Выбрать главу

«Мёртвым не баліць…» — нечага ўспомніў Ахрэм.

Але Забалотны быў жывы чалавек, толькі з душой, бы высахлы калодзеж, у які нейкі нядобры чалавек кідаў вострыя каменьчыкі. А там — на самым дне — трывожна білася сэрца. I ад дотыку кожнага каменьчыка-ўспаміну яно на імгненне спынялася, каб потым зноў запульсаваць устрывожана і няроўна.

Калі музыканты скончылі граць, на эстраду зноў вылез Максім. У модным касцюме з павязанай на худой шыі хустачкай яго можна было прыняць за хлопца з аркестра. Надзіва, Хвалей і сапраўды скіраваў да мікрафона. Як канферансье, для якога выхад да слухачоў звычайная справа, ён паставіў мікрафон зручней, патрабуючы цішыні, узняў руку. Максімавы тонкія нітачкі-вусікі блішчалі нібы намазаныя тлустам.

Доўгая паўза, якую вытрымаў Хвалей, прымусіла змоўкнуць нават самых гаваркіх.

— Антракт,— схіліў галаву Максім.— Музыканты стаміліся…

Гэтыя словы прагучалі так нечакана, што прайшла яшчэ хвіліна-другая, пакуль у зале зразумелі, што гэты хлопец звычайны наведвальнік, які, відаць, на п’яныя вочы ўзлез на эстраду. I толькі калі нехта з музыкантаў не дужа далікатна спіхнуў Хвалея з п’едэстала, у зале зарагаталі, але нязлосна, хутчэй добразычліва.

Максім не падышоў да століка: па дарозе прычаліў да дзвюх дзяўчат. Ён, пэўна, адчуў Ахрэмаў позірк, бо, павярнуўшыся ў ягоны бок, весела ашчэрыў зубы і ўзняў уверх вялікі палец: «Поўны парадак, стары!..»

«На што я спадзяюся? — як абдало халодным душам Ахрэма.— На тое, што, зрабіўшы балюча Валянціну, змагу нарэшце знайсці душэўную раўнавагу? Так, як я гэта не разумеў раней? Галоўнае для чалавека — пачуццё раўнавагі. Тады не будзе такога адчування, нібы ты гойсаеш на арэлях: уверх-уніз, уверх-уніз. А прызнайся, стары,— пастукваючы далоняй па стале, размаўляў сам з сабой Забалотны,— табе прыемна, што і Валянцін сеў на мель? I твар ягоны, нібы пашкрабанае люстэрка, на якім лёгка ўгадваецца расчараванне і стомленасць. Ну а што ты? Салодка табе? Ды, шчыра кажучы, і твой твар не дужа маладжавы. Твар марскога бадзягі, які да самай старасці не знайшоў прытулку. Не,— абурыўся на свае думкі Ахрэм,— толькі не бадзягі, бо ў таго нічога за спіной не застаецца…»

Раптам Забалотнаму адкрылася ісціна: ён ніколі не здраджваў Алене, і ўвесь час — і ў моры, і на беразе — жыла ў ім, білася ў грудзях вялікая і таму яшчэ больш абразлівая вернасць сваёй былой жонцы.

«Яна і сапраўды была безабаронная,— падумаў Забалотны.— Безабаронная і няшчасная. I яшчэ адзінокая. Не, не. Не круці перад сваім сумленнем: сапраўды адзінокая. I тое, што з’явіўся Валянцін,— не прычына, а вынік тваёй асабістай бяздумнасці. Дурань, от дурань: хацеў грашыма ўтрымаць каханне. Нічога сабе мужанёк! Вось і пацягнулася яна да нечага загадкавага, невядомага. I гэта проста няшчасны выпадак, што на яе жыццёвым шляху з’явіўся Валянцін».

Разумеючы, што думкі скіраваліся ў даўно ўжо высахлае рэчышча, што зараз не той выпадак, каб разважаць спакойна, Забалотны тым не менш не хацеў супраціўляцца імклівай плыні, і, калі думкі блыталіся, пераскоквалі цераз парогі памяці, круціліся ў шалёным віры, ён нібы радаваўся сваёй трохі ачмурэлай фантазіі, і яму здавалася, што ён быццам распранаецца на людзях ці бязлітасна б’е па сваім голым целе далонямі-наждачкамі. Але ж думкі былі зласліва-соладкімі, як і чаканне Валянціна.

Забалотны заплюшчыў вочы, і яму здавалася, што і сапраўды цела ў яго ліпкае, а па твары струменяцца жоўтыя ручайкі. Чаму менавіта жоўтыя, ён і сам не мог растлумачыць. Але здавалася, што ў душы загучаў верш, які ён некалі пачуў ад Міколы-музыканта.

Тады яны адпачывалі пасля вылазкі ў нямецкі тыл. Разведка аказалася няўдалай: фрыцы заўважылі іх яшчэ на нейтралцы, і пра тое, каб захапіць языка, не магло быць і гаворкі. А калі ўжо вярталіся да сваіх, шалёнай куляй параніла Івана з Крычава.

— Ладна, хопіць нябожчыкамі прыкідвацца.— Мікола злосна пхнуў нагой пустую бляшанку з-пад амерыканскай тушонкі «другі фронт».— Раз сёння геройскіх сто грамаў не заслужылі, дык хоць закуску на камбузе рэквізую. Паразіту-страўніку ўсё аднолькава: прыцягнулі мы ганса ці не. Ён, бессаромная халера, сваё законнае патрабуе…

Мікола адхінуў рукой плашч-палатку, якая закрывала ўваход у грот, і нібыта нырнуў у густую паўночную цемру. Вярнуўся ён не вельмі хутка, але з такім ззяючым выглядам, быццам з любоўнай уцехі. Падміргнуўшы, ссунуў на патыліцу старэнькую, але па-матроску шыкоўную бесказырку, па цьмянай стужцы якой блішчэлі літары — «Бывалы», потым дастаў з-пад дэсантнай курткі пацёртую газету.