Выбрать главу

А ў тагачаснай Эўропе з XVI стагодзьдзя вельмі выразьліва панаваў дзяржаўна-канфэсійны абсалютызм, які азначаў, што падданыя павінны былі ісьці за валадаром. У Расіі гэта быў праваслаўны абсалютызм, дзе-нідзе пратэстанцкі — як у Прусах, або каталіцкі — як у Аўстрыі. Усе сьцьвярджалі, што мусіць быць адна вера, а тут наўкола цябе жылі і суіснавалі розныя канфэсійныя групы. Гэта, безумоўна, не было ідэальным сужыцьцём, але ня трэба забывацца, што гэта быў свайго роду экспэрымэнт, адзіны ў сьвеце ў такім маштабе, зьдзейсьнены ўсёй Цэнтральна-Ўсходняй Эўропай.

Гэта гісторыя, на якую мы занадта мала зьвяртаем увагі ў школьных падручніках, забываючыся, што гэта наш супольны здабытак. Дагэтуль мы гаварылі аб гісторыі нашых краінаў як бы адасоблена, забываючыся аб супольных здабытках. Аднак гэта была вялікая эпоха, і таму ў нашых краінах існуе ўспамін аб гэтых стагодзьдзях.

І можа, гэта не выпадкова, што калі вольная Ўкраіна стварыла новы ўнівэрсытэт у Кіеве, то яго патронам быў абраны Пётра Магіла, які гэтаксама зьдзяйсьняў гэты экспэрымэнт. Гэта быў чалавек многіх культур, які патрапіў стварыць у Кіеве інтэлектуальны асяродак, вельмі важны для Ўкраіны. Калі ў Менску быў створаны асяродак рэфлексіі над Беларусьсю, яго патронам быў абраны Францішак Скарына — чалавек гэтай эпохі, зьвязаны з Кракавам, Вільняй, Менскам, Прагай. Прыклады можна было б множыць бясконца.

Мы не зьбіраемся займацца ідэалізацыяй, бо ў гэтым сужыцьці было мноства нэгатыўных зьяваў. Аднак мы не адмаўляем той вялікай традыцыі, у якой фармаваліся нашыя культуры. Бо няма польскай культуры без Украіны і Беларусі. Няма Ўкраіны ў культурным сэнсе — прыгадаем Ігара Шаўчэнку — безь Бізантыі і Польшчы. Тут фармаваліся элемэнты нашых культураў, тут дзейнічалі людзі, якія часам належалі да многіх традыцыяў. Гэты досьвед пэўнага нашага плюралізму адначасова зьяўляецца эўрапейскім досьведам, нашым пропускам у Эўропу. Гэта — эўрапейскія вымеры нашага досьведу. Калі сёньня мы гаворым аб гэтым прадстаўнікам Заходняй Эўропы, то яны кажуць, што мы апярэдзілі іх у гэтай дзейнасьці. Мы спадкаемцы вялікай эўрапейскай культуры, якую тут зь вялікімі цяжкасьцямі і мазалямі на працягу соцень гадоў спрабуюць рэалізаваць. Напару ў сьвеце нас уяўляюць як новыя дзяржавы, якія ўзьніклі некалькі гадоў таму. А ў нас жа ёсьць доўгае культурнае карэньне, аб чым мы павінны гучна гаварыць, як і аб тым, што кожная з нашых культураў разьвівалася ў супольнасьці іншых.

Мы стварылі цэлую сетку інстытутаў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, якая займаецца працай у тым ліку над новымі сынтэзамі нашых краін. Мы павінны разьвіваць культурны турызм, а турыстам даць праводнікі, якія б прэзэнтавалі шматкультурную спадчыну нашых гарадоў. Мы прывязаны да нашай малой бацькаўшчыны, але трэба адначасова памятаць, што нашы культуры зьяўляюцца ўзаемазалежнымі.

Многія ў сьвеце ўяўляюць нас як няздольных да сужыцьця, падкрэсьліваючы, што мы ў змозе толькі біцца паміж сабой, і як прыклад прыводзячы цэлую пляяду войнаў паміж намі. Але ж у нашай культуры ёсьць глыбокая традыцыя сужыцьця, і мы рашуча хочам выбраць такую культуру, такую Ўкраіну, такую Польшчу, такую Расію, такую Нямеччыну, такую Чэхію, якая была б адкрытай для іншых і не замыкалася б у цесным нацыянальным шавінізьме. І гэта выбар, які стаіць перад намі, і інтэлектуальнае заданьне, якое нам трэба ажыцьцявіць. Пашчасьціў нам, пашчасьціў вам Божа як найхутчэй выканаць гэтую місію.

Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.

* Ежы Клачоўскі — буйны польскі навуковы, палітычны і культурны дзеяч. Жыве і працуе ў горадзе Любліне.

Зьмешчаны ніжэй тэкст быў пакладзены ў аснову прамовы, што прагучала ў ліпені 1994 году падчас першага сойміку моладзі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы ў Кракаве.

