Выбрать главу

Проза Шульца нарацыйная ў кожным элемэнце. Шульц не спыняе аповесьцi, ягоны наратар — баечнiк i крэатар мiтаў, ён апавядае гiсторыi нават тады, калi апiсвае хмары, расьцiны або гарышчы. Шульц уцягвае чытача ў сапраўднасьць, у якой мэханiзм мэтамарфозаў паволi сьцiрае межы i контуры, вымеры i пункты судакрананьня. Правiлы гэтага сьвету дасканала зразумеў Гамбровiч, чаму i даў выражэньне ў рэцэнзii на «Цынамонныя крамы». Нарацыя Гамбровiча заўсёды тэатральная i драматургiчная. Тэатральнасьць, цi можа лепей спэктакальнасьць — неадрыўная рыса кожнага выказваньня Гамбровiча. Таму кожную думку, iдэю або паймо Гамбровiч прадстаўляе як гульню роляў i рэплiкаў, што адбываецца на ўяўленай сцэне памiж героямi цi аўтарам i чытачом. Згэтуль звышактыўнасьць наратара, якому даводзiцца драматызаваць ня толькi сапраўднасьць i ейныя сапраўдныя падзеi, але i перадусiм банальныя i выпадковыя гэсты, i нават адзiнкавыя словы. Гэта сьвет спэцыфiчных мэтамарфозаў, аднак зусiм iншых у параўнаньнi з Шульцам!

Мэтамарфозы Шульца даюць герою i чытачу пачуцьцё бясьпекi, скiроўваюць яго да глыбiняў традыцыi, сэнсу i таямнiцаў, спрыяльных для чалавека. Мэтамарфозы Гамбровiча пазбаўляюць ягонага героя глебы пад нагамi. Найдрабнейшы элемэнт сапраўднасьцi (рэч, гэст, слова) у сьвеце Гамбровiча стаецца складнiкам таямнiчай i грознай стыхii быцьця. У Шульца датыкнуцца да такога складнiка (напрыклад, удаваньнiка Рудольфа) азначае як бы апыніцца па той бок люстра — як Алiса ў краiне чараў. У Гамбровiча датыкнуцца да такога складнiка (вераб’я, ката або галiнкi) азначае адчуць халодны дотык змрочнай стыхii, непранiкальнай, iмклiвай i руйнуючай усё на сваiм шляху. Але ў абодвух пiсьменьнiкаў мэтамарфоза ёсьць як бы канцавым пунктам мэтафiзычных пошукаў, момантам, у якiм выяўляецца таямнiца. Таму мэтамарфозы ў творчасьцi Вiткацага — гэта праграмны прынцып ягонай эстэтыкi, мастацкi спосаб, якi павiнен наблiзiць чытача цi гледача да «подзiву iснаваньня». Аднак тое, што ў плашчынi эстэтыкi i паэтыкi падаецца ў Вiткацага адно забавай цi гульнёй мастацкiмi канвэнцыямi, у сфэры праблематыкi ягоных твораў было надзвычай пранiклiвым аналiзам мэтамарфозы чалавечых паглядаў i характараў у гiсторыi.

У сваю чаргу нарацыя Вiткацага заўсёды дыскурсіўная, нават драматычнасьць у Вiткацага ёсьць формай дыскурсу. На першы пагляд, гэта зблiжае яго з Гамбровiчам, зь якiм яго лучыць захапленьне фiлязофiяй i фiлязафiчнасьцю. Аднак калi Вiткацы iмкнецца да фiлязафiчнай катэгарызацыi, да ўпiсаньня свайго сьвету ў сыстэму поймаў i iдэяў (часам называючы яе «бiялягiчным рэалiзмам»), то Гамбровiч ужывае фiлязафiчнасьць зусiм па-iншаму. Вiткацы шукае для сябе сыстэмы, навуковых пастулятаў, тэрмiнаў i строгiх дэфiнiцыяў, а таксама аб’ектыўных характарыстык Iснаваньня. Гамбровiч адкiдае ўсялякую сыстэмнасьць, абстрактнасьць, навуковасьць — яго вабiць рух, зьменлiвасьць, негатовасьць. Кажучы мэтафарычна: Вiткацаму блiжэйшы эсэнцыялiзм, Гамбровiчу — экзыстэнцыялiзм. Вiткацы манадыст, Гамбровiч — iнтэракцыянiст.

