як морж пры дрэсіроўшчыку,— пажартаваў Ахрэм.

Порт Дзвінск быў такім, як і сотні іншых, у якіх давялося пабываць Забалотнаму. Роўныя пліты прычалаў, каржакаватыя краны на заінелых рэйках, няроўны ланцужок складскіх памяшканняў, а ля ўвахода на тэрыторыю стаяла зялёная хатка, дзе знаходзілася партовая ахова. Паміж будынінамі мільгацелі бляклыя агеньчыкі. Порт весела ўсміхаўся, ва ўсіх вокнах яшчэ гарэла святло.

Ахрэм і не ўбачыў, як Максім нырнуў пад шлагбаум.

— Куды, нячыстая сіла?

Тоўстая невысокая дзяўчына ў не на росту доўгім шынялі і шапцы-вушанцы трымала Максіма за хлясцік курткі. Максім дыбіўся, як неаб’езджаны конь.

— Прычапілася, тры халеры дзве чумы…

— А гэты недаростак з вамі? — праверыўшы ў Ахрэма дакументы, спытала вахтавая.

— Са мной,— ледзь стрымліваючы смех, пацвердзіў Забалотны.

— А адкуль прыйшлі? — пацікавілася дзяўчына.

— 3 Ніягарскага вадаспада,— выскаліўся Максім.— Хадзем, боцман, адсюль. Нас тут не зразумеюць…

Хвалей супакоіўся толькі тады, калі трапілі на цэнтральную вуліцу. У няяркім святле паўкруглых ліхтароў, якія нагадвалі маладзікі, праносіліся машыны, тралейбусы, глядзелі ў ноч багатыя вітрыны магазінаў.

— Можа, Піліпыч, зазірнём на хвілінку? — спыніўся каля універмага Хвалей.

— Схадзі, я пачакаю,— махнуў рукой Забалотны.

Максім не забавіўся ў магазіне. На ягонай худой шыі з-пад курткі выглядвала чырвоная хустачка.

— Казалі, апошняя мода,— растлумачыў ён.— А табе, Піліпыч, на памяць запальнічка.

— За што заслужыў? — разгубіўся Ахрэм.

— Маці ў мяне не курыць, а больш няма каму… Але ты не думай, што гэта бясплатна,— іранічна супакоіў Хвалей.— 3 цябе, Піліпыч, вячэра.

— Вячэра дык вячэра,— расчулена адказаў Ахрэм і чамусьці падумаў, што даўно ўжо яму нічога не дарылі. Нават у дзень нараджэння.

Хоць мінула толькі шостая гадзіна, у рэстаране людзей хапала. На вешалцы амаль не было свабодных месцаў. А ў зале ўжо іграў аркестр.

Нечакана Максім адкінуў убок меню, выскачыў з-за стала. Ён падбег да нейкага круглага, з пушыстай светлай бародкай мужчыны, як старога знаёмага, узяў таго пад локаць. Праз нейкую хвіліну ён падвёў да Ахрэма незнаёмца.

— Вось мой начальнік, Ахрэм Піліпавіч,— паказаў Максім на Забалотнага.— А гэта сталічны рэжысёр, які ішоў з намі, па Арктыцы.

— Аркадзь Нікіфаравіч,— схіліў галаву рэжысёр.

— Прабачце, Аркадзь Нікіфаравіч, афіцыянтка яшчэ не ўзяла заказ, але ж, бачыце, на стале каньяк і шампанскае. Мо не пагрэбуеце з намі пасядзець?

— Можна,— палагаднеў рэжысёр.— Хоць я і павячэраў. А праз чатыры гадзіны павінен быць у аэрапорце. Скончылася камандзіроўка.

— Ну што ж,— сказаў Максім,— сем футаў пад кіль. А нам яшчэ канца не відаць.

— А на якім судне вы плавалі? — адкусваючы яблык, пацікавіўся рэжысёр.

— Па-першае, не плавалі, як вы сказалі, а ішлі, а па-другое, на выратавальніку «Хуткім» з портам прыпіскі Мурманск,— удакладніў Максім.

— Не ведаю,— нібы і не пачуў першых слоў Аркадзь Нікіфаравіч.

— Дык вы многа чаго не ведаеце,— усміхнуўся Хвалей.— Нават тое, што мы з боцманам,— ён кіўнуў на Ахрэма,— на вашых здымках ледзь богу душу не аддалі…

— Як гэта? — пагладзіў бародку рэжысёр.

— Вельмі проста. Калі падрывалі лёд, мелі поўную магчымасць трапіць да Нептуна ў госці…

— Вялікае мастацтва патрабуе ахвяр,— сказаў рэжысёр.— Здараецца, што і прафесійныя артысты на здымках гінуць. Рызыка ёсць у любой рабоце. Тым больш вам, марскім ваўкам, здаецца, не прывыкаць да яе.