Выбрать главу

В.А.: З той жа нагоды яшчэ i адцягненае пытаньне: мера тоеснасьцi iнтэлектуальных рэфлексiяў Кшыштафа Чыжэўскага гiсторыi падзеяў. Плён iнтэлектуальных рэфлексiяў цi, шырэй, iнтэлектуальнай дзейнасьцi, напэўна, фармуе бiяграфiю суб’екта, але цi ёсьць бiяграфiя суб’екта тым, ад чаго залежыць чын i кшталты iнтэлектуальнага рэфлексаваньня? Адным словам, цi ўплывае бiяграфiя Кшыштафа Чыжэўскага на тое, што i як ён прадумваў у сфэры iнтэлектуальнай праблематыкi?

К.Ч.: Сярод людзей бываюць такiя, якiя зьдзяйсьняюць далёкiя падарожжы, не пакiдаючы дому або свайго кабiнэту (такiм быў Кант або Бруна Шульц), а таксама такiя, якiя маюць свой дом у дарозе. Я, вiдавочна, належу да другiх. Я чалавек дзеяньня, практыкi, надзвычай адчувальны на mimesis, на дотык сапраўднага, якое ўтойваецца i несупынна запрашае да далейшага падарожжа. Таму сьпярша адбываецца пагружэньне ў жыцьцё, у канкрэтную практыку, адкрытасьць да прыгодаў i перажываньняў, а пасьля надыходзiць рэфлексія... Мае iнтэлектуальныя развагi нагадваюць занятак вандроўнiка, якi затрымлiваецца ў нейкай схованцы ў гарах, каб пераначаваць, адкрывае нататнiк i спрабуе назваць тое, што на працягу дня ён перажыў. У гэтым сэнсе маё жыцьцё мае аснаватворнае значэньне для iнтэлектуальнай рэфлексii. Каб мець, чым запоўнiць нататнiк, я выбiраюся ў падарожжа, ахвочы да адкрытай прасторы, беспасярэдніх сустрэч зь людзьмi, пагружэньня ў новую стыхiю, у невядомае...

В.А.: Цi можна хаця б прыблiзна акрэсьлiць тое эстэтычнае i iнтэлектуальнае поле, дзе Вы сфармавалiся як культуроляг (фiлёзаф)?

К.Ч.: Адказваючы, я мушу прывесьцi некалькi ўзаемазвязаных узьдзеяньняў, якiя коратка я б назваў так:

• выхад з гораду — з часоў Жан-Жака Русо i Анры Тато у нашай культуры важнае значэньне мае пазыцыя, альтэрнатыўная да дамiнацыi гарадзкой цывiлiзацыi, якая шукае новых вытокаў i магчымасьцяў у сельскiм асяродзьдзi або ў малым мястэчку, у блiзiнi прыроды; невыпадкова Русо лiчыцца патронам новай навукi — культурнай антрапалёгii, якой я вельмi цiкаўлюся;

• антрапалягiчнае вандраваньне — гэтае вызначэньне я ўжыў ужо раней у дачыненьнi да таго, што рабiў у сваiм жыцьцi, і разумею пад гэтым вандраваньне да вытокаў пэўных культураў i традыцыяў, часта вельмi старых, не закранутых яшчэ пячаткай сучаснасьцi; цiкавыя вынiкi гэтых досьледаў найчасьцей давалi штуршок да вельмi сучасных фiлязофскiх або навуковых сыстэм, а таксама авангарднага мастацтва; такiя вандроўкi праводзiў i сацыёляг Клёд Левi-Строс, i мастакi Пiкаса або Гаген, i пiсьменьнiкi An-sky* (каб напiсаць «Дыбука») або Вiнчэнз (каб напiсаць «На высакагорнай пашы»), i рэжысэр Вэрнэр Герцаг i г.д. Для мяне гэтае антрапалягiчнае вандраваньне было зьвязана спачатку з тэатрам — побач з «Гардзянiцамi» былi таксама Ежы Гратоўскi, Пэтэр Брук або Эўжэнiа Барба, зь якiмi я пазнаёмiўся, зь якiмi падарожнiчаў i вёў гаворку. Гратоўскi вандраваў на астравы Балi, Брук у Афрыку, Барба скiроўваўся да паўднёва-амэрыканскiх iндзейцаў, мы на Палесьсе або Лемкаўшчыну — пазнаючы iншыя культуры, рытуалы i традыцыi, мы, такiм чынам, насамрэч шукалi праўду аб самiх сабе, жыхарах ХХ стагодзьдзя, якiя забылiся або згубiлi значэньне пэўных словаў, што дазваляюць расшыфраваць таямнiцу iснаваньня;

