Выбрать главу

Разам зь зьяўленьнем мэханічнага гадзіньніка ў тэхніцы адкрываўся шлях да дакладнасьці і мініятурызацыі. Існуе цесная сувязь паміж мэханічным гадзіньнікам і цэлай гамай інструмэнтаў, якія адразу распаўсюдзіліся і ў мястох, і ў сёлах.

Чарговым вынаходзтвам, якое ў вялікай меры паспрыяла эўрапейцам у доўгатрывалым утрыманьні першынства ў эканамічнай канкурэнцыі, быў друк. Падобна да паперы, пораху і дзясяткаў іншых рэчаў, якія вынайшлі кітайцы, але ўдасканалілі і ўвялі ў агульны ўжытак эўрапейцы, друк стаў пашыральнікам навукі, тэхнічных і арганізацыйных вынаходзтваў.

Адкуль гэтая розьніца ў падыходзе, адкуль узялося гэтае зацікаўленьне навакольным сьветам і тэхнікай і як вынік гэты попыт на новыя вынаходзтвы? Перш як утварыўся адносна вялікі рынак з грашыма і кліентурай, яму папярэднічала традыцыя атэнскай дэмакратыі, а пасьля хрысьціянскага двоеўладзьдзя. Хрысьціянская Эўропа не зазнала дэспатычнай манаполіі рэлігійнай ці палітычнай улады. Богу богава, кесару кесарава. Апрача таго, з двума панамі заўсёды лягчэй. Усходні дэспатызм, які Лэндз называе гідраўлічным, меў, аднак, свае градацыі. Японцы, якія перанялі пісьмо, рэлігію і большую частку тэхнічнай культуры ад кітайцаў, ня мелі маральнага супраціву, прымаючы навацыі і ад іншых. Яны зь першага моманту захоплена зрэагавалі на эўрапейскія вынаходзтвы, да таго ж ня толькі што да самой тэхнікі, але і што да папулярызаванай пры яе пасярэдніцтве рэлігіі. Хто ведае, якім бы быў далейшы лёс Японіі, калі б ня поўная шчырасьць прыбышоў з Эўропы, якія паінфармавалі, што заглабаньне новых краін — вельмі лёгкая і зручная справа дзякуючы дапамозе тых, хто спавядае новую супольную веру. У такой сытуацыі японцы забілі зь дзьве сотні белых і не адзін дзясятак тысяч раскосых хрысьціян і спынілі ўсё гэта на некалькі стагодзьдзяў. І што самае дзіўнае: іхная гатовасьць пераймаць навінкі ад іншых ператрывала гэтую досыць доўгую пярэрву.

Надзвычай павучальна прасачыць, як эканамічнае першынство пераходзіла ад адной краіны Эўропы да другой. Неймаверныя посьпехі італійскіх мястоў, Францыі, маленькай Партугаліі, Гішпаніі — і страта гэтай перавагі амаль неўзабаве, тады, калі Царква ставалася адзіным вартаўніком якой-любя праўды. Рэлігійная артадаксальнасьць прыводзіла, з аднаго боку, да выбуху ксэнафобіі (як рэлігійнай, так і этнічнай), зь іншага — да хваравітай падазронасьці да ўсяго новага. Люстрацыі падлягала ўсё наскрозь, а асьветныя ўстановы дбалі перадусім пра тое, каб вынішчыць нездаровую цікаўнасьць. Наступствы не прымусілі чакаць: абязьлюджваньне мястоў, уцёкі спэцыялістаў у іншыя краіны, расавыя і рэлігійныя чысткі, якія спустошылі банкаўскую сфэру, гандаль, мэдыцыну і г.д., абыякавасьць да навукі і скарачэньне рынку. Неўзабаве ўсе гэтыя зьмены даюцца ў знакі таксама пры арганізацыі і ўзбраеньні войска. Сьвяты Дух быў на баку езуітаў, але рахункі за стаўку на неталерантнасьць аплочвалі падданыя багабойных валадароў.

