Выбрать главу

Канцэпцыя — у пэрспэктыве — савецкай нацыі на базе расейскай культурнасьці амаль цалкам рэалізавана адно ў Беларусі. Адкуль узяўся тут гэткі, незразумелы ў Эўропе, энтузіязм ажно датэрмінова выканаць указы абяцальнікаў камуністычнай дарэмшчыны? Справа выглядае складана, але такою яна ня ёсьць. Правёўшы чыста тактычны па сутнасьці эпізод т.зв. беларусізацыі, да голасу зноў было дапушчана небеларускае гарадзкое асяродзьдзе, якое ніколі не паводзіла сябе інакш як пятая калёна расійскага імпэрыялізму. Акаляючае яго гарадызаванае сялянства (бяздольныя мігранты) пачувалася шчасьлівым у індустрыяльным паратунку, ва ўцёках ад калгаснага ярма, і кіравалася яно, ясная справа, ня сэрцам, але страўнікам. Гэтыя людзі-жываты, нагаладаўшыся, нічога ня бачылі далей канца свайго носа. Гэта была ня нацыя, а толькі яшчэ матэрыял для яе.

Каталіцкая рэлігія ў часы майго маленства ўспрымалася як элітарная рэлігія — рэлігія паноў, шляхты, месьцічаў. Праваслаўе ж было рэлігіяй людзей простых — сялян і рамесьнікаў. Каталіцызм дагэтуль для мяне зьяўляецца троху іншым сьветам. Мяне вельмі цікавіць каталіцкая філязофія, напрыклад Тамаша з Аквіну. Бо каталіцызм надзвычай рацыянальны, прасякнуты мысьленьнем аб Богу. У праваслаўі з Богам не размаўляюць, а папросту хаўрусуюць. У каталіцызьме дамінуе катэгорыя ratio, а ў праваслаўі — катэгорыя emotio. Таму каталіцызм быў у стане стварыць вялікія філязофскія сыстэмы, а праваслаўе — не. З гэтай прычыны я маю падвойнае стаўленьне да канфэсіі. Каталіцызм цікавіць мяне інтэлектуальна, але ў Бога я веру як праваслаўны, як паэт. Бо праваслаўе — гэта рэлігія паэтаў, і я ўсіх паэтаў у Эўропе намаўляю, каб яны сталі праваслаўнымі.

Мая сытуацыя — беларускага пісьменьніка — тыповая для лёсу аўтара скалянізаванага народу. Я дагэтуль ня маю шанцаў на рэгулярны друк у Рэспубліцы Беларусі... Безумоўна, я маю пачуцьцё пэўнага камфорту: усе мае кнігі апублікаваныя ў Польшчы ў перакладзе, некаторыя на эміграцыі або ў ангельскамоўным сьвеце, але — паўтараю — амаль нічога, мала, было апублікавана ў Менску. Я не асабліва шкадую з гэтай прычыны, і нікога не вінавачу пэрсанальна. Можа таму, што зь цягам гадоў зьмяняецца пісьменьніцкая рэакцыя, узьнікае дыстанцыя да сваёй творчасьці, да самога сябе. Некалі я быў нецярплівы, меркаваў, што калі нейкі твор ня будзе апублікаваны, будзе забыты, то адбудзецца страта і для мяне, і для культуры. Цяпер я ведаю, і нават добра, што канчатковую вэрыфікацыю некаторых твораў зьдзейсьніць час. Добры тэкст заўсёды праб’ецца.

Польскія беларусы лічацца нацыянальнай меншынёй. Гэта, аднак, паступова перастае быць адназначным. Перш за ўсё ў моц тых агульнаграмадзкіх працэсаў, якія набіраюць размах у Беларусі. Наша Беласточчына страчвае пачуцьцё ідэнтыфікацыі з усебеларускім арэалам, на якім існуе мацярынская нам дзяржава. Апошняя, на жаль, пераўтвараецца ў сваё запярэчаньне, робячыся творам выключна сацыяльна-адміністрацыйным, расійскай правінцыйнай аўтаноміяй з правамі міжнароднага суб’екта. Дэгенэруецца ў яшчэ адну дзяржаву рускіх, у якой этнонім «беларус» рэдукуецца да рэгіянальнага (тыпу: сібірак, масквіч).

