Выбрать главу

Я вяртаюся да не даказанага да канца параўнаньня: плавок з коркавага дрэва можна выкарыстаць як добрую мысьленную фігуру. Гэта знак на паверхнi бачанага, якi сыгналiзуе аб належнай глыбiнi. Без вудара, тым ня менш, гэта толькi вычварнае сьмецьце. Так бывае зь беларускiм словам, не ўкарэненым у роднай глебе; бы ссохлае пустазельле, якое матляецца вятрамi i вiхурамi. Яго iснаваньне апраўдана толькi тады, калi яно расьце i квiтнее, i дае плады. Калi яго заступiць iншае, зусім чужое — зьменiцца вiзуальны краявiд, зьява на выгляд амаль неiстотная, але — i тут адбываецца драма ў прыродзе — перажывае дэградацыю сфармаваная эпохамi беспасярэдняя падглеба. Тэрыторыя, пацярпелая ад асымiляцыi, вельмi доўга не ажывае, што проста-такi хрэстаматыйна iлюструе прасьцяг гiстарычнага Падляшша на карце лiтаратурнай Польшчы; колiшняя Седлецкая губэрня ў палянiзацыйным параксізьме здолела выдаць на сьвет выбiтную постаць Мiкалая Янчука з Корнiцы, аднаго зь першых прафэсараў Беларускага ўнiвэрсытэту, знаўцы ўсходнеславянскiх лiтаратур. I больш не нараджае для культуры аж па сёньняшнi дзень, перш як ня будзе даведзена да канца рэкультывацыя, скiраваная на зьлiцьцё гэтага рэгiёну з арэалам этнiчна польскiм, як моўнага, так i псыхалягiчнага. Досьвед чалавецтва ў пэрыяд асымiляцыi культур, пажыраньня адной другою, выразьлiва апэлюе да шэксьпiраўскага «быць або ня быць». Мяншыня, засмактаная бальшынёй, — гэта яшчэ малая драма. Нашмат большая разгортваецца ў выглядзе культурастваральнага апустыньваньня асыміляванага прасьцягу, зьніштажэньня ўзьнiклых у iм гуманiстычных вартасьцяў. Культуру можна лёгка зьнiшчыць, але пасьля гэтага яна ўжо не паддаецца аднаўленьню (што зьдзіўляе невукаў пры пасадах).

Беларускi пiсьменьнiк у Польшчы як мастацкая iндывiдуальнасьць насамрэч мала рызыкуе знаходжаньнем у iзаляцыi, апрача аб’ектыўна функцыянуючага бар’еру мовы. Але яму на калiўца цяжэй з гэтай прычыны, чымся тыповаму для краiны правiнцыялу пяра. Гэтае меркаваньне нiчым не пярэчыць маiм ранейшым высновам, калi мець наўвеце ўнiкальна адораных iндывiдаў. Але ўся лiтаратурная драбяза ня мае шанцаў выплыць на шырэйшыя воды, дарма што, назiраючы з супрацьлежнага — польскага — боку, атрымвае для сябе яна непараўнальна большае задавальненьне ў пляне чытацкага ўспрыманьня дзякуючы зацытаванай псыхалёгii абложанай цьвярдынi. Гэта дабратворна не ўплывае на ўзровень тэкстаў i прафэсiйны рост, схiляе да эпiгонства або нават шматслоўнасьцi, да грамадзка-палiтычнага прыслужнiцтва. Пазалiтаратурныя кiраўнiчыя амбiцыi баналiзуюць талент, надзьмуваюць яго павятовай генiяльнасьцю, якая лопаецца, як мыльная бурбалка, пры сутыкненьнi з сапраўды рэальнай лiтаратурай. На жаль, гэта надзвычай частая драма аўтараў «Белавежы», якая, на шчасьце, досыць хутка ўсьведамляецца iмi. Але яна заўсёды прысутнiчае, мiгочучы ў эмоцыях i знарочыста невыразнай лiнii гарызонту, што адмяжоўвае неба iдэi i зямлю жыцьця; памiж iснаваньнем як творцы i як беларуса.

У нейкiм з сваiх iнтэрвiю я канстатаваў, што стаў беларускiм пiсьменьнiкам ад палякаў i, больш таго, дзякуючы якраз iм. Гэта застала зьнянацку i мяне самога. Я пачаў разважаць над мэханiзмамi майго выпадку. Журналiст, прапануючы мне такое пытаньне, меў наўвеце маштаб выдавецка-чытацкага розгаласу, але я адразу зарыентаваўся, што гаворка тут iдзе аб звычным кругазвароце рэчаў: твор надае большую цану аўтару, калi ён перакладзены на iншыя мовы, найлепей у тым лепшым замежжы, прынамсi за ваколiцай; ён прысьпешвае яго належную ацэнку.

Завяршаецца мой пералiк спэцыфiчных клопатаў пiсьменьнiка беларускай меншынi, бо ўсе астатнiя такiя ж самыя, незалежна ад нацыянальнасьцi й мовы. Безумоўна, зварот да дылем творчасьцi, маёй i калегаў, а таксама роздум над тым, што польскае слова ў Польшчы само просiцца на вусны i паперу, а беларускае трэба спэцыяльна «выклiкаць», мог быць недастаткова ўсеабсяжным. Як бы штучна гэта ні гучала, але не адзiн я ўбачыў у гэнай дадатковай мазольнай натузе будаваньня фразы менавіта плюс, своеасаблiвы элемэнт мастацкага фiльтру. Начэпнасьць польшчыны, нiбы неспадзеўкi, дала карысны павеў, якi выдзьмуў прэч з прыгаршчы беларускiх зярнятаў апошняе пустазельле (легчыня кампанаваньня фразаў — абстрагуючыся ад генiяльнай рукi — немiнуча прыводзiць да засьмячэньня празьмернай шматслоўнасьцю, лексычнай перагружанасьцю). Вось такая дробная зацемка пад самы фiнал гэтых развагаў.

