Выбрать главу

Пасля таго як выпадкова сустрэў Валянціна, адчуў затоеную радасць ад таго, што Алена не прынізілася перад гэтым чалавекам, па-жаночаму пакорна ўспрыняла тое, што наканаваў ёй лёс. Ахрэм ужо не задаваў сябе пытання, ці правільна ён робіць, што вяртаецца. Ён і сам не заўважыў, як дараваў Алене здраду. Не тое каб прымусіў сабе забыцца на ўсё, што некалі здарылася і ў адно імгненне перакруціла ягонае жыццё, проста па-чалавечы паспачуваў і яе несалодкай долі.

«Ніхто за мяне не развяжа гэты вузел,— падумаў Забалотны.— Толькі вось што незразумела: калі я і ўспамінаў Алену, дык заўсёды з крыўдай і горыччу, а цяпер здаецца, што ў чымсьці і сам вінаваты. Вось як усё павярнулася…»

Ён праверыў, ці не забыў чаго-небудзь у каюце, і востра пашкадаваў, што не прыхапіў з сабой, калі, як ачмурэлы, бег з хаты, Аленінага фотаздымка. Хацелася зараз убачыць яе твар: што ні гавары, а многа — мо і салёнага — шчасця падарыла яна на пачатку жыцця.

Матросы з боцманскай каманды ўжо замацавалі швартовы і цяпер, спяшаючыся, ставілі трап. Каб ніхто незнарок не зваліўся ў ваду, заводзілі пад яго сетку.

Удалечыні Забалотны ўбачыў Хвалея. Той сядзеў на карме і, склаўшы рупарам далоні, нешта крычаў высокаму светлавалосаму хлопцу, побач з якім стаяла зграбная — гэтаму хлопцу толькі да пляча — дзяўчына. У шэрым паліто і вязанай шапачцы, яна нечым нагадвала азяблае птушанё, якое выпала з гнязда. Дзяўчына, здавалася, не слухала, што там крычаў Хвалей: хутаючыся ў каўнер паліто, спадылба глядзела некуды ў бок хадавой рубкі, дзе ўсё яшчэ, як непрыкаяныя, матляліся вахтавыя. Пэўна, некага чакала.

Па хісткім трапе Ахрэм спусціўся на пірс. Круцілася ў паветры завіруха. Было шэра і змрочна, як перад навальніцай, аднак Ахрэм, здавалася, не заўважаў гэтай непагадзі. Не аглядваючыся, ён шыбаваў міма партовых кранаў, будынкаў, партрэтаў ударнікаў працы.

Толькі падыходзячы да ярка-зялёнага шлагбаума, Забалотны ўспомніў, што за сваімі клопатамі і думкамі, не аформіў пропуск у порт. Але вяртацца назад не хацелася. Ён палез у кішэню, дастаў пашпарт марака замежнага плавання і даведку, што зараз працуе на «Хуткім». Вахцёрка, немаладая жанчына, мабыць, нават у ягоных гадах, пакруціла ў руцэ дакументы, уважліва з жаночай цікавасцю паглядзела на фотакартку.

— Відаць, гадоў дваццаць мінула,— проста сказала яна.— Такі тут жвавенькі быў галубок. Цяпер і не пазнаць… Ды яно і вядома, час ляціць як самалёт — толькі падняўся, а ўжо заходзіць на пасадку…

Забалотны не пакрыўдзіўся, але ж нешта ўнутры кальнула, бо ён здымаўся ўсяго пяць гадоў таму назад. Відаць, вахцёрка нядаўна працуе, бо ў іншым разе ведала б, што фотакарткі на замежным папшарце мяняюць значна часцей. Але ж гэтая немаладая жанчына мела рацыю: Ахрэм адчуваў, што за апошнія гады час быццам некуды заспяшаўся, падштурхоўваў настойліва да той нябачнай рысы, за якую Ахрэм не хацеў — не тое што баяўся — заглядваць.

Дарога вяла на гару, дзе стаяў трохпавярховы будынак міжрэйсавага дома адпачынку маракоў. Будынкі гэтыя амаль у кожным порце стаялі на ўзвышшы. 3 іхніх вокнаў заўсёды можна было ўбачыць свой карабель. I гэтым ён падабаўся матросам, хаця пасля рэйса ў кожнага хапала грошай, каб зняць нумар у гасцініцы, дзе нават шампанскае прыносяць у пакой і нікога не цікавяць твае госці.

Забалотнага ў гасцініцу ніколі не цягнула: дужа стракатая там збіралася публіка. Нават матросы, як жартавалі, жылі там як нейкага другога гатунку: абы пусціць камандзіраваным дзяўчатам пыл у вочы. «Прабачце, я толькі што з Сінгапура. Не былі? Раю пабыць. Шчыра кажу: нашы крэветкі… Ніколі не частаваліся? Ну, гэтую справу мы можам лёгка паправіць: у маёй люксавай каюце знойдзецца бляшанка-другая гэтага цудоўнага далікатэсу…»

Раней на такія нахабнаватыя заляцанні, якія не адной дзяўчыне затлумілі галаву, Ахрэм глядзеў з паблажлівасцю дарослага чалавека, а вось цяпер зашчымела сэрца: «А што, калі такія вясёлыя, бестурботныя хлопцы сустрэліся і Вользе? Нездарма ж напісала Алена».

Думка пра Аленіну дачку наляцела неспадзявана і зноў устрывожыла, напомніла аб няпэўнасці яго становішча. «Усё значна прасцей, калі дзіцё малое,— падумаў Забалотны.— Тады яно, вядома, прасцей».

Цяпер жа гэты трэці чалавек, які нечакана ўстаў паміж імі, напалохаў Забалотнага, прымусіў адступіцца ад свайго рашэння ісці да Алены. «Напішу пісьмо…» — знайшоў выйсце ён.

Паставіўшы на тратуар чамадан, Забалотны палез у кішэню, выцягнуў пачак цыгарэт. Ад добрай зацяжкі салодка загойдалася ў галаве, і чамусьці захацелася сесці проста на зямлю, вось тут, на дарозе, сесці, як у дзяцінстве, калі не трывожылі ніякія думкі. «Дзяцінства, яно дзесьці за сінім морам, а Алена недзе ўжо побач».