Але гэта няпраўда, спадары. Слова «зло» не зьмяшчае ў сабе нічога паэтычнага, ніякай пагрозы або ўзьнёсласьці, яно матэрыяльнае і сухое, дакладна паказвае на рэч, пра якую ідзе гаворка, гэтаксама як слова «камень» і слова «хмара»; яно строга дапасавана да прадмета, беспамылкова трапляе ў сваю рэальнасьць, яно хінецца да канкрэтыкі і ня зносіць абстракцыяў. Зло — гэта рэч, звычайнае, як рэч.
Не, вы аб гэтым ня хочаце ведаць. Перад абліччам любых спусташэньняў, да канца сьвету вы будзеце сабе паўтараць з маніякальнай зацятасьцю: так ёсьць, так стала, папросту так стала, а можа стаць інакш; зло — гэта выпадковасьць, адбываецца выпадкова тут і там, а калі яму супрацьстаяць з дастатковай энэргіяй — не адбываецца. Канец сьвету застане вас агорнутых пэўнасьцю, што канец сьвету — гэта выпадковасьць. Вы ня верыце ў д’ябла.
Пры назіраньні нікому не патрэбнай жорсткасьці, пры назіраньні бязрадаснага ніштажэньня бяз мэты — вам не прыходзіць у галаву думка пра д’ябла. У вас ёсьць усяму тлумачэньні і пад рукой гэтулькі назваў, колькі трэба для вырашэньня кожнай вэрсіі праблемы. У вас ёсьць свой Фройд, каб гаварыць аб памкненьні да агрэсіі і аб інстынкце сьмерці, у вас ёсьць свой Яспэрс, каб апавядаць аб жарсьці ночы, падчас якой чалавек намагаецца гвалтам неяк вырваць у боства яго сакрэты, у вас ёсьць свой Ніцшэ, у вас ёсьць свае псыхолягі, пачынаючы з «волі да ўлады». Вы ўмееце прыхаваць рэч словамі пад выглядам яе выяўленьня.
Але ці зможаце вы зрабіць гэтае ваша прыхоўваньне канчатковым? Агледзьце ўважліва сваё сумленьне, вы, хрысьціяне, дый вы, бязбожнікі, крышку падкапніце падрэзаную траўку вашай вучонай мовы, вашай мэтафізыкі і вашай псыхалёгіі, адгарніце зямлю, вярніцеся да сябе, надайце на хвіліну слову яго першапачатковую мэту, яго суровы і не-патэтычны рух, затрымайцеся ў страчанай даслоўнасьці. Пастарайцеся хоць на момант засяродзіцца на найбольш звычайным, на ўсюдным відарысе, дэфармаваным у вашых вачох крывым люстрам філязофскай мовы. Гэтага досыць. Вы ўбачыце мяне. Вы ўбачыце мяне безь зьдзіўленьня, і падасца вам, што вы ведалі мяне заўсёды насуперак вашым дактрынам, перад вамі зьявіцца знаёмы, звычны твар, хаця і ўбачаны насамрэч упершыню. Вас пратне свойскі і халодны павеў сілы, аб якой вы ня хочаце памятаць, дарма што на дне вашых мазгоў, заглушаная мэтафізычным друзгатаньнем, сьпіхнутая ў небыцьцё і растаптаная, тлее невынішчальная веда аб ёй.
Зьніштажальная сіла, якая ня прагне нічога іншага, апрача самога ніштажэньня. Вы сустракаеце яе паўсюль і штодня адчуваеце яе прысутнасьць — у вашых паразах і памылках, у бязьлітаснасьці і сьмерці, у адзіноце і ў няспраўджаных жаданьнях. Вы сустракаеце яе твар у твар, і найчасьцей яна прысутнічае ня там, дзе зьніштажэньне разумнае, дзе жорсткасьць і зло — гэта толькі інструмэнт, а якраз там, дзе яна ёсьць мэтай самой па сабе.
Калі зло мае рацыю — калі яно ўзьнікае зь любоўнай пажады, зь ляку, з прагі багацьця, з пыхі, з нікчэмнасьці ці нават з помсты, — мой удзел у ім невялікі. Зло гэтае абумоўленае, рацыянальнае, яно хоча толькі дасягчы мэты, якой бы імкнуліся дабіцца і безь яго, калі б безь яго яна была дасяжная. Сама жарсьць, сама пажада ці страх паходзяць не ад д’ябла, а зло, якое служыць іх заспакаеньню, служыць толькі неабходным інструмэнтам.
