Усё гэта Алена Канстанцінаўна ўспомніла, пакуль стаяла ў чарзе да бюро даведак. Яна падала тэлеграму ў акенца, за якім сядзела маладая густабровая жанчына. Тая няўцямна пакруціла ў руках тэлеграму, з іранічнай усмешкай вярнула яе Алене Канстанцінаўне.
— Вам, грамадзяначка, трэба не да нас звяртацца, а ў крымінальны вышук. У ёй жа няма ні нумара поезда, ні нават даты…
У чарзе нехта засмяяўся, і гэты недарэчны смех нібы сцебануў Алену Канстанцінаўну. Яна таропка адышла ад акенца. На пероне села на лаўку, зноў прачытала тэлеграму.
«Няўжо ён вырашыў паздзекавацца? Ды і я, мабыць, вар’ятка. Праз столькі гадоў яшчэ на нешта спадзявацца…»
Ахрэм захаваўся ў памяці простым і трохі скупым на пяшчоту. I не толькі на людзях, але і калі заставаліся адны. Вялікі і дужы, ён нібы баяўся зрабіць ёй балюча, пакрыўдзіць мужчынскай настойлівасцю. Але ёй падабалася ягоная маўклівая грунтоўнасць, як і сарамлівыя пацалункі. Тады душа напаўнялася чаканнем чагосьці невядомага, што выпадае на долю не кожнай жанчыны. «А ён у мяне самы лепшы…» — у такія імгненні, якіх было няшмат, думала Алена Канстанцінаўна.
Пасля рэйса Ахрэм доўга прывыкаў да яе, хадзіў па пакойчыку асцярожна, як бы здзіўляўся хатняй утульнасці, і ў яе з’яўлялася гарэзлівае жаданне прытуліць мужа да грудзей, шапнуць, што старалася для яго і яна таксама толькі ягоная…
Яна рабіла выгляд, што не крыўдзіцца, калі Ахрэм сярод ночы збіраўся на траўлер. «Ты ўжо даруй, старая,— вінатава апусціўшы галаву, апраўдваўся ён.— У маіх матросаў няма такіх прыгожых жонак. Дык я пасачу за імі, каб не нарабілі глупства…»
Ён ішоў, а яна чакала. Гэтае чаканне не было такім салодкім, як пра гэта пісалі ў кніжках, а маўклівым і горкім: «Мо я і не патрэбна яму?..»
Толькі пазней, калі ад яе збег Валянцін, Алена Канстанцінаўна з адчаем зразумела, што не навучылася ці проста не хацела чакаць. Тады няўмелыя Ахрэмавы пацалункі, яго густы, бы карабельны звон, бас успаміналіся як лепшае ў жыцці, як шчыры падарунак за жаночую вернасць.
«За вернасць…— куточкамі вуснаў горка ўсміхнулася Алена Канстанцінаўна.— Якая ж вернасць, калі з’явіўся Валянцін?..»
Адчуўшы, што зусім змерзла, яна ўстала з лаўкі.
Над горадам, над залівам, над сопкамі павіс чорны парасон ночы. Густая цемра, як ліпкі мазут, расплылася па плошчы. Ноч быццам праглынула людзей. Амаль нікога не было на станцыі таксі, зачыніліся кіёскі, і толькі насупраць у магазіне сноўдалі пакупнікі.
Алена Канстанцінаўна заспяшалася ў магазін. Не хацела, каб раней за яе вярнулася дадому дачка. Тады будзе злаваць, што няма чаго павячэраць, і глядзець спадылба, нібы дзіця, у якога забралі цацку.
Вячэра ўжо даўно астыла, а Вольга ўсё яшчэ не прыходзіла. Алена Канстанцінаўна стаяла ля шырокага акна і глядзела на машыны, якія, разразаючы цемру, праносіліся міма. Дачка, калі затрымлівалася на рэпетыцыі, часта вярталася на таксі.
Гэта непакоіла Алену Канстанцінаўну. Неяк яна паспрабавала дапытацца ў Вольгі, хто яе праводзіць дадому. Тая паглядзела на яе з нямым дакорам.
— Ці ж я вінавата, што ты не знайшла сапраўднага мужчыну?
Алена Канстанцінаўна згадала Валянціна, які яшчэ тады, калі не прадавалі машын, толькі марыць мог займець хоць нейкі трафейны матацыкл,— і не знайшла, што адказаць.
Цяпер яна стаяла ля акна і адчувала, як трывожна б’ецца сэрца. Нават калі пачула, што ля пад’езда віскнула тармазамі таксі, на душы не палягчэла.
Раздзел трэці
У няяркім трапяткім святле ракет, што раз-пораз узляталі з суднаў, за бортам «Хуткага» ўзнікалі на лёдзе фантастычныя малюнкі: нейкія вежы з вусамі маржа, нешта падобнае на казачныя хаткі, разгалістыя дрэўцы.
Удалечыні сноўдалі маленькія фігуркі падрыўнікоў. Яны то вынырвалі з цемры, то зноў знікалі, і ад гэтай бязладнай мітусні верзлася, што хлопцы штурмуюць нейкую нябачную вяршыню
3 мегафонаў даносіліся адрывістыя каманды: хтосьці незласліва лаяўся, хтосьці дакладваў, што ў яго поўны парадак,— і ўсе гэтыя ўстрывожаныя гукі спляталіся ў нябачны клубок, які каціўся ад судна да судна.
Ніякіх распараджэнняў Забалотнаму не паступала. Аднак на ўсякі выпадак ён сабраў на палубе матросаў.
Максім адразу ўзлез на кнехт, паклаў нагу на нагу. Па ягоным твары бегалі палахлівыя водбліскі.
— Дзівак у чымсьці — чалавек,— уздыхнуў Худалей.— Нават калі кожны з нас быў бы геніям, усё роўна мы — нікчэмныя карлікі перад прыродай. У Каліфорніі, перадавалі, страшэнная засуха, у Іспаніі — паводка, а ў нас — во гэтыя льды. А чалавек лунае пасярэдзіне сусвету. Хоць, можа, і не назіральнік, але ж, хлопцы, і не ўладар… Арэ поле, тушыць пажары і будуе ледаколы… А тут бац — землетрасенне ці нейкі метэарыт прарвецца да зямлі…