Выбрать главу

Валерка БУЛГАКАЎ: Цi зьмянiлася Ваша ўяўленьне аб Беларусi пасьля наведваньня нашай краiны? Цi ўяўляе сабой вобраз Беларусi зблiзку i здалёк тое самае?

К.Ч.: Я ўжо некалькi разоў быў ў Беларусi, але ў Менску ў першы раз. Сам Менск зрабiў на мяне вялiкае ўражаньне, паколькi раней я ўяўляў яго як савецкi горад, накшталт — толькi ў меншым маштабе — Масквы, якая для мяне ёсьць антычалавечым горадам, гэта значыць, што ўсё там пабудаванае, увесь той аграмадны малох, вялiкiя шэрыя прасьцягi, вулiцы, якiя сягаюць проста i ня маюць канца, гiнучы ў нейкай неакрэсьленай неабсяжнасьцi, халодныя будынкi безь пячаткi асабістасьці i адметнасьцi — усё гэта скiравана супраць паасобнага чалавека. Тым часам сталiца Беларусi падалася мне горадам, пабудаваным на меру чалавека, чыстым i гарманiчным у архiтэктуры, у якой нават сацрэалiзм намагаецца быць вытанчаным. Апрача гэтага мяне ўразiла вялiкая колькасьць акцыдэнтальных элемэнтаў, так далёка высунутых на Ўсход, з чаго тут усюды адчуваецца якраз паўзьмежжа, i гэта ня толькi ў архiтэктуры, а таксама ў мэнтальнасьцi людзей, у завядзёнках. Да гэтага я дадаў бы яшчэ тое, што для мяне заўсёды зьяўляецца важным сымптомам грамадзкай кандыцыi — дужая колькасьць цiкавых кнiг i навуковых альбо культурных часопiсаў, якiя я мог купiць у менскiх кнiгарнях. Беручы пад увагу сытуацыю, у якой сёньня знаходзiцца Беларусь, палiтычную i эканамiчную сытуацыю, самаадданасьць i амбiцыi вашых элiт можа выклікаць адно пашану. Зрэшты, я сам быў запрошаны ў рэдакцыю часопiсу «Фрагмэнты», праграма якога вельмi амбiцыйная, i зычыць толькi трэба, каб удалося яе рэалiзаваць. Найбольш, аднак, добрых уражаньняў зь Менску я вынес з сустрэчаў i дыскусiяў з самiмi людзьмi. Я гэта ўжо падкрэсьлiваў, што ў адрозьненьне ад сустрэчаў на розных мiжнародных форумах Заходняй Эўропы, у якiх мне выпадала ўдзельнiчаць, дзе часта размаўляюць ні аб чым, прыводзяць мноства слоў, дзе не апэлююць нi да якой практыкi, у якiх на ўсё маецца шмат часу i г.д., — таму ў адрозьненьне ад гэтага прыезд у Менск — гэта сапраўдная радасьць, бо тут сустракаюцца людзi, якiя насамрэч нечым захоплены, якiя цiкавяцца сьветам i новымi iдэямi, якiя гатовыя да дзеяньня i ня маюць часу на пустое балбатаньне, зь якога не вынiкае нiчога. Сярод iх ёсьць людзi, заангажаваныя ў беларускае нацыянальнае адраджэньне, у iдэю Сярэдняй Эўропы, у пытаньне эўрапейскай iнтэграцыi. Цiкава, што гэта часта адны i тыя ж людзi, а нацыянальныя i ўнiвэрсальныя справы не знаходзяцца ў супярэчнасьцi, як гэта часта бывала ў мiнуўшчыне. Я мяркую, што гэта важны знак часу — пазыцыя людзей, якiя змагаюцца за сваё (лякальнае, нацыянальнае, дзяржаўнае) i адначасна iмкнуцца да адкрытасьцi, iнтэграцыi, пабудовы пэўнай вышэйшай, цывiлiзацыйнай супольнасьцi.

В.Б.: Цяжка пазбыцца перакананьня, што ўсе мы цяпер зьяўляемся сьведкамi ўзьнiкненьня так званага беларускага «цуду» (паводле аналёгii з паўднёва-карэйскiм цудам і г.д.), зразуметага хутчэй у нэгатыўным сэнсе. Цi не мяркуеце Вы, што Беларусь перабывае ў другім экзыстэнцыяльным вымеры, што Беларусь мае сваю ўласную вiзiю атачаючага сьвету i самой сябе ў гэтым сьвеце? Паспрабую сфармуляваць гэта яшчэ больш правакацыйна: цi не мяркуеце Вы, што цяпер беларуская культура з культуры адставаньня ператвараецца ў культуру адхiленьня?

