Выбрать главу

Добрыя парады, якiя я пачуў у голасе Iншага, патрапiлi выдатна сьцерцi мяжу памiж абкружаючым мяне сьветам i тым, што найбольш асабiстае. Ён, безумоўна, хацеў, каб я не аддзяляў сапраўднасьцi паўзьмежжа ад сваiх уласных слабасьцяў, каб я iшоў далей, пакiдаючы за сабой дзяржаўныя, нацыянальныя i культурныя межы, скiроўваючыся да праўды аб самiм сабе.

Я назiраў за Вiнiкайцiсам, як ён суправаджаў гасьцей па кляштары, плаўна пераходзячы з польскай мовы на летувiскую. Кожны меў яго за свайго, а хутчэй хацеў мець за свайго, хоць усе i адчувалi, што яны толькi мiнакi ў месцы, якое ёсць яго домам. Ён ведаў iх мовы i звычаi. Дарма што ён адчыняў перад iмi розныя дзьверы, праводзiў iх у катакомбы i на вежу, ён усё-такi пакiдаў iх заўсёды перад брамай, якую пераступаў толькi адзiн, уваходзячы ў самы цэнтар. Ён там i жыў — грамадзянiн цэнтру.

Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.

Вяртаньне Сярэдняй Эўропы

Памяці недастаткова, каб захаваць адзінства із сваёй зямлёй, з собскай мінуўшчынай. Патрэбна яшчэ воля расшырэньня гарызонтаў і ахвота перажыцьця новых прыгодаў.

Жан-Мары Дамэнак, «Эўропа: выклік для культуры».

Здарылася гэта ў Грацы, дзе я затрымаўся па дарозе на Поўдзень. Здарылася гэта амаль на самай лініі, якую Чэрчыль у 1946 годзе працягнуў ад Шчэціна да Трыесту і назваў «зялезнай заслонай». Некалі гэтта затрымваўся Іва Андрыч, навучаючыся ўва ўнівэрсытэтах то Заграбу, то Вены, то Кракава, то Грацу. Калісь гэта было ў парадку рэчаў, а сёньня такое цяжка ўявіць. Гэта тут напрыканцы дваццатых гадоў XIX-га стагодзьдзя студэнт філязофіі Станка Враз, славенец, сустрэў Людэвіта Гая, харвацкага лідэра Ілірыйскага Руху, і пад ягоным уплывам стаўся харвацкім пісьменьнікам. Такое сёньня гэтаксама цяжка ўявіць. Гэта ў тутэйшых колах, на бачынах заснаванага пасьлей у Заграбе Врацам літаратурнага часапіса «Kolo», бурліва абмяркоўвалася ідэя адзінства славян, ідэя стварэньня разам з братамі сэрбамі супольнае мовы, супольнае фэдэрацыі... А потым адкрыліся чарговыя карты гісторыі Сярэдняй Эўропы: Ясеновац, Вукавар... Бывалі гэтта таксама палякі. У нейкі момант я нават падумаў аб каўні на вуліцы Тронэтгоф, дзе некалі можна было прыдбаць польскія часапісы, але падумку гэтую я ўборзьдзе адкінуў на карысьць сьціплае рэстарацыі з багатым мэню, як і прыстала сталіцы Стырыі.

Калі толькі я ўвайшоў да рэстарацыі, адзін стары, кінуўшы праз вакно позірк на рэгістрацыйны нумар майго самаходу, падышоў да мяне і спытаўся: «Ваша зь Сярэдняй Эўропы?» У мяне мову заняло. Што за пытаньне? Тут, на самай лініі ня так даўна яшчэ існай «зялезнай заслоны», гэты чалавек пра што ў ісьце ў мяне пытаецца? Пра прыналежнасьць да іншай Эўропы, гэтай беднай, хаатычнай, што пагражае людзём, якія жывуць у спакоі і дастатку? А можа ён мае наўвеце тое, што дзеецца ў колішняй Югаславіі? А можа антысэмітызм? Застаецца яшчэ пытаньне правоў чалавека (і жанок), нацыянальных мяншыняў (дагэтуль яшчэ ёсьць, трасца, і да таго ж вечна незадаволеныя), нястачы дысцыпліны, ляноты, п’янства, талеранцыі (але яна падцінае чыстую тоеснасьць), нацыяналізму (ну і што з таго, што на Захадзе ён таксама няблага маецца, наш значна горшы), плюралізму (дапушчэньня існаваньня чысьленых праўдаў, але ж ёсьць адна і абсалютная), летуценнасьці, наіўнасьці, сьмяцьця і адпадаючых тынкаў на вуліцах, пэўных пахаў... Што ён мае наўвеце? Усе гэтыя думкі перапляліся ў маёй крохкай сярэднеэўрапейскай постаці перад абліччам гэтага ахайна апраненага спадара, у гэтай бездакорна чыстай гасподзе, у якой аплата вядзецца стабільнай валютай, у гэтым заможным, рупатліва парадкаваным месьце, насельнікі якога могуць лякацца адно... Я адказаў: «Еду з Польшчы. Але таксама можна, відаць, сказаць, што... зь Сярэдняй Эўропы». Сытуацыя троху нагадвала размову з афіцыянткай у маім мястэчку, калі на зробленую замову я пачуў цьвярозае: «Але ў гэтым ёсьць сьвініна». Адказваючы, што ня ў гэтым рэч, я нават не прыпушчаў, наколькі вялікае расчараваньне я ёй дастаўлю. Урэшце ўсё было б ясна, ну і добра мець прынамсі аднаго жыда ў мястэчку. Ну так, але тады я выкрыў толькі пэўнае фальшывае ўяўленьне. А цяпер я ня мог запярэчыць. Я мог папраўдзе гэтага другога сказу не дадаваць, «з Польшчы» было б якраз досыць, альбо дадаць сьмела і папросту «з Эўропы». Я адчуў, аднак, што такім парадкам я б зьлякаўся і што гэты чалавек ведаў бы аб гэтым.

