— Ладна,— пагадзіўся Ігнат.— Хадзем. Мо і бясплатна пакорміш.
Анатоль не падаў выгляду, што пакрыўдзіўся. Зачыніў дзверы, ляпнуў пячаткай у пластылін.
— Ты дзе жывеш? — спытаў Ігнат.— Калі на другім канцы горада, дык гэты нумар не пройдзе. У мяне, брат, справы.
— Не яршыся: дзвесце метраў ад прахадной.
— Тады іншая гаворка. Слухай,— ён паглядзеў на Анатоля,— навошта я табе спатрэбіўся? Без прычыны — і ў госці. Яшчэ і жонка вытурыць.
Анатоль не адказаў. Як здзівіўся Ігнатавай наіўнасці.
— Ды вось ужо і прыйшлі,— адчыняючы брамку, сказаў ён.
Дом быў драўляны, падобны на той, дзе пасяліўся Ігнат. Было чуваць, як у доме плача малы.
— Мой малодшы,— растлумачыў Анатоль.— Нядаўна год споўніўся. А дзве дачкі-блізняткі ў садзіку. Таня і Каця. Мы з жонкай на рабоце, дык з малым цешча ўпраўляецца.— Ён раптам заклапочана спытаў: — А дзе, курсант, будзем абедаць? У зале ці на кухні?
— На кухні. Не дыпламата прымаеш.
3 увішлівасцю, па якой заўсёды можна вызначыць чалавека, які прывык да самастойнасці і не любіць назаляць жонцы, Анатоль накрыў на стол. Нарэзаў хлеб, каўбасу, адкрыў бляшанку кансерваў, паклаў некалькі кавалкаў вэнджанага палтуса, якога даўно не было нават у фірменным магазіне «Акіян».
— Палтуса дзе нагледзеў? Гэта ж дэфіцыт. I на вялікім прыёме такой закускі не ўбачыш.
— Галаву на плячах трэба мець.— Анатоль адсунуў на акне фіранку.— Вось паглядзі на гэтую будыніну. Сваімі рукамі паставіў. Канешне, не вельмі прыгожая, але карысць ад яе вялікая. Трэба круціцца, бо на руках чацвёра. Трое малых і цёшча. Яна ж таксама не працуе,— растлумачыў ён.— I колькі б я пуп ні надрываў на рабоце, вышэй за галаву не скокнеш. Вось і прыйшлося шукаць нейкае выйсце. Хлопцы мне з рэйсаў заўсёды некалькі скрынак марожанага палтуса прывозяць…
— Слухай, а Дзяніс Пятровіч пра твой падпольны бізнес ведае? — спытаў Ігнат.
— Ты што, здурнеў? — не на жарт спалохаўся Анатоль.— Таму калі трапіш на кручок — не пашкадуе і бацьку роднага. Такі ўжо чалавек.
«I ад гэтага чалавека залежыць мой лёс? — шчыра здзівіўся Ігнат.— Не, не ад яго. Ад мяне самога, ад людзей, якія побач. Толькі не ад яго…»
На спатканне Вольга прыйшла раней. Яна і сама не эаўважыла, як гэта здарылася. Наогул увесь сённяшні дзень — з таго часу, калі яна прачнулася і ўбачыла спалатнелы, бы пасыпаны снегам, матчын твар,— прамільгнуў як камета.
Раніцай Вольга, накінуўшы на сябе халат, яшчэ добра заспаная, выйшла ў залу і ў цемры па матчынай пасцелі зразумела, што маці ўжо даўно не спіць. Яна спачатку падзівілася, чаму гэта маці так рана ўзнялася, потым, адчуўшы няясную трывогу, падалася на кухню, адкуль з-пад няшчыльна зачыненых дзвярэй выбівалася вузкая палоска святла.
— Ты чаго гэта не спіш? — спытала Вольга. — Табе ж сёння ў другую змену.
Маці ўздрыгнула, павярнулася да Вольгі. Твар у яе быў вінаваты, як у малой, што нарабіла шкоды.
— Талерку разбіла,— ціха пажалілася яна.— Зусім новы сталовы сервіз.
Вольга паглядзела на падлогу, на якой былі раскіданы асколкі, і ёй стала шкада маці.
— Што ж цяпер рабіць? — Маці раагублена апусцілася на табурэтку.— Толькі што перадавалі па радыё: заўтра Ахрэмаў «Хуткі» прыходзіць у порт.— Яна, бы на могілках, заламала рукі.— Казалі, прыкладна ў адзінаццаць гадзін раніцы.
Усё гэта так было непадобна на маці, што Вольга трохі спалохалася. Яна абняла яе за плечы і, датыкнуўшыся да яе шчакі, прашаптала:
— Супакойся. Вось успомніш мае словы, усё будзе добра. Ды і заўтра яшчэ не сёння…
Але часу ўжо не было. I Вольга гэта добра ведала і адчувала. Як ведала і адчувала, што маці чакае і вельмі баіцца сустрэчы з Ахрэмам.
Цяпер, калі ў яе жыцці неспадзявана з’явіўся Ігнат і калі ўжо і сама перажыла і расчараванне, і шчасце, Вольга разумела маці. Разумела, што, можа, праз яе, Вольгу, Алена Канстанцінаўна нікуды не хадзіла — нават да знаёмых у госці,— усё больш сядзела дома, нібы манашка. Яна была непадобная на тых легкадумных жанчын, якія, сустракаючыся ўпотай з мужчынамі, лічаць, што гэтым некаму адпомсцілі.
Разважаючы, як дарослая жанчына, Вольга хацела толькі аднаго: каб маці стала шчаслівай. Ёй было няёмка, сорамна, што яна некалі думала пра яе кепска, прымушала перажываць і пакутаваць. I цяпер, гледзячы на панурую матчыну паставу, яна дакарала сябе і маліла, нібы прымхлівая бабуля: «Божа, хай ён будзе толькі не п’яніца нейкі, хай жа ёй будзе добра…»
Яна падумала, што дарэмна прызначыла Ігнату спатканне, бо лепей было б у гэты вечар пабыць разам з маці. Можа, таму і прыбегла раней часу. I хоць яна ведала, што Ігнат не вінаваты, пачала злаваць: мог бы ўжо і прыбегчы. Няўжо нічога не адчувае?