Толькі там поўніцай зьяўляецца шатан, дзе зьніштажэньне ня мае апрача сябе іншай мэты, бязьлітаснасьць зьдзяйсьняецца дзеля бязьлітаснасьці, прыніжэньне дзеля прыніжэньня, сьмерць дзеля сьмерці, пакута бяз мэты, або дзе мэта — гэта толькі надзетая ў апошні момант маска, што рацыяналізуе зьніштажальны голад. Толькі там, хаця б у нязначнай паразе быцьця, перад вамі зьяўляецца ледзяны гвалт, які вы ня зможаце ні да чаго зьвесьці, нічым вытлумачыць, нічым абгрунтаваць. ЁН ёсьць, бо ён ёсьць рэччу як рэч. Гэта вам дацяміць найцяжэй. Любое зло, якое мае рацыю, вы можаце пазбавіць ягонае рацыі, урэшце вы можаце інакш уладкаваць сьвет. Але зла, якое само па сабе ёсьць рацыяй як менавіта зло, — гэтага зла вы ня здолееце пазбыцца. Яго дарэмна зводзіць да праявы той ці іншай сілы, якая «сама сабой» павінна быць бясшкоднай і добрай, або скіраванай на тварэньне дабра, або таксама выпадковым зьвіхам, адхіленьнем, абэрацыяй, манструальнасьцю — неадэкватнай праявай рацыянальнага ўладкаваньня, якое дзейнічае ў неадпаведных умовах. Д’ябал не падлягае рэформе. Д’ябал ня можа быць вытлумачаны, ён дадзены разам з вашым існаваньнем, ён рэч, ён ёсьць тым, кім ёсьць. Гэта можа здавацца дзіўным, што ў сьвеце, у якім вы з такой настойлівасьцю намагаецеся вылавіць (каб не сказаць: накінуць яму) парадак, утоены ў амальгаме выпадковых здарэньняў, зло і надалей падаецца вам родам факту або нерэгулярнасьці — а ў кожным факце абавязкова зьмяшчаецца нерэгулярнасьць, і вы пачынаеце адмаўляць яму ў матэрыяльнай і аб’ектыўнай прыродзе, і замест таго, каб уключыць яго ў свой вобраз земных рэальнасьцяў, ставіцеся да яго з канкрэтнасьцю эстэтаў. Зрэшты, гэта, мабыць, нядзіўна, у вас ёсьць прычыны для такога маскараду, які аддаляе вас ад дэмана і тым самым прыводзіць да таго, што ваша энэргія практычна не знаходзіць перашкодаў, якія пакліканы навязаць ёй перакананьне аб пэўных фундамэнтальных межах яе дзейнасьці. Такім чынам, ваша веда аб сьвеце і надзея на магчымасьці выкарыстаньня гэтай веды для пераўтварэньня сьвету могуць пасоўвацца наперад pari passu, у сьляпой зацятасьці, якая дазваляе вам трактаваць зло як меншаючыя шчыліны факту ў сьвеце, які ў сутнасьці ўпарадкаваны на падставе дабра.
Але досыць аб гэтым. Я вырашыў, што ня буду пускацца ў мэтафізычныя абшары, дзе і так ні ў якім разе ня здолею пераадолець вашых хімэрычных прымхаў; тым часам тое-сёе і так высьлізнула ад мяне. Таму я заканчваю і чакаю пытаньняў, падкрэсьліўшы яшчэ, што насуперак шырокараспаўсюджанаму меркаваньню д’ябал увогуле не валодае пачуцьцём гумару; у яго няма інтэлекту, калі пад інтэлектам разумець пасьлядоўнае ўменьне адэкватна вылучаць са сьвету і парадкаваць пэўныя якасьці, якія спараджаюць актуальны інтарэс, — таму, і гэта зразумела, мне непатрэбна парадкаваньне чаго-небудзь, і што я не магу мець якасьцяў, якія прыдатныя для ўтварэньня ступеняў параўнаньня, падобна як камень ня можа быць менш або больш каменны.
Паўтару першае пытаньне: калі дэман належыць да прыроды быцьця, ці трэба лічыць легендай гісторыю аб падзеньні анёлаў і меркаваць хутчэй такім чынам, што т.зв. упалы анёл у сапраўднасьці ёсць адвечным супернікам Бога?
