Выбрать главу

Як зьмест, так i форма зьяўляюцца ў вялiкай меры традыцыямi нацыянальнай лiтаратуры, культурным кодам i ўсiмi знакамi, якiя абумоўлiваюць гэта, якраз з чаго i складаецца першасная адметнасьць, якою як бы зарастае ўся паверхня беларускай iндывiдуальнасьцi. Пагружэньне творцы ў яе прадоньнi стварае яму безумоўныя шанцы на неадкладны кантакт з уласным чытачом, але ў сытуацыi недастатковай падрыхтаванасьцi таго чытача i адсутнасьцi разьвiтых iнтэлектуальных элiт гэта пагражае яму, аўтару, своеасаблiвай разумовай лянотай, недалёкiм адыходам за рамкi графаманii. I таму зубожаньнем таленту, здрабненьнем яго ў плебэйскiх нiзiнах, замiрэньнем з мастацкiм мiнiмалiзмам. Не ўсюды гэта вылучаецца як самадастатковая зьява: напрыклад, паймо народнага пiсьменьнiка ў Польшчы i Расii, апрача блiзу iдэнтычнага прыняцьця станавай дзяржаўнасьцi, успрымаецца дыямэтральна па-рознаму: у Маскве як найвышэйшая пашана, i гэта пачынаючы з эпохi Уварава, а ў Варшаве ледзь не як сенцы ў храм мастацтва.

Не выпадкова польская крытыка залiчвае лiтаратурныя дасягненьнi беларускай нацыянальнай мяншынi у сялянскую плынь (iдэолягам гэтага стаў Гэнрык Бэрэза, найбольш поўна вызначаючы яе ў сваёй кнiзе «Związki naturalne»). Пiсьменьнiкаў «Белавежы» такая клясыфiкацыя раздражняе з цалкам iншых прычын, чымся, скажам, Веслава Мысьлiўскага або Станiслава Срокаўскага, якiх цiкавiць знаходжаньне ў пантэоне нацыянальнай лiтаратуры, а не на п’едэсталах занядбанай вёскi. Палякi безупынна ўзмацняюць у нас падазрон, што мы трактуемся iмi як сымпатычныя няўдачнiкi, якiя толькi акружным шляхам iмкнуцца да польшчыны, бы даўныя ўнiяты ў Лiтве, што летуцелi аб зьлiцьцi з рымскiмi каталiкамi... Гэтыя амаль-палякi неўмiнуча атрымаюць належную ацэнку. Але мы, загнаныя ў комплексы, вытвараем у свой ужытак масу меншых, якія надта даспадобы нам. Уздрыгваем перад спробамі называць нас лiтаратурнымi селакамi, мы ненавiдзiм пазаваньне a la mujic (мужык): надрыўна тлумачым, каму трэба i ня трэба, што мы народ, а ня нейкая групка па суседзтве. Урэшце мы пазьбягаем варшаўскiх салёнаў, гэнай абструкцыi; ладзiм свае «абеды па чацьвяргох».

Лiтаратура беларускай меншынi ў Польшчы ня ў стане наўпрост пазьбягаць прынамсі падтэкстаў антыпольскiх. Гэта не вынiкае зь нейкага невылечнага нацыяналiзму, бо гэтая паталёгiя сярод культурных людзей выклiкае пачуцьцё сораму, параўнальнае з «набыцьцём» сыфiлiсу. Аднак апавяданьне — гэта не артыкул у газэце, i калi ў iм закладзена iмкненьне перажыць свайго стваральнiка, яно павiнна зьмяшчаць нейкую праўду аб жыцьцi. А беларуская праўда не заўсёды супадае з польскай. Вось i чарговая дылема творчасьцi: даць ёй спакой i пашукаць субстытут? Але, у такiм выпадку, цi будзе гэта лiтаратурай? Або баржджэй сьпевамi арфэя, прысьвечанымi сабе i музам? Якая доля нацыi, такое i пiсьменства. Беларус замiнаў паляку, раптоўны жыхар у тым жа самым доме, што прэтэндуе на асобную кватэру.

Завяршаючы зьмешчаныя вышэй меркаваньнi, зьвернемся да тэзы маладога дасьледнiка з ЗША, Адама Замойскага: сучасная Беларусь зьявiлася на сьвет Божы як нацыя з нацыi. Яшчэ для дзекабрыстаў i на пакаленьне пазьней Польшча пачыналася расейцам недзе за Смаленскам, i ўжо напэўна ў Вiцебску i Магiлёве. Беларуская нацыянальная мяншыня ў сёньняшняй Беласточчыне часткова перабывае ў такiм застыглым анахранiчным часе, зь цяжкiм комплексам сірочасьці, якi нават мацуецца Рэспублiкай Беларусяй, дзяржавай чыста сацыяльнай, не нацыянальнай (такога няма ў суседняй зь ёй летувiскай мяншыні, якая адчувае апякунскi подых матухны-Летувы).

