Выбрать главу

Думка, што вось зараз можа зайсці ў кватэру Ахрэм, яе напалохала: перад вачыма захісталіся сцены, мэбля. У знямозе Алена Канстанцінаўна абаперлася аб маленькі столік.

— Ты ж спалатнела ўся, гаротная,— успляснула рукамі паштальёнка.— Каб так за мужыка перажываць, дык хай у яго лепш вочы павылазяць…

«А хто ж мяне зрабіў гэткай гаротнай? — раптам падумала Алена Канстанцінаўна.— Ці ж не ўласнае глупства?..»

У зале Алена Канстанцінаўна не стала запальваць святло. Абхапіўшы галаву рукамі, доўга і бяздумна сядзела на тахце, потым схамянулася: трэба было нешта рабіць. Апрануўшы паліто, яна выйшла на вуліцу.

Памяць вярнула яе ў маладосць, у той спалены вайной горад, дзе палахліва ціснуліся да мора старыя пахілыя хаткі; у стары порт з ягонай абшарпанай прахадной, за якой яна хавалася, каб падпільнаваць Ахрэма… А вось як усё павярнулася. Толькі тэлеграма ў сумачцы ад незабытага, але вельмі далёкага чалавека, які, мабыць, ніколі не даруе…

«Хай будзе так. Сама вінаватая… Ніхто больш… Сама…»

Алене Канстанцінаўне раптам захацелася зрабіць сабе балюча, закрычаць ад пакуты і роспачы, заплакаць проста на вуліцы. Закрычаць ад таго, што не зберагла свайго шчасця з Ахрэмам, кінулася ў абдымкі прыгожага, але нікчэмнага мужчыны.

Кожны раз, калі Алена Канстанцінаўна трапляла на вакзал, яе агортвала пачуццё разгубленасці, нібы яна спынілася на скрыжаванні і не ведае, куды ісці далей. Назаўсёды ўрэзаўся ў памяць той па-веснавому сонечны дзень, калі, вярнуўшыся з работы, яна знайшла дома запіску: «Не шукай мяне. Грошы на дачку буду высылаць. Жадаю шчасця. Валянцін».

Гэта было жахліва. Яна бегла на вакзал, паўтараючы, нібы псалом: «Жадаю шчасця. Жадаю шчасця…» — і горкія, бы палын, слёзы рэзалі вочы. А потым быццам спатыкнулася аб халодныя бліскучыя рэйкі, якія беглі ўдалечыню. Тады ёй здалося, яна плыве ў неспакойным гомане: сярод людзей, устрывожаных гудкоў, адарваная назаўжды ад зямлі, але ўсё роўна бяскрылая.

Алена Канстанцінаўна і сама тады не змагла б растлумачыць, чаму нікуды не пісала, не шукала Валянціна. Мабыць, таму, што ў душы ўжо даўно чакала мужавай здрады. Валянцін быў чалавекам настрою: то ласкавым, як кацяня, то ўзбуджаным, без прычыны раздражнёным. Тады ён папракаў дзіцем, бо з-за яе — Волечкі — не паспееш пажыць і для сябе. Выдумляў нейкія гастрольныя паездкі і на некалькі дзён знікаў. А яна даравала Валянціну — лічыла, што не мае на іншае права. Сустракала яго быццам у чымсьці вінаватая. I вось ён паехаў…

Усё ў душы нібы здранцвела. Адзінае, што прымушала жыць, патрабавальна клікала да сябе — дачка. Бялявенькая, з вялікімі, як у Валянціна, вачыма, яна стала для Алены Канстанцінаўны і болем, і радасцю. Волечка падрастала неспакойная, не па гадах разважлівая. Аднойчы — Алена Канстанцінаўна назаўсёды запомніла гэты дзень — Волечка вярнулася з дзіцячага сада задумлівая, бы нечым прыгнечаная. Доўга, па-даросламу засяроджана складвала ў кутку піраміду з кубікаў. Потым ціхенька — Алене Канстанцінаўне нават здалося, што ў голасе дачкі прагучала вінаватасць,— спытала:

— А мой татка капітан?

Яна глядзела на Алену Канстанцінаўну з такой непрыхаванай надзеяй, што тая, хоць і даўно чакала гэтага пытання, разгубілася. Няўжо прызнацца, што Валянцін спяваў у флоцкім ансамблі, што кінуў іх, з'ехаў з дачкой нейкага капітана першага рангу? Не, толькі не гэта. Як бы захінаючы Волечку ад усіх жыццёвых нягод, Алена Канстанцінаўна падбегла, моцна прыгарнула да грудзей, горача зашаптала: «Не, твой бацька плавае боцманам…»

— Ага, значыцца, ён марак,— радасна запляскала ў далоні дачка.

— Так, родненькая мая, марак…

Гэты неспадзяваны нават і для самой сябе падман прыгнятаў, сціскаў сэрца. Усю ноч яна варочалася на гарачым, як наўднёвы пясок, ложку. Слухаючы роўнае і, здавалася, радаснае дыханне дачкі, Алена Канстанцінаўна не адчувала палёгкі. Што яе чакае далей? Яна ў роспачы заплюшчыла вочы і раптам яскрава пачула густы Ахрэмаў голас: «Ну як справы, старая? Мо павячэраць дасі?..»

Так ён заўсёды вітаўся, калі прыходзіў з рэйса. А яна крыўдзілася: знайшоў старую!

Перад вачыма, як жывы, з’явіўся Ахрэм — шыракаплечы, у форменнай фуражцы, якую чамусьці заўсёды збіваў на патыліцу. Алена Канстанцінаўна памкнулася дакрануцца да яго рукой, паварухнулася, і Ахрэм адразу некуды знік. У бяссільнай горычы што-небудзь змяніць яна абхапіла галаву рукамі і так, каб не разбудзіць дачку, расплакалася. Ёй раптам адкрыўся сэнс сваёй здрады: яе пакінулі аднолькава лёгка, як і яна некалі пакінула Ахрэма.

Менавіта ў тую ноч яна і вырашыла напісаць Валянціну, каб ён дазволіў перавесці Волечку на яе прозвішча — Забалотная. Адказ прыйшоў хутка. Валянцін не пярэчыў. А праз некаторы час ад яго перасталі прыходзіць грошы…