— Тады запрашаю да століка. Добра часам пагаманіць зь некім аб справах істотна няважных, або баржджэй важных неістотна. Калі Ваша не абразішся, то сёньня я прастаўляю, а назаўтрае — разумееш Ваша, назаўтрае — Ваша прастаўляеш. Я запярэчыў, сказаўшы, што заўтра я мушу быць у Любляне, на што пачуў гэткі адказ: «Ваша нічога не зразумеў. Зрэшты, Ваша мяркуеш, што мяне няма ў Любляне?»

Такім чынам, гэта здарылася ў Грацы, на славенскіх мапах пазначаным як Град’ец. Дзіўная гамана. Я намаўляў яго, што Сярэдняя Эўропа — гэта адно фантом і да таго ж фантом анахранічны. Ён быў іншае думкі. У пэўны момант я падумаў нават, што гэта фрустраваны анты-эўрапеец, які хапаецца за ідэю «нявіннай і чыстай» Сярэдняй Эўропы толькі затым, каб супрацьстаўляць сябе эўракратам і ўніфікатарам. Калі чуюцца галасы некаторых інтэлектуалаў аб тым, як мы патрэбныя Эўропе, або аб тым, што мы адзіныя перахавалі дух і праўдзівыя вартасьці эўрапейскае спадчыны, якія ў іншых мясцох усюдых ужо загінулі, то — пры ўмове, што падобныя галасы маглі гучэць таксама і ў XIX стагодзьдзі — цяжка дзівіцца нашым рамантыкам, а таксама некаторым песьняром ідэі Сярэдняй Эўропы, што паддаліся спакусе мэсіянізму. Што да майго суразмоўцы, гэта было, аднак, толькі павярхоўнае ўражаньне, якое ўборзьдзе перарасло ў зацікаўленьне ягонай асобай.

Паколькі я здагадаўся, што перада мной заўзятар прамінулых часоў, размову я распачаў, іранічным тонам разважаючы аб хваравітай габсбурскай і ягайлаўскай настальгіі, аб адзінстве ў разнароднасьці, аб «сьвятой блытаніне», аб «блуканьні, якое пасоўвае нас наперад», аб талеранцыі, якая падобная да букету розных красак, кожная зь якіх пахне йнакш, дапаўняючыся, аднак, узаемна; аб дзіўных краінах, у якіх «прынцыпам кіраваньня была тэорыя як так, так і гэдак», а баржджэй (беручы пад увагу наймудрэйшую мернасьць) ні так, ні гэдак, што троху пасьлей ператварылася ў я за, і нават супраць; аб гэтым ці то Ўсходзе, ці то Захадзе, што валодае «задаткамі шматпартыйнае сыстэмы і прызвычаеньнем да аднапартыйнае»; аб зьяве, што валодае «манаполіяй на няпэўнасьць», «гарызонт» якое «ёсьць надзвычай няясны»; аб краю, які нават паэты ўважалі «баржджэй за гарачкавы сон, чымся за нешта канкрэтнае». Да таго ж усё ўфарбавана ў ружовы калёр, пад якім крыецца агрэсія, ксэнафобія і ўзбрынялая пыхаватасьць. Навет калі ён перабольшваў, калі ягоныя ўспаміны былі іншымі, гэта і так прамінулы сьвет, затопленая Атлянтыда. Я прыводзіў прыклады Андрыча, Враца. Што засталося з гэтага ўсяго? Просьба прыгледзецца да паведамленьняў у сёньняшняй прэсе з колішняй Югаславіі. А ці ў вашай тэлевізіі не паказваюць рэпартажаў з сучаснай Сылезіі або Трансыльваніі?

Ён падтакваў, як бы хочучы мяне супакоіць. Так, Сярэдняй Эўропы «ўжо няма і яшчэ няма». Ён зьвярнуў увагу, што падобна як я, калі толькі пачынаў гаварыць аб Сярэдняй Эўропе, якга прыводзіў цытаты. А калі толькі ў далейшых ягоных выказваньнях пачалі зьяўляцца далікатныя аналёгіі, амбівалентнасьці, аўтаіранічныя дыгрэсіі, лёгкая дыстанцыя да найістатнейшых справаў, парадоксы і паліфанічныя сугалосьсі, я няўзнак пачаў адчуваць усё большую зь ім блізіню. З гэтай думкай «ужо няма і яшчэ няма» я мог не згаджацца, але ўжо само ейнае гучаньне і канструкцыя былі прыцягальнымі.