Тэкст перакладзены паводле: Pomerania, № 12, 1994.

Дастаеўскі Беларусі

Vasil Bykau: «Ściana», tłum. Czesław Seniuch, Jan Maksymiuk, wyd. SETPro, Białystok, 1999.

У беластоцкім выдавецтве «SETPro» выйшла кніга «Ściana», у якую ўвайшлі некалькі дзясяткаў новых апавяданьняў і навэляў, выдатна перакладзеных Чэславам Сэнюхам і Янам Максімюком.

Быкаў ужо ў гадох, але дагэтуль прадуктыўна працуе на ніве літаратуры, дарма што адчуў патрэбу пакінуць бацькаўшчыну, якая знаходзіцца пад уладай д’ябальскага рэжыму Лукашэнкі. Сьпярша ён разам з жонкай знайшоў прытулак у Фінляндыі, а пасьля ў Нямеччыне. Гэты былы лейтэнант дывізіённай артылерыі часоў вялікай апошняй вайны, які цудам уратаваўся ад цяжкіх ранаў на палёх бітваў Вугоршчыны і Аўстрыі, дэбютаваў адно на пачатку шэсьцьдзясятых, маючы амаль сорак гадоў. Гэтаму, безумоўна, паспрыяла славутая адліга. Каб жа не яна, то, магчыма, ён бы і ня ўзяўся за пяро.

Чаму? Таму, што калі Быкаў пачаў бы пісаць раней, ён бы ня меў ніякіх шанцаў апублікаваць свае творы. Больш за тое, гэта б пагражала высылкай у сібірскія лягеры. Быкаў проста арганічна ня зносіць брахні, ідэалягічнага зглумленьня чалавечай асобы, адыходу ад маральнасьці. У сваіх творах ён выяўляе праўду аб вайне, вядомай яму з уласнага досьведу. Адзін пазытыўны герой — жаўнер, ублытаны ня ўласнай воляю ў экстрэмальныя сытуацыі і па сутнасьці гамлетаўскія дылемы.

Так аб вайне ў Савецкім Саюзе да яго ніхто не пісаў. У модзе былі творы з панарамным ахопам, з паказам штабаў, гераічных камандзіраў і палітрукоў з жаўнерамі на фоне. Зь цягам утварылася плынь пад назвай «літаратура акопнай праўды», якая вызначалася тым, што дзеяньне твораў перастала абмяжоўвацца штабнымі памяшканьнямі і апісаньнямі ваенных баталіяў, а аўтарская ўвага стала сягаць да «засраных акопаў і завашыўленых зямлянкаў».

Быкаў пайшоў далей. Ён засяродзіўся на «атаме вайны», г. зн. на долі асобнага жаўнера; часам таксама на яго беспасярэдніх начальніках, на сяржантах і лейтэнантах, які застала тая ж самая бяда. Штабныя ж работнікі — гэта іншы сьвет, для якога вайсковыя нізы — нішто.

У сваіх мастацка-літаратурных аналізах Быкаў дасягае ўнівэрсальнага вымеру — якое грамадзтва, такая і армія.

Калі чытаеш аповесьці Васіля Быкава, узьнікае ўражаньне, што пэрыпэтыі вайны ў іх — гэта нешта другараднае, матэрыял, які аўтар найлепш ведае і якім можа найлепш пакарыстацца пры ўзьвядзеньні архітэктуры твору. Хай гэта «Здрада», «Праклятая вышыня» або «Пастка», «Дажыць да сьвітаньня» або «Мёртвым не баліць».

Ня толькі цэнтральныя ўлады абвінавачвалі пісьменьніка ў ачарненьні рэчаіснасьці. У Беларусі Быкаў таксама ня меў апірышча, таму што, ня лічачы адзінкавых выпадкаў, тут так і не сфармаваўся дысыдэнцкі рух. Пісьменьніка падтрымлівалі маскоўскія лібэралы, пераважна з асяродзьдзя слыннага некалі літаратурнага часопісу «Новый Мир», рэдагаванага Аляксандрам Твардоўскім, які публікаваў забароненыя ў Менску тэксты вялікага беларуса. Трэба пры гэтым адначасна сказаць, што тады Быкава амаль імгненна перакладалі і выдавалі таксама і ў Польшчы, дзякуючы захадам і аўтарытэту такіх пісьменьнікаў, як Віктар Варашыльскі, Анджэй Дравіч або Ян Гушча. Нягледзячы на сапраўды сусьветную вядомасьць, стаўленьне да Васіля Быкава ў даперабудоўныя часы з боку ўладаў вагалася ад непрыязьні да падлабунства, бо ўлады стараліся аблашчыць пісьменьніка і выкарыстаць для сваіх патрэбаў. Але неўзабаве зьявіўся Гарбачоў са сваёй утопіяй рэфармаваньня нерэфармоўнага камунізму, наданьня нялюдзкаму ладу людзкага аблічча; тады Быкаў пачаў уголас прамаўляць як пісьменьнік і чалавек. Ён стаў сумленьнем беларускай нацыі, знакавай постацьцю — як той, хто ніколі не выракаўся праўды ні словам, ні справай.