— Ты выпадкам не збег адтуль?..— пакруціў пальцам ля скроні нехта з матросаў.
— Збег. Але пра гэта другім разам. Калі нам выдадуць пасведчанні, што мы прайшлі Арктыкай...
— За твой язык наўрад ці…
— Сціхні, божая кароўка,— адмахнуўся Максім.— Гэтым пасведчаннем будзеш ганарыцца, як медалём «За адвагу». I не таму, што праявіў реройства, проста паспытаў таго, што не кожнаму выпадае. А чалавек таму дзівак, што нават самая жудасная з’ява яго не толькі палохае, але і цікавіць. Вось і мяне цікавіць, чаму днём у Арктыцы лёд блакітны, а снег белы… I, можа, я пра гэта ніколі не задумаўся б, калі б не трапіў да Ахрэма Піліпавіча Забалотнага… Пабыў з ім і зразумеў: зямля не можа быць пакрыта цалкам лёдам і снегам — памрэ цывілізацыя. Вось таму,— ён засмяяўся,— побач з боцманам-таросам на судне яшчэ і я — маленькі сонечны зайчык…
Жарт атрымаўся трохі абразлівы. Ахрэм не ведаў, ці то шумнуць на Максіма, ці то прамаўчаць. Але тут яго паклікалі на хадавы мосцік.
Капітан, у накінутым на плечы кіцелі, размаўляў па радыётэлефоне.
— Я ж не шах персідскі, каб нагабляваць у гарэме дзесяць падрыўнікоў,— даводзіў ён некаму.— Нас у апошні момант уключылі ў караван. Ну так… Падвялі забеспячэнцы. Дабро. Будзе зроблена!
Паклаўшы на рычаг трубку, капітан паскроб пальцамі падбародак.
— Чуў?
Ахрэм прамаўчаў.
У тым, каб паслаць на падрыўныя работы дзесяць чалавек, ён не бачыў нічога незвычайнага. Прыцісне, дык і ў адным нацельніку пабяжыш. Пяць хлопцаў з пешнямі, пяць закладваюць зарады. Простая арыфметыка.
Яму згадаўся франтавы сябра Мікола-музыкант: хударлявы, з вялікімі і зялёнымі, нібы ў сібірскай кошкі, вачыма; увесь — бы клубок нерваў. Тады разам з дэсантам іх паслалі захапіць маленькі астравок у Баранцавым моры. Ды і які там астравок: плюнь — не трапіш.
«А як хоць называўся той астравок? — падумаў Ахрэм. Яму стала ніякавата, што ён не можа ўспомніць, дзе загінуў Мікола.— Дык як жа ён называўся?»
Ахрэм убачыў, што капітан зноў узяўся за радыётэлефон, і ўздыхнуў з палёгкай: зараз ён абавязкова ўспомніць. Так, Нардву… Кілпві… Гэта ўсё ў той год, калі загінуў Мікола. А трэці астравок як? Але на гэты раз памяць не адгукалася.
Тады ён быццам загаварыў з Міколам: яшчэ з жывым Міколам-музыкантам. Дзіўна, але Мікола не меў ніякага музычнага таленту і не ўмеў іграць ні на адным інструменце. Ды што там іграць: усе інструменты ён называў аднолькава лаканічна — «музыка».
Міколу на трафеі «шанцавала». Як вернецца з разведкі, абавязкова прыцягне нейкую музычную штуковіну. Збяруцца хлопцы, а ён стаіць пасярод грота, збянтэжана круціць у руцэ трафейны агрэгат і, быццам апраўдваючыся, расказвае:
— Значыцца, браточкі, я гранату ў дзверы — шах!.. У цемры намацаў фрыца: жывы, паразіт!.. Я яго, вядома, на абардаж. А сам рукой па стале шастаю. Адчуваю нешта цвёрдае. Ну, думаю, нейкі важны пакет, калі ў футляры. Здаю як мае быць ганса, лезу ў кішэню, і што вы сабе думаеце: замест карты — губны гармонік. Хацеў я фрыцу за такі здзек морду надраіць, ды вартавы не даў. Размахаўся, зануда, аўтаматам: гэта ўжо не фрыц, кажа, а палонны — хай цяпер будуе, што спаліў…
У гроце, вядома, рогат, а потым хто-небудзь і скажа:
— Ды выкінь ты да д’ябла гармонік фрыцаўскі. Лепей трафейны гадзіннік расстарайся…
Хударлявы Міколаў твар адразу пахмурнеў, а зялёныя вочы тужліва гаслі.
— Шкада, браточкі,— уздыхаў ён.— Як знішчым апошняга ганса, паклічу я, значыцца, нашых музыкантаў, уручу кожнаму па трафейным гармоніку і папрашу: грымніце, хлопцы, што-небудзь вясёлае, а я… эх, рукі ў бокі… і пайшоў скакаць. Ну, а калі знойдзе мяне якая-небудзь шалёная куля, дык і паміраць не страшна. Пальецца над маёй магілай з гэтых трафейных струментаў жалобная музыка, вы, хрысціяне, прыкладзяце да вачэй сваіх далоні, а я буду ляжаць і ўспамінаць, колькі ж я гэтых гадаў парашыў. I колькі буду ляжаць, столькі і ўспамінаць.
Калі ішлі з тым дэсантам, Мікола не ведаў, што не зайграюць над ягонай магілай музыканты. А над пасечаным хударлявым целам будуць спяваць пахавальную кулі, і матросы, таропка выкапаўшы неглыбокую ямку, закідаюць Міколу-музыканта каменнем.
Тады ён гэтага не ведаў. Схаваўшыся ад ветру пад брызентам, яны з Ахрэмам, апякаючы пальцы, цягнулі адну цыгарку на двух, і Мікола расказваў: