Ігнат з’явіўся, як заўсёды, нечакана. Убачыўшы Вольгу, заўсміхаўся на ўвесь твар, памахаў рукой. Гэтая непрыхаваная радасць адразу ж растапіла яе сэрца.
— Як табе не сорамна спазняцца? — ужо жартаўліва спытала яна.
Смеючыся, Ігнат пастукаў пальцам па шкле гадзінніка, потым прыгарнуў Вольгу да сябе.
— Нават раней прыбег. Можа, заўтра і не зможам убачыцца. Сябар мой з мора прыходзіць. Даўно не бачыліся.
— Нешта ты мне пра яго не расказваў.
— Не расказваў? — Ігнат задуменна ссунуў на пераноссі свае густыя бровы.— Ага, здаецца, і сапраўды не расказваў. Мы пра яго з тваёй маці пасля канцэрта размаўлялі. Ну, помніш, калі цябе чакалі ў вестыбюлі? Пазнаёміліся, калі ён у вучылішча паступаў. А вось як атрымалася: не паступіў — стаў матросам, а я з курсантаў — у грузчыкі…
У ягоным ломкім голасе чулася вінаватасць. I адразу востры боль крануў Вользіна сэрца.
Яны моўчкі пайшлі па вуліцы. Вольга ішла з нейкай незразумелай цяжкасцю, гледзячы сабе пад ногі, і Ігнат зразумеў, што нешта яе хвалюе, непакоіць. Ігнат ужо меўся запытаць яе пра гэта, як Вольга раптам спынілася. Па-дзіцячы прыкусіўшы губу, паглядзела на Ігната.
— Твой сябар, якога ты хочаш сустракаць, як Дзяніс Пятровіч, на рыбалоўным траўлеры плавае?
— Ну колькі цябе, Волечка, вучыць? — засмяяўся Ігнат.— Не плавае, а ходзіць. Разумееш, ходзіць… На выратавальніку «Хуткі». Работка, адзначу, не для кожнага. Вясёленькая работка.
У Вольгі перахапіла дыханне. Можа, прызнацца, што на гэтым выратавальніку працуе і яе бацька?
«Не, не трэба,— спалохалася яна сваёй думкі.— Яшчэ невядома, якім бокам усё паверыецца…»
Ёй раптам захацелася, каб Ігнат убачыў Ахрэма такім жа высокім, дужым і ўсмешлівым, якім на фотаздымку бачыла яго сама. Але ж не паддалася спакусе, прымусіла сябе падумаць: «Столькі гадоў чакала, а цяпер мо і не трэба…»
Ад невядомасці, ад таго, што хацела і баялася ўбачыць бацьку, штосьці завіравала ў грудзях. Стала так балюча і боязна, як тады, калі хмарнай ноччу вярнулася дадому з кватэры Дзяніса Пятровіча.
— Можна, я пайду з табой на прычал? — кідаючыся, як у бездань, спытала Вольга.
— Чаму ж не? — здзівіўся Ігнат.
Раздзел пятнаццаты
Забалотны не пазнаваў Мурманска. Нават сопак, якія ў вайну аблазіў удоўж і ўпоперак, не пазнаваў. Ён не думаў, што за час, пакуль ён бадзяўся па свеце, нічога не зменіцца. Жыццё, як і гады, меркаваў ён, вядома, бяруць сваё. Аднак тое, што ён убачыў, узрушыла, нават глыбока засмуціла яго. Нічога, зусім нічога не пазнаваў Ахрэм.
На сопках, якія з захаду заступалі падыходы да горада і, дзе нават пасля вайны — Ахрэм гэта добра помніў — стаялі зенітныя батарэі для марскіх парадаў, падпірала шэрае ліпкае неба жоўта-ружовая тэлевізійная вежа, на самым версе яе гарэлі сігнальныя агні. Вакол вежы светлымі камякамі-куранятамі разбегліся двухпавярховыя дамы. Сопкі нібы стаміліся, нахілілі свае паголеныя ветрам галовы і цяпер нібы заснулі, слухаючы цішыню. I гэта не было сентыментальнае адчуванне слязлівага чалавека: там, дзе раней грувасціліся, лезлі адзін на аднаго валуны, і за якімі некалі хаваліся варожыя снайперы, тырчалі ўжо рознакаляровымі лязамі доўгія гмахі будынкаў.
У хадавую рубку Забалотны падняўся загадзя, яшчэ да таго, як «Хуткі» павінен быў увайсці ў заліў. Ён спадзяваўся ўбачыць той маленькі, бы пятак, астравок, які яны адбілі ў фрыцаў і дзе загінуў Мікола-музыкант. Судна паволі праходзіла міма астраўкоў — большых і меншых,— але таго, шчодра палітага крывёю, ён не знаходзіў. I калі знікла апошняя надзея і «Хуткі» ўвайшоў у вузкі шэры лабірынт, акаймаваны сопкамі, ён ледзь стрымаўся, каб не застагнаць: «Прабач, братка Мікола, прабачце, хлопцы...» Аднак не паварушыўся, застаўся стаяць моўчкі, быццам каменная глыба, толькі мацней — аж збялелі пальцы — сціснуў халодныя поручні трапа.
Ён зняў з шыі бінокль, перадаў яго Бокачу.
— Палюбаваўся? — спытаў той.— Здаецца мне, што ты развітацца з «Хуткім» збіраешся. Не рана?
— Не думаў пакуль што пра гэта,— адказаў Ахрэм.
— Вось і згода. Мора з намі заўседы ў душы. Бо што ні гавары, а душа чалавека — усяму галава.
Зморшчыўшыся, як ад зубнога болю, Забалотны спусціўся на палубу. Занадта прыгожа гаварыў капітан. I хоць Ахрэм не мог так мудрагеліста выказваць свае думкі, але ж па-свойму адчуваў, што розуму ў душы не вельмі багата, бо, калі б ён быў, не балела б яна, ягоная душа, а радавалася: як-ніяк, Ахрэм убачыў новы горад, які, лічы, узняўся на попеле.