Адразу адказваю: не. Гісторыя падзеньня анёлаў, безумоўна, аўтэнтычная, з чаго, аднак, нельга выснаваць, што зло мае характар факту і не зьяўляецца структурнай уласьцівасьцю быцьця. Каб уявіць гэта сабе, дастаткова зьвярнуць увагу на абсалютную няўхільнасьць таго факту падзеньня анёлаў — ня ў тым сэнсе, у якім кожны адбыты факт зьяўляецца няўхільным, а ў тым, калі ён раз адбыўся, увёў новую і нязьменную структуру сьвету, усярэдзіне якой зло выступае інтэгральным і канстытутыўным фактарам. Калі, аднак, спыніцца на гэтым, трэба будзе прызнаць, што зло сапраўды прысутнічае ў сьвеце структурным чынам, але само яго паходжаньне зьяўляецца чыста факталягічным і выпадковым. Адылі гэта ня так. Той факт падзеньня, разгледжаны з пазьнейшай пэрспэктывы, ня можа быць нічым (sic!) іншым, як зьдзейсьненай у часе маніфэстацыяй або актуалізацыяй пэўнай патэнцыі быцьця, безадносна трывалай і адвечнай, хаця, можа быць, утоенай на нейкі час для некаторых. Кажучы «некаторых», я ня маю на ўвазе, зразумела, Бога, для якога справа мусіла быць яснай ад пачатку.
Перахаджу да другога пытаньня: як структурны складнік быцьця, дэман, пагаджаецца са сваёй пазыцыяй у сьветабудове?
Мне лёгка адказваць на гэтае пытаньне, аднак я ня пэўны, ці здолееце вы так лёгка сьцяміць сэнс майго адказу. Бо прырода дэмана прадугледжвае станаўкое і безумоўнае прыняцьцё свайго месца і адначасна супраціў яму. Дэман прагне зла, і таму зьніштажальную сваю працу ён прагне зьдзяйсьняць і надалей, ня хочучы зьмяняць свайго знаходжаньня ў парадку або беспарадку сьвету і, пагатоў, свайго знаходжаньня як нэгацыі парадку ў сярэдзіне парадку. Тым самым ён згаджаецца быць тым, кім ён ёсьць. Адначасна, якраз таму, што ён ёсьць тым, чым ёсьць, ён ёсьць адмаўленьнем таго самага парадку, які вызначае яго месца як свайго нэгатыўнага складніка. Жывучы з нэгацыі ладу, ён жыве тым самым з таго самага ладу, якому пярэчыць і які, са свайго боку, суакрэсьлены ў сваім існаваньні прысутнасьцю той нэгатыўнай сілы, якой ёсьць дэман. Сьвет, у якім бы справа дэмана атрымала першапачатковае завяршэньне, быў бы сьветам бяз дэмана, і таму ён быў бы адмаўленьнем дэмана, да таго ж дэман ня можа існаваць інакш, як у руху, арыентацыйным матывам якога зьяўляецца зьдзейсьненьне зьніштажальнай справы канчатковым чынам. Паколькі тады сам дэструкцыйны голад стварае дэмана, заспакаеньне гэтага голаду патрабуе прысутнасьці вынішчальнага ладу, і тым самым пэўнага ўраўнаважаньня абедзьвюх формаў быцьця, зь якіх складаецца сьвет; таму для мяне няма нічога больш ненавіснага, як ураўнаважаньне. Загэтым трэба прызнаць, што дэман — гэта не галодны суб’ект дэструкцыі, а сам голад, бо галодны суб’ект можа дасягчы заспакаеньня, але для самога голаду заспакаеньне суб’екта азначае згасаньне. У гэтым сэнсе дэман насамрэч паклаў сваю прысутнасьць на пэўнай шалі, якой ён надае стан раўнавагі што да іншай, імкнучыся адначасна да парушэньня гэтай раўнавагі ў немагчымай і супярэчлівай празе застацца самім сабой пасьля зьніштажэньня свайго антаганіста. Так належыць разумець славуты зварот Гётэ — ein Teil von jener Kraft etc., — які паказвае на непрадухільную супярэчнасьць, закладзеную ў самой экзыстэнцыі дэмана, а не, як тлумачаць недалёкія законьнікі, на тое, што нібыта з боскай волі ўчынкі дэмана так ці іначай абяртаюцца ў сваю адваротнасьць, гэта значыць, у будаваньне замест ніштажэньня. Зрэшты, гэтую ж самую супярэчнасьць, дадам, можна выкрыць і ў Бога, калі трактаваць яго як быцьцё, якое зьяўляецца першапачатковым у адносінах да дэмана, але не зьяўляецца абсалютным тварэньнем; пры прызнаньні гэтай першапачатковасьці ўсё роўна, ці будзем мы трактаваць дэмана як адмаўленьне суладзьдзя, ці хутчэй суладзьдзе як адмаўленьне дэмана, або адмаўленьне адмаўленьня, але тады супярэчнасьць, аб якой я казаў, аўтаматычна стаецца супярэчнасьцю Бога. Аднак я ўсьведамляю пэўныя пярэчаньні супраць такой інтэрпрэтацыі і ня буду ўдавацца ў справу, грунтаўнейшае вырашэньне якой змусіла б мяне да адмысловага роздуму над самой прыродай боскай творчасьці і над яе нэгатыўным па сутнасьці характарам.