• Зямля Ульро — гэтае падарожжа сучасных шукальнiкаў страчанай зямлi, дзе пануе Фантазiя i духоўнасьць, вольная ад зьняволеньня рацыяналiстычна-навуковым сьветапоглядам, дзе чалавеку вернутае enracinement (так Сымона Вайль вызначыла ўкараненьне), дзе Блэйк перамагае Ньютана — гэтае падарожжа, апiсанае ў тым лiку i Мiлашам, ёсьць для мяне адной з найважнейшых сьветапоглядных iнсьпiрацыяў;

• этас паўзьмежжа — глыбока гуманiстычная пазыцыя, сфармаваная ў шматкультурных грамадзтвах, з далекасяжнымi экзыстэнцыяльнымi iмплiкацыямi (адкрытасьць для iншага, су-iснаваньне зь iншым — гэта парог, якi неабходна прайсьцi ў духоўным разьвiцьцi: да гэтага мы ўсьцяж застаемся паганцамi), якая можа iнсьпiраваць фiлязофiю (напрыклад, філязофія дыялёгу Марцiна Бубэра) або творчасьць (напрыклад, паэзiя Паўля Цэлана) i адначасна ўяўляе сабой бясцэнны жыцьцёвы praxis людзей, што жывуць у супольнасьцi;

• дзейная культура — гэтае паймо ўвёў Ежы Гратоўскi, калi адмовiўся ад падрыхтоўкi прадстаўленьняў для публiкi i запрасiў людзей да ўдзелу ў самiм творчым працэсе; я i дагэтуль маю падобнае стаўленьне да культурнай дзейнасьцi — я незадаволены падзелам на крэатара i спажыўца (гэта кашмар сучаснай культуры, якая з аграмадных масаў людзей робiць толькi спажыўцоў усё лепш прыпраўленых ласункаў), я шукаю сустрэчы, дыялёгу, адкрытага працэсу тварэньня.

В.А.: Мы збольшага ведаем кола тых праблем, якiя Вы раней асэнсоўвалi ў сваiх тэкстах. А над чым рэфлексуе Кшыштаф Чыжэўскi сёньня i што яго завабiць заўтра?

