Мне падаецца, што дагэтулешнiя разважаньнi не дазваляюць гаварыць, што постмадэрнiзм збаёдаў свае шанцы, паколькi з сваёй прыроды, арганiчна, ён гэтымi шанцамi як не валодаў, так i не ўтвараў iх. Варта, мабыць, прыгадаць, што славуты лёзунг аб зьмене эпохi — зусiм ня выдумка постмадэрнiстаў, i «рэалiзоўваўся» ён, усьлед за «традыцыяй» Вялiкай францускай рэвалюцыi, ужо з 1917 г. Таму не выпадкова, што сёньня, разам з заняпадам камунiзму, постмадэрнiзм знаходзiць водгук у краiнах, дзе працэсы элiмiнацыi гэтага першага яшчэ ня скончылiся, а месца дэкляраванага i рэалiзаванага камунiзму ў iстоце займае квазi-капiталiзм. Таксама не выпадкова — у гэтым апошнiм кантэксьце — што Барт абвяшчае постмадэрнiзм як «аднову». Я спадзяюся, што ён мыляецца. Бо гэта б азначала кансэрвацыю тых падставаў мысьленьня, якiя былi ўгрунтаваныя камунiзмам. I замiж сапраўднай зьмены спосабу мысьленьня i новага вобразу сьвету мы затрымалiся б на зьмене фразэалёгii.
Тэкст перакладзены паводле: Arka, № 6 (48), 1993.
* Пётар Кавецкi — кансэрватыўны польскі думаньнік і тэарэтык, аўтар публікацыяў у польскай прэсе на тэмы дыялектыкі мастацтва.
У суаўтарстве з Рамуальдам Пякарскім напісаў кнігу «Zagadnienia estetyki współczesnej — sztuka, wartości, poznanie» (Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, 1994), а таксама з Юзафам Тарноўскім зрэдагаваў зборнік «Aksjologiczne spektrum sztuki, t. 2, Między poznaniem, odpowiedzialnościа i polityką» (Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, 1996). Аўтар манаграфіі «Kulturowe pojmowanie sztuki» (Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, 1996).
Падчас VI Польскага Філязафічнага Зьезду (Торунь, 5–9 верасьня 1995 г.) на сэкцыі эстэтыкі і філязофіі мастацтва выступіў з спавешчаньнем «Культурная дэфініцыя мастацтва і эстэтычныя вартасьці».
Пераклад зьдзейсьнены з ласкавага дазволу кракаўскага часопісу «Arcana», пераемніка часопісу «Arka».
Лешак Калакоўскі*
103 гады таму памёр Карл Маркс, вельмі вучоны філёзаф, выдатны розум, знакаміты нямецкі пісьменьнік. Ён жыў у эпоху пары. Ён ніколі ня бачыў аўтамабіля, электрычнага сьвятла ці тэлефона, ня кажучы ўжо пра тысячу іншых рэчаў, што ўтвараюць наша тэхнічнае асяродзьдзе і да якіх мы ставімся амаль як да дару прыроды.
«Рэч ня ў гэтым», — кажуць яго прыхільнікі. — «Бо і надалей існуе капіталізм, і надалей Марксава тэорыя застаецца актуальнай. Зь яе дапамогай мы можам вытлумачыць прыроду капіталізму, навукова прадбачыць яго заняпад, а таксама спраектаваць дасканалае грамадзтва будучыні». Пра тое, што капіталізм існуе дагэтуль, сьведчыць хаця б той факт, што ня ўсё яшчэ нацыяналізавана.
І сапраўды, агульная нацыяналізацыя сродкаў вытворчасьці, сродкаў абмену, а таксама сродкаў камунікацыі і інфармацыі зьяўляецца для марксістаў унівэрсальным лекам супраць усялякага зла ды ўсіх сацыяльных праблем. Мы на ўласнай шкуры пераканаліся ў дзейснасьці гэтага леку; мы ведаем таксама, што яго немінучым вынікам ёсьць нацыяналізацыя чалавека, г.зн. рабаўласьніцтва. Пакінем, аднак, гэтую праблему, каб разгледзець іншае пытаньне: што Марксава тэорыя дае сучаснасьці?
Бясспрэчна, гэтая тэорыя можа быць карыснай; яна функцыянуе як акумулятар ідэалягічных лёзунгаў, што служаць самым разнастайным інтарэсам, у бальшыні такім, якія ня маюць нічога супольнага з Марксам. І ўсё ж, што можна вытлумачыць пры дапамозе гэтай тэорыі?