К.Ч.: Беларусь — гэта краiна, у якой дагэтуль вёска — замкнёная, алергiчная на такiя вартасьцi, як свабода або ператварэньне, якая зацята баронiць статус-кво — перамагае горад, у якiм значна хутчэй прышчапляюцца зародкi трансфармацыi i разьвiцьця. У гэтым яна не адасобленая ў нашай частцы Эўропы. Прыклад Новай Югаславii, у якой дыктатарскi рэжым Мiлошавiча дагэтуль утрымлiвае ўладу дзякуючы падтрымцы сельскага электарату i церпiць усё большыя паразы ад жыхароў гарадоў, вельмi нагадвае сытуацыю Лукашэнкi, якi абапiраецца на савецка-калхозны электарат. У гэтым выпадку неадэкватным зьяўляецца нават само паймо вёскі, бо што супольнага зь вёскай мае савецкi калхоз? Мае толькi тое, што ён зусiм зьнiшчыў гэтую традыцыйную вёску. Таму паймо вёскі я ўжываю адно ўмоўна, адначасна ўсьведамляючы ўсю недасканаласьць майго параўнаньня — паколькi нямала прыхiльнiкаў i Мiлошавiча, i Лукашэнкi можна знайсьцi ў гарадох. Аднак гэта ў Бялградзе і Менску нараджаецца грамадзкi пратэст, i гэта з правiнцыi супраць яго накіроўваецца хваля атак, як яшчэ некалькi гадоў таму шахтары з правiнцыi атакавалi «згнiлых» студэнтаў i iнтэлiгентаў у Бухарэсце. У Румынii гэты бой ужо мiнуўся, а ў Югаславii i Беларусi дагэтуль яшчэ ня скончыўся. Я, аднак, мяркую, што перамога гораду — гэта толькi пытаньне часу, што гэта натуральны i немiнучы працэс. У гэтым сэнсе Беларусь ня будзе нiякiм выключэньнем, нiякай «культурай адхiленьня». Нават калi згадзiцца, што беларускае грамадзтва ў параўнаньнi зь iншымi больш памяркоўнае i рахманае, менш схiльнае да забурэньняў i рэвалюцыяў, гэта нiяк не запынiць натуральнага працэсу высоўваньня гарадзкой фармацыi на першы плян. I я тут надта не пераймаўся б, не ставiў бы на рэвалюцыйныя перамены, а хутчэй канцэнтраваўся на арганiчнай працы, якая б рыхтавала грунт пад немiнучыя ператварэньні.

В.Б.: На заканчэньне я хацеў бы запытацца, якое месца рэальна адводзiцца беларусам i Беларусi ў Вашай культурнай дзейнасьцi? Цi дачакаемся мы беларускага нумару часопiсу «Краснагруда»?

К.Ч.: Беларуская справа ад пачатку займае важнае месца ў дзейнасьцi «Паўзьмежжа». Я вельмi добра памятаю лiст, якi мы атрымалi неўзабаве пасля ўзьнiкненьня нашага Цэнтру ад Ежы Гедройца, аднаго з нашых лідэраў i апекуноў, у якiм ён горача заахвочваў да захадаў на карысьць польска-беларускага супрацоўнiцтва. Гэта не засталося без рэха. У нашых праектах часта ўдзельнiчаюць як беларускiя дзецi i моладзь, так i беларускiя мастакi i iнтэлектуалы. Мы маем вельмi добрыя кантакты зь беларусамi ў Польшчы — такiя людзi, як Сакрат Яновiч або Лявон Тарасэвiч частыя госьцi ў нас. У праводжанай намi эўрапейскай школе Паўзьмежжа ўдзельнiчае адносна шмат беларусаў. Беларускiя тэмы зьяўляюцца i ў нашай «Краснагрудзе». Пасля апошняга вiзыту ў Менск, калi я пераканаўся, што маю там вельмi добрых партнэраў для супрацоўнiцтва, я пачаў сур’ёзна думаць аб падрыхтоўцы спэцыяльнага нумару нашага часопiсу, прысьвечанага Беларусi. Гэта будзе нялёгка, бо я вельмi патрабавальны ў падрыхтоўцы матэрыялаў, да таго ж праблема палягае i ў добрых перакладчыках зь беларускай мовы на польскую, трэба сабраць разам вялiкую колькасьць вельмi разнароднага матэрыялу... i г.д. Я, аднак, не сумняюся, што гэты праект нам удасца рэалiзаваць. Зрэшты, гэта будзе вельмi добры жэст на карысьць польска-беларускага i беларуска-сярэднеэўрапейскага супрацоўнiцтва. Цiкава, што Беларусь скажа Сярэдняй Эўропе?

Лета 1997 г.

* Шыман Ан-скі (Szymon An-sky, спраўднае імя і прозьвішча Салямон Сэйнвіль Рапапорт, нарадзіўся ў 1863 годзе ў Віцебску) — пісьменьнік, этнограф, адзін з найбуйнешых дасьледнікаў культуры ідыш. Назапашваў этнаграфічныя матэрыялы падчас шматлікіх падарожжаў. Іх плёнам былі тысячы фатаздымкаў, апавяданьні, легенды, песьні, рукапісы, іншыя дакумэнты. Найбольшай вядомасьцю карысталася яго драма «Dybuk. Na pograniczu dwóch Światów» (1916). Памёр у 1920 годзе. — Зацем перакладніка.

* Кшыштаф Чыжэўскі — буйны польскі культурны дзеяч, эсэіст, перакладнік.

15–17 кастрычніка 1998 году выступіў на канфэрэнцыі «Культура Літвы і Польшчы ў гісторыі. Тоеснасьць і суіснаваньне», арганізаванай Міжнародным цэнтрам культуры ў Кракаве, са спавешчаньнем «Духоўнасьць Вільні».

12 лістапада — 3 сьнежня 1998 году на запрашэньне Remarque Institute наведаў ЗША і Канаду (Флорыду, Нью-Хавэн, Таронта), дзе правёў шэраг сустрэчаў і лекцый.

21 траўня 1999 году ўзяў удзел у канфэрэнцыі «Unity with Diversity — A Multicultural Europe», адбытай у Вене.

25 траўня 1999 году Кшыштаф Чыжэўскі на прапанову Ежага Гедройца атрымаў прэмію «Male Berщo Kultury Polskiej» («Малое жазло польскай культуры»).

10 траўня 2000 году прачытаў лекцыю «Параўнаньне: культурна-гістарычны дыялёг Польшчы зь Літвой» у Варшаўскім унівэрсытэце.