К.Ч.: Мы жывем у эпоху, калi заняпала цывiлiзацыя, якая ў нашай частцы Эўропы выявілася ў такiх наднацыянальных арганiзмах, як дынастыя Ягайлавічаў, Вялiкае Княства Лiтоўскае, габсбурская манархiя або асманская iмпэрыя. Цiкава, што мы амаль не заўважылi гэтага заняпаду, паколькi ў пэрыяд, калi ён канчаткова адбыўся, або падчас першай сусьветнай вайны, мы былi занятыя аднаўленьнем дзяржаўнасьцi i пабудовай нацыянальных дзяржаваў. Толькi сёньня мы пачынаем усьведамляць сабе, што адбылося тады i што мы страцiлi. Гаворка тут ня йдзе ні пра апатэоз таго, што было, нi пра адмаўленьне здабыткаў нацыянальных i незалежнiцкiх памкненьняў. Лёгка сьцьвярджаць, што занепадаючыя шматнацыянальныя арганiзмы былi хворыя i разьдзiраныя нутранымi слабасьцямi, а нацыянальныя рухi мелi на сваiм баку выбiтных асобаў, i iх дасягненьнi ў пытаньнi абароны нацыянальнай тоеснасьцi бессумнеўныя. Гаворка, аднак, iдзе аб пэўным цывiлiзацыйным выклiку, перад якiм мы iзноў цяпер стаiм i якi ня ў стане пераадолець нацыянальная дзяржава, i тым больш нацыянальная iдэалёгiя. Таму такой важнай стаецца сёньня тая спадчына, таму жывой застаецца iдэя Сярэдняй або Сярэдне-Ўсходняй Эўропы, таму такiм важным цяпер зьяўляецца польска-беларускае або беларуска-ўкраiнскае паразуменьне. Мы жывем у вельмi цікавую эпоху, ужо не зьмярканьня, не згiбеньня, а стварэньня й будаваньня. Ад нас, хто жыве ў гэтую эпоху пералому, залежыць, цi адказ, якi мы даем на сытуацыю, узьнiклую ў Сярэдне-Ўсходняй Эўропе, будзе адно адаптацыяй узораў Захаду на нашым грунце, цi нашай уласнай, адмысловай прапановай.

В.А.: Наколькi нам уяўляецца, Беларусь як суб’ект эўрапейскай гiсторыi ня мае нейкага пэўнага месца ў кантэксьце Вашых развагаў над актуалiямi сучаснай эўрапейскай сытуацыi. Але цi iснуе ўвогуле для Вас Беларусь як суб’ект эўрапейскай гiсторыi? А калi iснуе, то якiм Вам гэты суб’ект бачыцца ў сэнсе яго значэньня, месца, ролi?

К.Ч.: Ужо з таго, што я сказаў дагэтуль, вынiкае, што «беларуская справа» для мяне надзвычай важная. Я зьвяртаюся да вас як да партнэра, неабходнага, каб адолець гэны цывiлiзацыйны выклiк. Як iнтэгральнай часткай «Дзядоў» Мiцкевiча ў «Гардзянiцах» былi беларускiя песьнi, так i «беларуская барва» будзе iнтэгральнай часткай вобразу супольнасьцi, якая фармуецца ў гэтай частцы Эўропы. На жаль, i цяпер няшмат людзей бачыць гэты вобраз ува ўсiм яго будучым патэнцыяле, кiруючыся хутчэй пякучай патрэбай — напрыклад, у Польшчы Беларусь пачалі згадваць толькi тады, калi iзноў рэальнай стала магчымасьць вяртаньня расiйскай армii на нашу ўсходнюю мяжу. Шмат карысьцi магло б прынесьцi ажыўленьне нашай супольнай культурнай спадчыны, якая ў вялiкай ступенi забытая або прысутнiчае ў сьвядомасьцi ў тэндэнцыйна ўцятай i сфальшаванай форме. Паралельна, аднак, трэба ствараць новую традыцыю нашых кантактаў i супрацоўнiцтва. Для мяне зразумела, што Беларусь цяпер знаходзiцца ў iншым моманце свайго разьвiцьця, чымся Польшча, што ў вас яшчэ ня скончылася барацьба за ўмацаваньне ўласнай тоеснасьцi, за сфармаваньне сучаснай нацыi, за незалежнае гаспадарства. Аднак зьяўляюцца шанцы, каб Польшча была хаўрусьнiкам у вашай справе, каб яна загладзiла тыя недаравальныя грахі, зьдзейсьненыя ў дачыненьнi да беларусаў на пачатку гэтага стагодзьдзя, такiя, як рыскi трактат i iншыя памылковыя рашэньнi. Бо такога хаўрусу памiж намi не было вельмi, вельмi даўно, i ў гэтым шанец на яго ажыцьцяўленьне.