Сустрэўся з ёй пасля вайны, калі Алене яшчэ і васемнаццаці не было. Саромеўся не толькі пацалаваць, але і ўзяць за руку. Ды і прапанаваў выйсці за яго неяк няўклюдна: «Мне вось начальства пакойчык дало…» I калі Алена паглядзела на яго прыхільна і шчыра, здалося, што ён узляцеў на грывастую крутую хвалю, якая шпарка панесла яго ў невядомае.
Ахрэм любіў вяртацца з мора. Глядзець, як рухава, з грацыёзнасцю, што невядома адкуль у яе з’явілася, ходзіць па пакоі Алена. Як бы незнарок, пакласці на яе маленькую цёплую далонь сваю загрубелую, усю ў шрамах і мецінах руку.
На беразе ён ужо прышукваў для сябе работу на суднарамонтным заводзе. Думаў зрабіць яшчэ колькі рэйсаў, каб на першы час хапіла грошай, і кінуць якар у самім Мурманску. Балазе на заводзе працавала многа былых матросаў.
Аднак прайшоў год, другі, а Забалотны так і не спісаўся са свайго судна. Камандзе шанцавала. Кожны раз траўлер вяртаўся ў порт з багатым уловам. Пералічваючы ў касе новенькія паперкі, Ахрэм, як чалавек, што зрабіў цяжкую работу, па-гаспадарску клаў іх у маленькі брызентавы чамаданчык.
Дома ён ставіў гэты чамаданчык на стол, і яму станавілася трохі крыўдна, што Алена не выказвае асаблівай радасці. Тады ён вінавата апускаў галаву: «Усё, старая, апошні рэйс, і прыпісваюся на вечную стаянку каля цябе…»
Саромеючыся, ён браў у свае яе маленькія зграбныя рукі і заглядаў у вочы. Яму станавілася так добра і спакойна, што паступова забываліся ўсе дробныя непрыемнасці, якіх хапала на пуціне. Ахрэм быццам раздвойваўся: няўтрымна і прагна клікала мора і хацелася, каб заўсёды побач была Алена.
«А ці мог я вырашыць неяк інакш? — падумаў Ахрэм.— Няўжо каханне павінна прывязваць чалавека, як казу да плота? Чаму і цяпер жанчыны чакаюць нават мёртвых, а Алена не магла чакаць мяне жывога?..»
— Максім,— ён хацеў сказаць «сонечны зайчык», але стрымаўся,— пасачы за парадкам, а я пайду на бак перакурыць.
— 3 чаго такая павага? Мо на павышэнне па матроскай лесвіцы іду?
— А ты як думаў? Цяпер маладыя лазуць, што мухаморы…
На баку нікога не было. Ахрэм з асалодай закурыў. Доўга глядзеў на бераг, дзе сям-там блішчалі ў цемры кволыя агеньчыкі. Нечакана ён падумаў пра Васіліну, што яна зараз робіць? Мо спіць як пшаніцу прадаўшы?
Ахрэм яскрава ўявіў яе ў пасцелі,— і адчуў, як у скронях нібы зазвінелі спакуслівыя малаточкі.
«Вось стары кнехт,— ужо амаль весела падумаў ён.— Жыццё шпурляе, быццам трэску, а не ўгаманюся. Ладна, хай сабе Максім. Дык той што флюгер: куды падзьме, туды і павернецца. А я?..»
Смеючыся ў душы, Ахрэм у роздуме паківаў галавой і пачаў спускацца па трапе. Ужо на палубе ўбачыў, як проста над галавой у чорнай маўклівасці неба загарэлася зялёная ракета.
Раздзел чацвёрты
Такога дажджу Вольга не помніла. Здавалася, што лілося не з нізкіх хмар, якія ледзьве не чапляліся за дахі дамоў, а аднекуль з бясконцай вышыні: празрыстыя кроплі быццам завісалі над асфальтам, а потым рассыпаліся над ім, нібы хтосьці біў аб зямлю крыштальны посуд.
Вольга радавалася гэтаму позняму асенняму дажджу: не трэба было спяшацца дадому. Рэпетыцыя даўно скончылася, але хлопцы з аркестра не разыходзіліся. Хацелі перачакаць дождж. Апошнім часам ёй перасталі падабацца хлопцы з аркестра. На адзін твар, як манекены ў вітрыне.
3 таго пахмурнага дня, калі пазнаёмілася з Ігнатам, Вольга нібы выпусціла калючкі, схавала ад хлопцаў свае перажыванні і пачуцці.
Кіраўнік аркестра, пэўна, зразумеў яе адчужанасць па-свойму, бо неяк спытаў:
— Можа, ты які-небудзь іншы калектыў нагледзела? Калі так, дык не круці: не ты першая шукаеш, дзе лепш…
— Яна, мабыць, замуж сабралася,— смеючыся, упікнуў нехта.— Бач, спее, як сліва…
— Усяму свой час,— стараючыся, каб не выдаў голас, адказала Вольга.— Можа, яшчэ каго-небудзь з вас вазьму. Хоць аркестр на вяселле не наймаць.
Яна з палёгкай убачыла на тварах хлопцаў пацяплелыя ўсмешкі і раптам падумала, што проста выдумала Ігната, як у дзяцінстве часта выдумляла сны.
Гэтыя дзіцячыя сны яна цяпер успамінала паблажліва, са зласлівай перавагай над той маленькай і неразумнай дзяўчынкай, якая верыла ў цуд. Тайком, каб не бачыла маці, яна брала з сабой у ложак пацёрты бацькаў фотаздымак. У скураной чорнай куртцы, з-пад якой выглядаў паласаты нацельнік, Ахрэм стаяў на замшэлым валуне, а за ім бегла пеністая стужка вады. Ён стаяў і ўсміхаўся. Усмешка ў яго была ледзь заўважная — толькі трошкі пакрывіліся куточкі вуснаў — і сарамлівая. Вольга заплюшчвала вочы і думала, што гэта бацька ўсміхаецца ёй.