Таму ў нашай лiтаратурнай творчасьцi нячаста сустракаюцца ўсебеларускiя паралелi, нiбыта нiколi i не было пупавiны... Эмiграцыйныя лiтаратары на Захадзе — гэта хутчэй менска-гарадзенскія, чымся мы з тае самае некалі губэрні, паколькi яны вынесьлi з сабой важкi багаж сфармаванай i сягаючай усярэдзiну беларушчыны. У нас жа беларускi рух быў перапынены пасьля вайны, жменька iнтэлiгенцыi загiнула ў савецкiя дэпартацыi або ад куляў пасьляакоўскага падпольля, якое кiравалася стэрэатыпам: беларус—камунiст. Дастаткова сказаць, што, засноўваючы напрыканцы пяцьдзясятых гадоў гурток маладых лiтаратараў пры рэдакцыi беларускамоўнага тыднёвiку «Нiва» ў Беластоку, мы мелi досыць агульныя i цьмяныя ўяўленьнi аб iснаваньнi беларускай лiтаратуры, i толькi некалькi чалавек нешта ведалi аб ёй з падручнiкаў для лiцэяў. Нас чакалi штудыi i вельмi запозьненая прафэсiйная сьпеласьць; Беласток тады быў наагул культурнай пустыняй, i таму нас у пэўным сэнсе напаткала доля згаданых самавукаў нашаніўскай пары, дарма што мы менш марудна дабіліся адукаванасьці і хутчэй авалодвалi тайнiцамi мастацтва слова (асяродзьдзе, якое вырашала аб лiтаратурным працэсе, вырасьла ў нас толькi пасьля). Некаторыя ўбачылi ў гэтым няшчасьцi ўнiкальны шанец на ўзьнiкненьне дужа арыгiнальнай творчасьцi; вольнай ад абцяжарваньняў польскай традыцыяй, з аднаго боку, i, зразумела, беларускай, з другога. Iнакш кажучы, павiнна было выйсьцi нешта накшталт новай літаратуры або нацыi, уцiснутай памiж молатам i кавадлам. Вiдавочны iнфантылiзм гэных разьлiкаў, цi, хутчэй, здогадаў, ужо тады ўзбуджаў сьмех.

Урбанiстычны матыў, горад, адно зьяўляецца ў беларускай лiтаратуры, а ў яе беластоцкiм фрагмэнце пракiдаецца яшчэ менш, ледзь буяючы. Безумоўна, ён будзе дамiнуючым, але не ў такой ступенi, як на буржуазным Захадзе. Назiраныя тэндэнцыi зьменаў у грамадзкай структуры нашай нацыянальнай мяншынi выразна сьведчаць аб запавольваньнi працэсу аглямэрацыi ў буйныя гарады на карысьць хуткага разьвiцьця гарадоў-спадарожнiкаў i мястэчак. Праўда, Беласток лiчыцца беларускiм цэнтрам, адылi народжаныя ў iм, як правiла, вырастаюць палякамi, а iх сустраканая досыць часта беларускасьць дэкляратыўная, а не этнiчная. Прынамсi дагэтуль у «Белавежу» ўваходзiць ўсяго адзiн аўтар, якi нарадзiўся ў Беластоку, — ён, аднак, падтрымвае цесныя кантакты з бацькамi (Яраслаў Яновiч). Пiсьменьнiцкi талент шлiфуецца ў моўнай стыхii, калi не ў вымеры народу, то, прынамсi, у вымеры асяродзьдзя, аб чым i сьведчыць досыць вялiкая плеяда нашых паэтаў, што паходзяць з цэнтраў паветаў (напр. Надзея Артымовiч зь Бельску Падляскага). У разгляданай сытуацыi культуратворчую зьмярцьвеласьць можна параўнаць з эмiграцыяй як перамяшчэньнем у чужое абкружэньне. У гэтай роўнiцы тут не вiдаць адрозьненьняў.

Вясковасьць у нашай лiтаратурнай творчасьцi адчуваецца нават у тэкстах, даволi насычаных фiлязафiчнасьцю. Можна падумаць, што яна застанецца ў пiсьменстве беларускай мяншынi таксама i тады, калi зь сьвечкай давядзецца шукаць аўтара зь селавым паходжаньнем; бо мястэчкi ўзвышаюцца цывiлiзацыйным стандартам, а не адметным ад хутаранскага задзiры бачаньнем справаў гэтага сьвету. Але я не пэсымiст у гэтай матэрыi i адчуваю ўзрастаючае значэньне псыхiчнага скурчваньня зямной апукi, або, калi iнакш, узьнiкненьне т.зв. глябальнай вёскi. Гэта як бы на будучыню. Цяпершчына ж патроху сьпiхвае нас у тэматычны анахранiзм; параксізмы плачу па страчанай iдылiчна-анёльскай Аркадыi або туга па часах, калi хадзiлi басанож, араючы коньмi, стаецца нечым незразумелым i для нашых гарадзкiх дзяцей, ня кажучы аб блiжэйшай або далейшай Эўропе. Такая паэзiя патрабуе ўжо тлумачальных заўвагаў.

Будзем лiтаратурай глыбокай правiнцыi? Так, але ў гэтым яе вялiкi шанец на непаўторнасьць! Прашу зьвярнуць увагу на ўбоства слоўнiка i яго мэтафарычную бясколернасьць у людзей зь вялiкiх гарадоў. Дык жа гэта паказальна ў шмат якiх аспэктах, наўперад успрыманьня чалавека чалавекам. Слова як iнструмэнт, яго шматстайнасьць i багацьце, заўсёды красавала недзе ў экалягiчна чыстай Барбарыi, i, узятае там i прыцягнутае на рынак культуры, падлягала апрацоўцы й пераацэнцы.

Гаворачы аб пагрозах, трэба памятаць i аб тых, насьледкам якiх можа быць страта аблiчча нацыянальнага творцы, ператварэньне ў польскага пiсьменьнiка беларускай мовы. Гэта можна прадэманстраваць пры дапамозе эфэкту корка, пагружанага ў ваду... Адносна лёгка цi нават падсьвядома наступае заклапочанасьць праблемамi, якiя з усёй непазьбежнасьцю прадвызначаюць лёс гэтага закутка, як у фiзычным, так i ў духовым маштабе, адначасна будучы прадуктам нацыi, што валодае дзяржавай. Нельга праяўляць глухату да Польшчы, але трэба зважаць, каб яе мэлёдыi не заглушылi ўласнага аркестраваньня.