Паслоўе перакладніка

Так склалася, што на гэты раз у цэнтар нашай увагі патрапіла постаць, даволі буйнамаштабная для нашай прасторы. Мы вядзем гаворку пра Ежы Клачоўскага, знакамітага польскага гісторыка рэлігіі, аўтара шматлікіх працаў зь мінуўшчыны Рэчы Паспалітай і лёсаў славянскай цывілізацыі ў Эўропе. Дасьледаваньні Клачоўскага ўжо даўно атрымалі шырокі розгалас у сьвеце, чаму не ў апошнюю чаргу паспрыяла іх даступнасьць і кампэтэнтнасьць, а таксама арыгінальныя гістарычныя канцэпцыі аўтара. Кнігі гэтага дасьледніка вызначаюцца глыбокай ступеньню пранікненьня ў сутнасьць разгляданых зьяваў, багацьцем прыводжаных фактаў, пошукам і генэралізацыяй новых, напару нават нечаканых ідэяў. Адметнай рысай дасьледаваньняў Клачоўскага выступае тое, што яны не замыкаюцца ў абсягу гісторыі як таковай, а апэлююць да гісторыі матэрыяльнай культуры, культурнай антрапалёгіі, этнаграфіі, сацыяльнай гісторыі, статыстыкі і картаграфіі.

Некаторыя працы Клачоўскага пабачылі сьвет і на Захадзе. Ён зьяўляецца аўтарам многіх разьдзелаў шматтомнай «Histoire du christianizme des origines a nos jours», якая друкуецца ў Парыжы сусьветна вядомым выдавецтвам «Foyard». Ужо будучы дырэктарам Інстытуту Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы ў Любліне, Клачоўскі зыніцыяваў і ўзначаліў выданьне шматтомнага «Атлясу грамадзка-рэлігійнай гісторыі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы».

Няпростым, аднак, быў лёс гэтага чалавека. Можна сказаць нават інакш: шмат чаго ў жыцьці ён дасягнуў насуперак волі лёсу.

Ежы Клачоўскі нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Багданы, што знаходзіцца ў Астралэнцкім ваяводзтве. У 1940 годзе ён быў выселены разам зь сям’ёй у Генэральную Губэрню і неўзабаве асеў у Варшаве, дзе пачаў навучаньне ў сярэдняй школе айцоў марыянаў. Адначасова — увосень 1941 г. — ён уступае ў полк «Бішта» Арміі Краёвай і ў 1943 годзе канчае тайную школу падхаружых. Ён бярэ чынны ўдзел у варшаўскім паўстаньні і ноччу з 24 на 25 верасьня падчас атакі атрымлівае цяжкае раненьне. На гэтым, аднак, злыбеды ня скончыліся: будучы прафэсар трапляе ў палон, адкуль яго вызваляюць толькі ў студзені 1945 году. У той жа самы год ён распачынае навучаньне на гістарычным факультэце Познаньскага ўнівэрсытэту, а пасьля пераводзіцца ў Торунь, дзе ў 1948 годзе стаецца спачатку магістрам, а праз два гады і доктарам гісторыі.

Увосень 1950 году Клачоўскі пачынае выкладаць гісторыю ў Каталіцкім Люблінскім унівэрсытэце, дзе і працуе дагэтуль. У гэтым унівэрсытэце ён праходзіць усе прыступкі навуковай кар’еры: у 1967 г. Клачоўскі стаецца экстраардынарным прафэсарам, у 1974 г. — ардынарным, а пазьней выконвае функцыю дэкана факультэту гуманітарных навук. Паралельна з гэтым Клачоўскі стварае Інстытут гістарычнай геаграфіі касьцёлу ў Польшчы, а потым кіруе ім. Адначасова ён працуе ў Камітэце гістарычных навук пры Польскай акадэміі і Міжнароднай камісіі параўнальнай гісторыі, у якой з 1980 году зьяўляецца віцэ-старшынём. Разам з шырокай навучальнай, навуковай і арганізацыйнай дзейнасьцю ў маштабе Польшчы, ён таксама займаецца — асабліва ў восемдзясятыя гады — актыўнай міжнароднай дзейнасьцю. Клачоўскі выкладае ў «Калеж дэ Франс», у парыскай Сарбоне, у ангельскім Оксфардзе і амэрыканскім Прынстане.

Адметную старонку жыцьцёвай актыўнасьці Е.Клачоўскага становіць яго грамадзкая і палітычная дзейнасьць. У 1956 г. ён быў адным з заснавальнікаў варшаўскага Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі. У 1981 годзе Клачоўскі кіруе працай Унівэрсытэту Цэнтральна-Ўсходняга рэгіёну «Салідарнасьці». Ён сябра Грамадзянскага камітэту пры Леху Валэнсу ў 1987–1990 гг., старшыня Грамадзянскага камітэту Любліншчыны ў 1989–1990 гг, з чэрвеня 1990 г. па лістапад 1991 г. — сэнатар ад люблінскага ваяводзтва, сябра Камісіі замежных справаў Сэнату. Зь вясны 1991 г. ён таксама выконвае функцыю старшыні Польскага камітэту ЮНЭСКА і зьяўляецца сябрам Выканаўчай Рады гэтай арганізацыі. У апошні час Клачоўскі шмат увагі прысьвячае і працы ў Польскім інстытуце хрысьціянскай культуры пры Фондзе Яна Паўла ІІ у Рыме.

У 1993 годзе Клачоўскаму была нададзеная годнасьць ганаровага доктара Гарадзенскага ўнівэрсытэту, а ў 1998 — унівэрсытэту Paris IV (Сарбоны).