«Вось і скрыжаванне,— тужліва падумаў Ахрэм.— Нібы блукаў па вялікім горадзе і вярнуўся туды, адкуль прыйшоў…»
Ён быў цяпер удзячны Васіліне за той горкі вечар, і гэтае пачуццё перакінулася і на яе сына.
— Заўтра пасля работы чакаю. Трэба высветліць тое-сёе з тваёй біяграфіі,— сказаў Ахрэм.
Толькі цяпер ён звярнуў увагу на дзяўчыну. Яна і сапраўды была нічога сабе. Але шэрыя вочы глядзелі, як у ваўчаняці.
Больш гаварыць не было пра што, і Ахрэм развітаўся. Ён ішоў па цьмяным калідоры і чуў за спіной крокі. Быццам спяшаўся вырвацца з гэтай маўклівай абмежаванасці альбо збегчы ад самога сябе. Гэта былі ягоныя крокі і ягонае рэха. Але ж чаму такое мітуслівае, неспакойнае і прыглушанае?
— Ахрэм?
Ён, бы спрасонку, уздрыгнуў і азірнуўся. У душы заліхаманіла, цяжка адгукнулася. Наплывалі белая шапачка, з-пад якой насцярожана выбілася пасма валасоў, і нерухомыя застылыя вусны. Забалотнаму стала ніякавата: ён не бачыў твару. Але дрогкай істотай ужо гнуўся да гэтага нецярплівага надрыўнага воклічу: «Ахрэм?..»
I раптам адчуў гарачую далонь на сваёй руцэ.
— Ты дарэмна тут. Маці чакае. Даўно ўжо чакае… Ды і я… Ты толькі не хвалюйся. Прыходзь увечары. Чуеш, бацька, прыходзь…
Ён памкнуўся ўзяць яе за руку, але толькі здранцвеў са сваімі стомленымі рукамі. Яна пайшла па калідоры, і ён убачыў у цёмным квадраце акна разгубленую дзявочую паставу.
— Максім! — адганяючы насланнё, паклікаў Забалотны.
— Што, Піліпыч?
— Як клічуць гэтую дзяўчыну?
— Вольга. Ты яе ведаеш?
— Не ведаю,— прашаптаў Ахрэм.— Нічога цяпер не ведаю…
Але ён ведаў. Ведаў і ціха, у думках, непрыкаяна і балюча паўтараў: «Бацька!..»
Ахрэм не адразу ўцяміў, што падымаецца з Максімам не на сопку, а на насыпаны курган. Сопкі вакол былі вастраверхія, быццам хацелі пракалоць нізкае неба, а гэтая стаяла пакатая і не надта крутая. Да вяршыні вяла выкладзеная з мармуровых пліт шырокая лесвіца. На фоне цьмянай маўклівасці ўзвышалася высокая постаць матроса з гранатай у руцэ. Падсвечаная блакітнымі промнямі пражэктараў, яна, здавалася, узнялася ў паветра, і гэты дужы матрос у бесказырцы ўглядаецца ў яркія агні вялікага горада пільна і насцярожана.
Калі яны ўзняліся да помніка, Ахрэм адчуў, што ягоны твар узмакрэў, нібы ён бег без перадыху. Ён пайшоў да доўгай пліты, якая прымасцілася ля самых ног матроса. «Вечная память защитникам советского Заполярья, морским пехотинцам, которые преградили путь врагу!» — было напісана зверху,
«Вечная памяць…» — прашаптаў Ахрэм. На пліце, выбітыя золатам, цьмяна блішчэлі прозвішчы загінуўшых байцоў. «Воронов Н. А.» Няўжо Мікола-музыкант?
Ён яшчэ раз прабегся позіркам па пліце, але прозвішчаў сваіх астатніх хлопцаў не знайшоў.
Сцяўшы ад націску ўспамінаў вусны, Ахрэм, не адводзячы позірку, глядзеў на магутную постаць матроса. Цяпер ён ведаў, чаму прыехаў у гэты горад. Прыехаў па сваю памяць. Слёз не было, але ж ён адчуваў, як стогне душа. Рыпіць, нібы старое, але яшчэ моцнае дрэва, калі рве наваколле вострымі кіпцюрамі вецер.
Унізе жыў сваім мітуслівым жыццём партовы горад. Там жыла і Алена. Азірнуўшыся на Максіма, Забалотны раптам убачыў далёка карабель. Ён імкліва рэзаў ваду, і за ім бег неспакойны пеністы след. «Як за чалавекам,— падумаў Забалотны.— Як за чалавекам…»
…Яны доўга хадзілі па горадзе, у якім яшчэ толькі-толькі абуджалася вячэрняе жыццё. Максім скоса паглядаў на Забалотнага, але не трывожыў. Быццам чакаў ад таго нейкай споведзі.
— Слухай, зямляк,— нарэшце сказаў Ахрэм,— зрабі яшчэ падарунак. Здымі свае піжонскія вусікі.
— Навошта, Піліпыч? — не зразумеў Максім.
— У госці пойдзем. А мо і дадому… Там толькі паголеных прымаюць…
Ён хацеў пажартаваць, але не змог — асляпіла, занепакоіла: «Вяртайся… Бацька…»