Фармулюючы так пытаньне, мы павінны зважаць на тое, што ў гэтай дактрыне ёсьць для яе найбольш паказальным. Ня трэба падымаць на сьмех Маркса, прыпісваючы яму адкрыцьцё клясаў, якія маюць супярэчныя інтарэсы. Ужо даўно пра гэта ведалі гісторыкі — тут няма нічога, што было б спэцыфічна марксісцкім. Маркс, безумоўна, усьведамляў гэта і ня меў прэтэнзіяў на адкрыцьцё. Ён падкрэсьліў, аднак, у вядомым лісьце да Вайдэмаера ад 1852 году, што ім даказана («даказана», а ня «сказана»): барацьба клясаў вядзе да дыктатуры пралетарыяту і, у выніку гэтага, да бясклясавага грамадзтва. Ніхто ня ведае, дзе ў працах Маркса (асабліва пасьля 1852 году) знаходзіцца доказ гэтай імпануючай панарамы зьменаў. Але мы абмінем і гэтую праблему.
Маркс верыў у «законы гісторыі». Але гэта былі законы не ў разуменьні прыродазнаўчых навук, а хутчэй у разуменьні гістарычных тэндэнцыяў; адсюль у Маркса няма выразнай розьніцы паміж тлумачэньнем і прадказаньнем. Сёньня відаць, што амаль усе Марксавы прароцтвы ня спраўдзіліся.
Абмяркуем найважнейшыя зь іх.
Па-першае: узрастаючае клясавае расслаеньне, а таксама паступовы заняпад сярэдняй клясы. — Меў рацыю Каўцкі, сьцьвярджаючы, што ўся тэорыя Маркса мусіла б абрынуцца, калі б гэтае прадказаньне аказалася фальшывым. Мы сёньня ведаем, што яно адназначна і відавочна аказалася фальшывым.
Па-другое: абсалютнае зьбядненьне рабочай клясы (гаворка тут ідзе менавіта пра абсалютнае, а ня толькі пра адноснае зьбядненьне); гэта апошняе, пра якое пісаў Маркс у пазьнейшых працах, нельга таксама пацьвердзіць. — Вера ў абсалютнае зьбядненьне ўжо падчас Марксавага жыцьця аказалася фальшывай.
Па-трэцяе: непазьбежнасьць пралетарскай рэвалюцыі. — Такой рэвалюцыі ніколі не было. Бальшавіцкі пераварот у Расіі не заслугоўвае на гэткае найменьне таму, што не сіляў сваю моц з канфлікту паміж буйнапрамысловым пралетарыятам і капіталам; ён быў праведзены пад лёзунгамі, якія ня мелі ніякага сацыялістычнага зьместу, ня кажучы ўжо пра зьмест марксісцкі (мір і зямля для сялянаў). Пралетарскую рэвалюцыю найбольш нагадвае ўзьнікненьне і барацьба «Салідарнасьці» ў Польшчы ў 1980–81 гадох. Гэтая адзіная, хаця і няўдалая, пралетарская рэвалюцыя была скіравана супраць сацыялістычнай дзяржавы — яна праходзіла пад сьцягам Хрыста і з блаславеньня Папы. Вось і ўсё пра навукова адкрытыя законы гісторыі.
Па-чацьвертае: тэндэнцыя да зьмяншэньня нормы прыбытку. — Маркс меркаваў, што тэхнічны прагрэс мусіць выклікаць зьніжэньне нормы прыбытку, таму што якраз сама маса прадуктаў будзе вымагаць усё менш «жывой працы»; калі прыбытак, паводле Маркса, паўстае з эксплюатацыі працы, то ён мусіць зьмяншацца ў адносінах да колькасьці ўжытага пастаяннага капіталу. Гэты працэс павінен быў прадвяшчаць немінучы крах капіталізму. Выходзіць, і гэты закон фальшывы, а яго памылковасьць можна выявіць пры дапамозе той жа Марксавай схемы: гэты самы тэхнічны прагрэс, што зьмяншае долю пераменнага капіталу (які прыпадае на заробкі для рабочых), выклікае зьмяншэньне вартасьці пастаяннага капіталу. Тым ня менш, калі б нават гэты закон сапраўды дзеяў, ён бы ніяк не абумоўліваў канца капіталізму, таму што мэханізм гэткага заняпаду — як заўважыла Роза Люксэмбург — неспасьцігальны, пагатоў, калі выяўляецца, што памяншэньне нормы прыбытку можа суправаджацца прыростам яго абсалютнай масы.