Фiналам апавяданьняў Шульца заўсюды бывае паглыбленьне або перабываньне ў той цi iншай форме iснаваньня. Сапраўднасьць для яго поўная мэтамарфозаў, але ўсе зьменлiвыя iстоты iмкнуцца да сваёй адзiнай — як гэны казаў — карэннай i iснаснай субстанцыi. Фiналам усiх пазнавальна-фабулярных прыгодаў у творах Гамбровiча ёсьць выпадковае, невытлумачальнае, не пажаданае, а заўсёды справакаванае злачынства. А фiналам раманаў i найважнейшых п’есаў Вiткацага? Анi злачынства, анi сьмерць, хочацца сказаць, дарма што гэта была сьмерць шляхам расстрэлу ў «Расстаньнi з восеньню» або шляхам зьнегалаўленьня пры дапамозе гiльятыны ў «Шаўцох». Таму фiналам твораў, цi баржджэй сьвету Вiткацага ёсьць зьнiштажэньне, расклад, зьнiшчальны працэс згiбеньня iндывiдуальнага i грамадзкага жыцьця.

Шульц, безумоўна, быў рэлiгiйным пiсьменьнiкам. Уся ягоная творчасьць абарачаецца вакол таямнiцы крэацыi сьвету, мiту i сымболiкi вяртаньня Мэсii (скончаны opus magnum Шульца, раман «Мэсiя», дагэтуль не адшуканы). А Вiткацы i Гамбровiч былi праграмнымi атэiстамi, хаця ў маленстве i былi ахрышчаны. Iхная творчасьць — запiс крызысу веры ў рэлiгiю i iндывiдуальнага Бога.

Гэта добры пункт, каб закрануць справы зьлёгку больш адмысловыя.

4.

Заўсёдным матывам усiх твораў Гамбровiча ёсьць зразуметыя ў лiтаральным сэнсе злачынствы i зразуметы ў лiтаральным сэнсе насiл — на першы пагляд адно псыхiчны, але амаль заўсёды выклiкаючы фiзычныя насьледкi. Гэты матыў прысутны ў «Iвоне, князёўне Бургунда», у «Шлюбе», «Космасе» i «Парнаграфii». Таму заўсёднай тэмай творчасьцi Гамбровiча ёсьць праблема ўзурпацыi ўлады i панаваньня чалавека над чалавекам. Гэтая ўзурпацыя — iмкнецца паказаць Гамбровiч — заўсёды прыводзiць да злачынства.

Дыягназ Гамбровiча, якi можна вычытаць зь ягоных драмаў i раманаў, канчаткова, вiдаць, такi: у сьвеце, спабытым Найвышэйшай Iнстанцыi, чалавек — упоены ўсемагутнасьцю свайго чалавецтва — спрабуе стварыць яе сам: «абвяшчае сябе каралём, богам, дыктатарам» («Шлюб»). Аднак тая сапраўднасьць, якую ва ўпаеньнi стварае герой Гамбровiча, заўсёды абарачаецца супраць яго, трушчыць яго, мажджэрыць цяжарам выдуманых канструкцый — якраз такi фiнал «Шлюбу»! Няма любосьцi, а вымушаныя вязьмы аказваюцца вязьнiцай, няма шлюбу, а ёсьць хаўтуры.

Уся гэтая чалавечая-мiжчалавечая-пазачалавечая дзейнасьць герояў Гамбровiча заўсёды канчаецца катастрофай, а ейныя намаганьнi па стварэньнi вартасьцяў — кашмарнай маной. Адно трупы забiтых пэрсанажаў аказваюцца праўдзiвымi.

