Выбрать главу

— Баязліўцам я ў дзяцінстве рос. Бывала, хлопцы-равеснікі кідаюцца з моста ў раку, а я як падымуся на гэты мост — адразу ў галаве пачынаецца завіруха… Колькі праз гэта непрыемнасцей перажыў! А вось зараз іду да гансаў па кампот, свярбіць на душы, што, можа, апошні раз, але не страшна… А калі пасвеціць нада мной святая багародзіца, прыеду дадому жывы, абавязкова прывяду на мост свайго сына. «Кідайся, бацькава семя. Кідайся, каб потым нічога ў жыцці не баяцца…»

Гэты ўспамін заўсёды балюча раніў Ахрэма. Яму здавалася, што ён — жывы — не выканаў свайго франтавога абавязку перад мёртвым сябрам. Ахрэм таксама некалі марыў пра сына. А вось застаўся адзін, бабыль…

Ахрэм адчуў, як узмакрэла спіна і да твару прыліла кроў.

— На фронце нічога не баяўся, а тут напалохаўся,— пакрывіўся ён.

— Ты на каго там бурчыш? — спытаў капітан

— Вайну чамусьці ўспомніў,— адказаў Ахрэм.— Сябра свайго, што загінуў.

— Гары яна сінім полымем, тая вайна… Але яе ў такой абстаноўцы і не хочаш — успомніш. Я дык малы тады быў, але памятка ў сэрцы засталася: у дзіцячым доме выхоўваўся. А ты ўсю вайну на моры?

— Ды не… Ужо і тэрміновую на флоце адслужыў, а тут на табе: немец палез. Наваліўся, што нават і да ваенкамата не паспеў я дабегчы. Вось і сабраліся такія непрыкаяныя ў гурт з акружэнцамі — і ў лес. Зброяй патроху разжыліся ды і пачалі казытаць фрыца… А пасля вызвалення, вядома,— у пяхоту-матухну. Ну, а далей, калі гансам ужо капут надыходзіў, трапіў на флот. Так і застаўся на моры.

— Хапіла табе, боцман,— паспачуваў Бокач,— А сям’я ў цябе ёсць?

— Жонка, кэп, была. Жонка…— глуха азваўся Ахрэм. Яму захацелася вылаяцца, каб другі раз Бокач не лез у ягоную душу.

— Дык дзе мы возьмем падрыўнікоў? — перакінуўся на іншае той.

— А ці трэба іх шукаць? Хлопцам — кароткі інструктаж, і — у атаку. На вайне нас не пыталіся. Ёсць загад: аўтаматы ў рукі, бесказыркі на патыліцу, стужкі ў зубы…— загарэўся Ахрэм.

Яго злавала недарэчная мяккасць капітана, мужыцкая разважлівасць, з якою той прымаў рашэнне.

Думкі ў галаве блыталіся. Набягалі ўспамінамі, паўзабытымі тварамі сяброў: грузін Рамаз — маўклівы і вечна галодны, Іван з Крычава — вастраносы, бы дзяцел, і пеўчы, нібы салавей… Многа іх было.

Ён з выклікам паглядзеў капітану ў вочы.

— Можаш ісці,— панурыўся Бокач.— Начальства вырашыла праверыць гатоўнасць падрыўных каманд. Выхад на лёд па зялёнай ракеце!

Калі Ахрэм выйшаў на палубу, яму здалося, што ён пабываў у лазні. Ён не прывык, каб за работу яму калолі ў вочы. I вось: апошні рэйс, дзесьці чакае не дачакаецца прычал,— такая непрыемнасць.

— Вось так, братка Мікола,— прыхінуўшыся спіной да поручня, услых сказаў Забалотны.— Не ведае і стары конь, дзе спатыкнецца…

У адсутнасць Ахрэма старпом паспеў ужо выдаць падрыўныя прылады. Каля іх задумліва стаяў Хвалей і, як наўмысна, пагладжваў свае піжонскія вусікі.

— Што засумаваў, сонечны зайчык? — адчуваючы, як нешта смокча сэрца, спытаў Забалотны.

— Загаду такога не было.

— I не будзе,— Ахрэм паглядзеў на хлопцаў.— Хто з вас шыбы ў дзяцінстве біў? Мо выпадкова, а мо наўмысна. Прызнавайцеся, галубкі, як на споведзі.

Матросы недаўменна пераглянуліся, але наперад ніхто не выйшаў.

— Я маю на душы такі грэх,— нарэшце азваўся Максім.

— Дык падзяліся вопытам,— падахвоціў Ахрэм.

— Які там вопыт. Адны эмоцыі і слёзы. Некалі гуляў з суседавай дачкой. А маці ў яе ну чысты боцман,— Максім схіліў галаву.— Прабач, Піліпыч, гэта не пра цябе… Як даведалася, што ў нас з Зойкай лямур, дык узяла ў моду надвячоркам зачыняць дачку ў хаце. Сітуацыя, я вам скажу. Выдумала старая, што кіну я Зойку з малым… Не вытрымаў я такога недаверу. Неяк шпурнуў у акно камень, а сам падаўся да ваенкома,— закончыў пад смех Максім і ўдакладніў: — Здалёку цэліў…

— Можа, ты яшчэ што-небудзь узрываў з такой абразы?

— Дынаміту не было.

— Будзе табе дынаміт,— у гэты момант Ахрэм канчаткова вырашыў узяць у падрыўную каманду Хвалея.— Ёсць магчымасць вызначыцца. Пойдзеш са мною на лёд.

Максім і брывом не павёў. Толькі дурнавата заззяў тварам.

— 3 табой, Піліпыч,— выгукнуў ён,— далібог хоць у жаночую лазню…

Чакалі зялёную ракету.

— Можа, у іх порах падмок? — спытаў нехта.

— Выдумаў. Звычайная перастрахоўка.

— Навошта варажыць, хлопцы,— улез у гамонку Хвалей.— Хто свайго чакае, той дачакаецца…

«Не заўсёды,— падумаў Забалотны.— Бывае ўсё жыццё чакаеш, а мо і шукаеш, ды не знойдзеш. А знайшоўшы, адразу згубіш…»

Ён не верыў, што чалавек, калі захоча, можа ўсяго дамагчыся. Пэўна, таму і не ставіў перад сабой задужа вялікіх мэт. Боцман — і хопіць. Ды і само жыццё быццам абараняла ягоныя жыццёвыя прынцыпы. Ці ж не хацеў ён жыць з Аленай?