Небеларускі імідж Рэспублікі Беларусі накшталт тыповых у Трэцім Сьвеце сацыяльных рэспублік, цалкам прасякнутых духоўнасьцю нядаўніх калянізатараў, не дарэшты высушвае ў нас эмацыянальныя сувязі з першапляменнай Бацькаўшчынай. Разам з тым вельмі моцна ў нэгатыўным сэнсе ўплывае на тое эканамічны і цывілізацыйны заняпад, які наглядаецца наагул на славянскім Усходзе, а ў Беларусі ў асаблівасьці. У той час, калі ў Польшчы і ў іншых былых краінах т.зв. народнай дэмакратыі адбываецца цяпер імклівае разьвіцьцё гаспадаркі і культуры, у Беларусі набывае рысы нейкай дзіўнай нестабільнасьці ўпадак у бездань галечы і беспрасьвецьця...

Беларуская літаратура выйшла з кантынэнтальнага засьценку і дасягнула эўрапейскага кантэксту на памежжы пяцьдзясятых і шэсьцьдзясятых гадоў. Гэта не было нейкім асабліва вялікім спазьненьнем, калі зважаць, што не нашмат раней на Захадзе атрымала прызнаньне таксама і сучасная польская літаратура... Сёньня над абшарамі беларускага прыгожага пісьменства гуляюць ужо іншыя вятры... Беларуская літаратура заўсёды існавала на грані зрынаньня сваёй нацыянальнасьці ў гістарычнае прадоньне, і таму яна ў пэўнай меры прызвычаілася пастаянна жыць у суседзтве сьмяротнай пагрозы з боку каляніяльных асымілятараў. Можа, гэта не найгорш для падвышэньня творчага напружаньня ў ёй, аднак не найлепей уплывала на яе далейшы ўдзел ува ўнівэрсальным літаратурным працэсе.

Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.

* Сакрат Яновіч — пісьменьнік, эсэіст, буйны культурны дзеяч Польшчы, рэдактар альманаху «Annus Albaruthenicus/Год Беларускі», кіраўнік мастацкага асяродку «Villa Sokrates» у памежным мястэчку Крынкі, чалец Згуртаваньня беларускіх пісьменьнікаў у Польшчы «Белавежа», з 1970 году — чалец «Саюзу польскіх літаратараў». У 1996 годзе за літаратурныя заслугі рашэньнем польскага ўраду быў узнагароджаны «Krzyżem Kawalerskim Orderu Odrodzenia Polski». Піша па-польску і па-беларуску.

У 1999 годзе Сакрат Яновіч разам з мастаком Лёнікам Тарасэвічам выступіў супраць заснаваньня і функцыяваньня новага беларускамоўнага радыё «Рацыя», якое перадае з Варшавы. «Я ніколі ня быў энтузіястам заснаваньня такой радыёстанцыі. У гэтым сэнсе я згаджаюся з аргумэнтамі спадара Еж’я Гедройца», — пісаў у лісьце «Gazecie Wyborczej» спадар Сакрат. У сваю чаргу, яшчэ за год да гэтага ліста Ежы Гедройц назваў саму ідэю такога радыё «шкоднай для польскіх нацыянальных інтарэсаў».

23–26 кастрычніка 1999 году Яновіч узяў удзел у арганізаванай у Кракаве польска-нямецка-францускай літаратурнай канфэрэнцыі «Трыялёг» (іншыя выступоўцы — Ганс Энцэнзбэргер, Тадэвуш Канвіцкі).

У тым жа 1999 годзе Сакрат Яновіч «за шматлікія публікацыі, накіраваныя на ліквідацыю ўсіх гістарычных непаразуменьняў і ўсіх крыўдаў, нанесеных беларускаму жыхарству пры польскім панаваньні» быў узнагароджаны прэміяй «Tęczowe Laury-99».

У 2000 годзе на базе асяродку «Villa Sokrates» была праведзеная літаратурная імпрэза «Беларускі трыялёг» — сустрэча пісьменьнікаў з Польшчы, Беларусі і Заходняй Эўропы.

Паводле аўтарскай задумы, альманах «Annus Albaruthenicus/Год Беларускі» павінен стаць першым у гісторыі беларускім часопісам, прызначаным не для беларусаў, а для Эўропы. Беларусы — гэта новая нацыя Эўропы, якая родзіцца на нашых вачох. Падтрымка нацыянальных і культурных традыцыяў ёсьць абавязкам беларусаў у Польшчы.

Пераклады зьдзейсьненыя з ласкавай згоды аўтара.