Выбрать главу

— Ты што, у карты пачаў гуляць? — каб неяк спыніць гэтую запозненую споведзь, спытаў Забалотны.

— А што, па-твойму, калі я душу сваёй мегеры прадаў, дык і тыя пяцёркі, што часам перападаюць ад знаўцаў музычнага асартыменту, таксама павінен аддаваць ёй? Лепей я іх прайграю сябрам па няшчасці. Таму ж Аляксандру Блоку.

Не, не такой уяўляў гэтую размову Ахрэм. Яму здавалася, што перад ім хістаецца доўгі-доўгі цень.

— А ведаеш, была ў мяне яшчэ магчымаспь стаць на капыты,— раптам Валянцін загаварыў пра тое, што хацеў і баяўся пачуць Ахрэм.— Быў я патрэбны адной жанчыне. Не здагадваешся якой?

— Не здагадваюся,— глуха адказаў Ахрэм.

— Твая бяда. Таму, мабыць, і біяграфія ў цябе крыштальная, бы слязінка на вейках малога. Не тое, што ў мяне. Дык вось, калі мне стала зусім кепска, надумаў вярнуцца да Алены. Нават аліменты перастаў высылаць. Разважаў так: знойдзе мяне, не можа не знайсці. Аж не. Не апусцілася да маіх капеек. Ведаеш, што яна папрасіла?

Ён паклаў руку на Ахрэмава плячо, і Забалотны ледзь стрымаўся, каб не ўдарыць па гэтым прыгожым твары.

— Перавесці дачку на тваё прозвішча — Забалотная. Во як! Ганарыстая. Не тое, што іншыя бабы. Вось тады я і зразумеў, што канец табе, Валянцін свет Бацькавіч, правінцыяльны донжуан і безгалосы спявак. Ну а цяпер бывай. Я перад табой распрануўся…

Валянцін пайшоў па праходзе да эстрады. Спыніўся ля століка, за якім, размахваючы рукамі, штосьці расказваў сваім новым знаёмым Максім.

Сустрэўшыся з позіркам Забалотнага, Максім нешта сказаў дзяўчатам і падаўся да стала.

— Шэрасць, непрыхаваная паўночная шэрасць,— яшчэ не ўсеўшыся ў крэсла, абурыўся ён.— Я ім пра Монтэ-Карла, а яны пра маю зарплату. Першабытныя норавы і драпежныя апетыты. А ты што не ў гуморы?

— Потым раскажу,— каб адчапіцца, паабяцаў Забалотны.

«Чаго я дамогся? — падумаў ён.— Навошта шукаў сустрэчы з гэтым чалавекам? Навошта?»

— Прыемныя навіны, боцман,— трохі азадачана сказаў Хвалей.— Гэты выцвілы маэстра расплаціўся за вячэру. Ён што, быў табе павінен?

— Павінен,— адгукнуўся Ахрэм.

Раздзел чатырнаццаты

Ноч навалілася, як заўсёды, нячутна і імкліва. Судны ў порце стаялі ля прычалаў ціхія і стомленыя. I калі б не асветленыя вокны ілюмінатараў ды не прастуджаныя гудкі, можна было падумаць, што ты трапіў не ў порт, а на невялікія карабельныя могілкі.

Упершыню гэтая думка пра могілкі прыйшла да Ігната, калі яны з хлопцамі разгрузілі вялікі рыбалоўны траўлер «Айвенга» і бліскучыя, нібы брусы антрацыту, буксіры пацягнулі судна з вузкага горла заліва туды, дзе ўдалечыні выторкваліся з вады сухія докі. Судна адпраўлялі ў рамонт, а мо і ў апошнюю дарогу. Усё залежала ад таго, які прысуд вынесе партовая камісія.

— А якая мне справа да «Айвенга»,— пакутліва падумаў Ігнат.

Крыху павагаўшыся, Ігнат падаўся ў вагончык грузчыкаў. Хлопцы, відаць, скончылі партыю ў даміно, бо Анатоль сядзеў пад сталом і брахаў, бы неразумны шчанюк на месяц. Хлопцы ледзь не падалі ад рогату. У ім, гэтым, па першы погляд, дабрадушным рогаце, адчуваліся і зласлівыя ноткі: не ўсё табе камандаваць.

Збянтэжана пагладжваючы сваю лысую галаву, Анатоль вылез з-пад стала. Убачыўшы Ігната, нечага ўзрадаваўся.

— Заходзь, курсант. Мабыць, намерзся. Ну ды нічога. Я чалавек добры.— Ён павярнуўся да хлопцаў.— Вось што, грузкантора: на сёння — шабаш? А то прыдумае яшчэ які дурань грэбці снег. Кукіш… Мы — прафесіяналы. Праўду я кажу?

— Бог сведка,— адгукнуліся хлопцы.

— Тады, каб не мазоліць вочы начальству,— дамоў!

Гэтая навіна Ігната не ўзрадавала. 3 Вольгай яны дамовіліся сустрэцца толькі ў шэсць гадзін, а бадзяцца без мэты па горадзе не хацелася.

— А ты чаму не радуешся? — спытаў Анатоль.— Калі пра заробак галава баліць, дык плюнь. Ад нас не ўцячэ. Радуйся, што раней дадому ідзеш.

— Вось ты і радуйся,— агрызнуўся Ігнат.

— Дзяніс быў пра цябе лепшай думкі. Але ж чорт з табой. Я не ганарысты. Запрашаю ў госці: а то за работай і не даведаешся, што ты за чалавек. Анкета — адно, душа — другое. Правільна я думаю?