Шмат месца прысьвячае Дэвід Лэндз аналізу розных узораў пратэстанцкага і каталіцкага каляніялізму. Гішпанцы і партугальцы вырушаюць у сьвет на пошукі залатога руна. Сёньня, з гістарычнай пэрспэктывы, мы можам сказаць, што Паўночная Амэрыка мела проста лепшыя прыродныя ўмовы — лепшую зямлю, лепшы клімат, лепшыя камунікацыйныя магчымасьці, важную сыравіну. Аднак ад самага пачатку пратэстанцкія і каталіцкія калянізатары стаўлялі сабе цалкам розныя мэты. Гішпанцы і партугальцы шукаюць найперш золата і срэбра. У чарговыя паходы амаль на сто працэнтаў рушылі маладыя адзінотныя мужчыны са зьбяднелай шляхты. Тым часам сярод брытанскіх або галяндзкіх калянізатараў пераважалі цэлыя сем’і, як правіла, тут ёсьць таксама земляробы і рамесьнікі. У першую фазу калянізацыі імгненна павялічваюцца гішпанскія і партугальскія запасы золата і срэбра, выклікаючы лявінападобнае ўзрастаньне імпарту і паступовае скарачэньне ўласнай вытворчасьці. Сыстэма пасяленьня ў заваяваных краёх падпарадкоўваецца таму самаму прынцыпу ксэнафобіі, які дзейнічае ў мэтраполіі. У гішпанскія калёніі пускаюць толькі гішпанцаў-каталікоў. Партугальцы мусілі быць больш цярпімымі і прымалі кожнага, абы гэта толькі быў шчыры каталік. Адміністрацыйная сыстэма гэтых калёній займалася перадусім транспартаваньнем здабычы на бацькаўшчыну і пільнаваньнем духоўнай чысьціні. Першы занятак быў дастаткова прыбытковым, каб карупцыя сталася галоўным прынцыпам падзелу пасадаў у калёніях, а другое дазваляла не пускаць на поле бітвы ўсіх непажаданых праціўнікаў. Гішпанцы пачуваліся валадарамі найвышэйшай духоўнай культуры і бяз зайздрасьці пазіралі на захоп «убогіх» земляў брытанцамі і на прымітыўныя звычаі жыхароў брытанскіх калёніяў. У той час, калі брытанскія і галяндзкія калёніі імгненна сталіся самастойнымі ў сфэры вытворчасьці інструмэнтаў, зброі, караблёў і г.д., каталіцкія калёніі амаль усё завозілі з сваіх мэтраполіяў (а дзеля таго што вытворчасьць там заняпала, гэта часта былі брытанскія або нямецкія вырабы). Злучаныя Штаты здабылі незалежнасьць, бо адчулі сябе эксплюатаванымі, а насельніцтва ня мела ахвоты згаджацца з абмежаваньнямі эканамічнага разьвіцьця, якія наклаў Лёндан. Краіны Паўночнай Амэрыкі стаюцца незалежнымі ў XIX стагодзьдзі ў выніку палітычнага і эканамічнага банкруцтва іхных мэтраполіяў. Незалежнасьць звалілася на іх так сама, як нядаўна на колішнія савецкія рэспублікі.

Лэндз зьвяртаецца да пытаньня, над якім ужо шмат хто задумваўся: чаму прамысловая рэвалюцыя адбылася ў Англіі і ці сапраўды гэта была рэвалюцыя? Для яго другая частка гэтага пытаньня ёсьць уступам да адказу на першую. Выбух вынаходніцтва на пачатку XIX стагодзьдзя — гэта толькі паскарэньне працэсу, які цягнуўся ўжо задоўга да гэтага. Чаму ў Англіі — бо Англія першая адмовілася ад прыгону і перайшла на чыншавае гаспадараньне ў земляробстве, бо мела найбольш разьвіты падзел працы, бо мела найвышэйшы адсотак пісьменнага насельніцтва, бо рамяство не было абмежавана цэхамі да такой ступені, як у іншых краінах, бо тут быў найбольшы развой дакладных навук і найбольшае назапашваньне тэхнічнай веды. Чаму ў Англіі, а не ў Нямеччыне, Італіі або Францыі? Рэнэсанс зь яго паваротам да дакладных навук пачаўся ў Італіі, але італійскія або ганзэйскія месты цярпелі на гіпэртрафію ўлады рамесьніцкіх цэхаў, якія дбалі пра тое, каб масавая вытворчасьць не нанесла шкоды іхным прыбыткам. Штосьці падобнае было ў Францыі. Больш за тое, Францыя і Італія ў выніку контрарэфармацыі, перасьледу пратэстантаў і жыдоў страцілі мноства спэцыялістаў. (Лэндз зьвяртае ўвагу на тое, што, напрыклад, бальшыню францускіх вытворцаў гадзіньнікаў складалі пратэстанты, і яны або загінулі, або былі выгнаныя.)

Іншай спадчынай сярэднявечча (нашмат мацнейшай на мацерыку, чымся ў Англіі) былі бар’еры межаў і мытняў, якія перашкаджалі гандлю. Мытныя зборы на ўсіх месцкіх раздарожжах і на рэчках. «Валы і жыды па чатыры пфэнінгі», — цытуе Лэндз інфармацыю, якая сустракалася на брамах шмат якіх нямецкіх мястоў. Безумоўна, усе гэтыя зборы стваралі ніяк не падваліны інфраструктуры, а толькі перашкоды для гандлю. У Нямеччыне гэтыя мытні выглядалі на параною. Толькі Напалеон прымусіў звольніць гандаль ад мытаў па лініі Рэйну, пасьля мытную сыстэму спрабавалі ўпарадкаваць у 1834 годзе, але ў асобных нямецкіх краінах раздарожжы пасьпяхова служылі бар’ерам для прагрэсу гандлю яшчэ ў семдзясятых гадох мінулага стагодзьдзя. Хто ведае, ці толькі разьвіты заморскі гандаль, ці таксама іншыя чыньнікі абумовілі тое, што пошасьць мытных бар’ераў нарабіла менш шкоды ў Англіі, чымся ў якой-любя іншай краіне Заходняй Эўропы, аднак гэта мела значэньне для разьвіцьця рынку і для пашырэньня тэхнічных навацыяў.