Выбрать главу

Сказаў свеўскі цар Ліхдзею, як навучыла яго дачка, каб ён за адну ноч мост праз усё возера пабудаваў, а без таго, кажа, дачкі табе не аддам.

Паморшчыўся Ліхдзей і адказаў:

— Цяжкую ты мне работу даў, ды я не баюся яе.

I пайшоў языком лапатаць.

Так ды сяк і дзень прайшоў, настала ночачка. Падняліся на возеры гул, гоман ад безлічы галасоў, быццам з цэлага свету сабраліся сюды людзі на ігрышча — крычаць, рагочуць, смяюцца, свішчуць і няведама што лапочуць. Па возеры нібыта вецер ходзіць, такі шум, якога не бывае і восенню ў ветраныя дні. Вада так і плёскае, валы пайшлі, а кругом возера ўсё ціха, ні вятрынкі, ні шалясцінкі, чутно толькі, што на возеры бултыхаецца вада, стукаюць камяні адзін аб другі, бразгае жалеза.

Ад гэтага шуму, гулу ды бразгату прабудзіўся свеўскі цар. Прабудзіўся дый думае: авой, ліханька, што ж гэта значыць, кругом ціха, а на возеры людзі пасабіраліся? Ды як успомніў: можа, ліўскі цар даведаўся, што ён дачку сваю абяцаў аддаць рыцару Ліхдзею ды плыве па возеры да яго з вайною,— так перапалохаўся, што ледзьве знайшоў свае боты. Неяк сабраўся, выскачыў з хаты і пабег на возера паглядзець, што там такое дзеецца.

Прыбег да берага, бачыць — людзей не відаць, а шум, гул, рагатанне, бразгат, боўтанне — страх якія: ён прыжмурыўся ды як прыгледзеўся добра, дык і ўбачыў, што па небе самі лётаюць камяні і кідаюцца ў возера. Ужо нават зазначыўся каменны мост, больш як на тры чвэрці, праз усё возера.

Не пужлівы быў свеўскі цар, умеў пастаяць за сябе на вайне ў чыстым полі, нікога з ворагаў сваіх ніколі не баяўся, а тут так перапалохаўся, што і ножанькі крэпкія падагнуліся, і ручанькі дужыя затрэсліся і не рухаюцца. Здагадаўся свеўскі цар, чыя гэта работа. У тую самую хвіліну са страшэнным гулам праляцеў і з трэскам чмякнуўся вялізны, сажні на два, калі не большы, камень, блізенечка ад яго; цар адхінуўся і ледзь-ледзь на нагах устояў, бо зямля кругом закалыхалася, вада ад берага адкацілася, і зашумеў ад ветру лес. Пасля на возеры ўсё сціхла, быццам і не было нічога. Паглядзеў цар на ваду — стаіць як шкло: рыба гуляе, вакол лясы, быццам заснулі, ніякага шуму, у небе ціхія, ясныя зоры гараць так роўна ды спакойна, як царэўніны вочкі. I ўспомніў тут цар пра дачку сваю, і хутчэй пабег дамоў, бо баяўся, каб Ліхдзей не ўкраў яе. Паглядзеў — аж дачка спіць спакойна. Прылёг і ён крыху адпачыць.

Раніцай выйшаў цар з дачкою і з народам на возера і вачам веры не дае; дзівяцца ўсе: з каменняпабудаваны ледзь не праз усё возера, вярсты на паўтары, здаецца, мост. I калі б яшчэ трошкі, то ўпёрся б у іхні бераг, а на беразе, супроць моста, ляжыць камень з невялікую гару, раней тут ніколі яго не было. Рыцар жа Ліхдзей са сваім войскам прапаў, быццам скрозь зямлю праваліўся. I не засталося аб ім нават погаласу.

Царэўна радавалася, што цяпер можна праз мост да ліваў хадзіць. Але ліўлянам не спадабалася гэта, яны думалі, што свяўляне знарок пабудавалі мост, каб на іх вайною пайсці. Таму яны пакінулі сваё гарадзішча і пайшлі да сіняга мора, там яны абралі сабе новае месца, аселі на ім, набудавалі дамоў і назвалі новае гарадзішча Лівоніяй.

Царэўна як спярша радавалася мосту, так пасля, як пайшлі да мора ліўляне, глядзець на яго не магла. Зірне, бывала, на мост і на возера ды як укінецца ў слёзы, што аж сэрца замрэ глядзець, як яна заліваецца. I з твару змянілася, і схуднела, і вочы смутныя сталі. Сяброўкі колькі ні суцяшалі яе, нічога зрабіць не маглі. Яна ім не гаварыла пра сваю любоў да ліўскага цара, не гаварыла і таго, што ліўскі цар знарок адышоў ад сіняга мора, каб не ваяваць са свеўскім царом. Зналі пра гэта толькі яна сама ды яе бацька. Кажуць, што блізка года прайшло з таго часу, як ліўляне адышлі ад мора, а царэўна ўсё плакала ды гаравала і ні на якіх жаніхоў глядзець не хацела.

Прайшлі восень і зіма, надышла вясна другога года, а царэўна ўсё спадзявалася ўбачыць свайго мілага Ліграя.

Пайшла гэта яна адзін раз з сяброўкамі на ліўскую старану паглядзець на тыя месцы, дзе жыў- быў яе мілы цар Ліграй, мусіць, ёй хацелася сваю душаньку адвесці, успомніць, як бачыла яна яго першы і апоші раз у сваім жыцці. Прыйшлі яны на тое месца, куды ветрам прыгнала іх некалі, зірк, аж цар Ліграй ловіць рыбу.

Убачыў ён царэўну Рожу, кінуў нерат — і да яе. Яна так і кінулася яму на шыю, як раненая галубка. I радыя ж былі яны! Хапіла тут усяго: і плакалі, і смяяліся, і цалаваліся, і расказвалі, перабіваючы, адно аднаму пра сваё жыццё, пра сваё гаротніцтва, ад шчасця не ведалі, што рабіць.