Гамбровiч адкрыў мэханiзм, якi з чалавека робiць нешта зусiм iншае. Ён адкрыў — як сам пiсаў — «канвульсii Формы» як адрыўны атрыбут чалавечага iснаваньня, а таксама як мэханiзм чалавечых дзеяньняў, якi заўсюды скiраваны супраць звышчалавечых узурпацыяў чалавека.

Гамбровiч, пачынаючы з блазенства, заўсёды прыводзiць сваiх герояў да трагедыi. Гамбровiч — трэба сказаць — гэта трагiк, якi схаваў роспач за маскай блазна.

Iнакш робiць Вiткацы — яшчэ больш узмагутненая роспач ня столькi адхiляе роспач, колькi iмкнецца яе папросту заглушыць i яшчэ на часiну аддалiць. Але ня трэба ашукваць сябе: гэтая часiна ня будзе трываць вечна.

Гамбровiч — як вядома — распачаў з раблеўскага сьмеху, але вывучаючы генэзыс, кшталты i насьледкi мiжчалавечай формы, сканаў ня зь сьмехам, а з упорыстай грымасай на вуснах.

Вiткацага ж спалохала рэальная гiсторыя дваццатага стагодзьдзя. Тое, што ён перажыў i перадумаў падчас бальшавiцкай рэвалюцыi, ён пасьлей адлюстраваў у сваiх катастрафiчных паглядах. Дзеля гэтага ў Вiткацага згiбеньне прыходзiць звонку i па сутнасьцi немiнучае, паколькi ўжо раней яно пакрыёма перабывала ў душах асобных людзей.

Iнакш было ў Гамбровiча. Як вядома, Гамбровiч адкiдаў усякую гiстарычнасьць і пагарджаў ёю. Паводле яго, яна была сапсавана партыкулярызмам, абцяжарана эмпiрыяй месца i часiны. Таму абсягам свайго сузiраньня ён зрабiў ня сувязi чалавека з гiсторыяй, а сувязi чалавека з чалавекам, або тое, што мiжчалавечае. Але, парадаксальным чынам, у тым, што мiжчалавечае, Гамбровiч адкрыў дакладна тое самае, што спалохала Вiткацага ў гiсторыi. У Вiткацага гiсторыя прыносiць згiбеньне i зьнiштажэньне. У Гамбровiча мiжчалавечы храм без найвышэйшай санкцыi заўсёды прыводзiць да злачынства. У гэтым навука «Iвоны», «Шлюбу» або «Парнаграфii».

Вiткацы быў, як вядома, фаталiстам, i канец гiсторыi вымалёўваўся яму ў полi зроку. Гамбровiч спасьцерагаў гiсторыю як несупынны карагод масак, строяў i формаў, цыклiчна аднаўляны дзякуючы выбуху маладосьцi, неафiцыйнасьцi i вiтальнасьцi.

Антрапалёгiя Гамбровiча iнтэракцыйная, чалавек фармуецца «на пракруставым ложы мiжчалавечай формы» — як на задавальненьне Гамбровiчу напiсаў Шульц. Таму гамбровiчаўская эротыка — гэта заўсёды форма камунiкацыi. Тым часам як манадыст, г.зн. незалежна ад iнтэнсіўнасьцi фiзычных сувязяў памiж ягонымi героямi, чалавек Вiткацага асуджаны на поўную адзiноту што да iншых i космасу. Таму вiткацаўская эротыка заўсёды прыводзiць да паразы i дэградацыi.

Фiлязофiя Гамбровiча — фiлязофiя «маскi», бо «форма» — гэта таксама род «маскi». Iнакш кажучы, гэта фiлязофiя таго, што ўтварае, хавае i дэфармуе натуру чалавека. Гамбровiч, рэч ясная, летуцее аб выяўленьнi гэтай натуры, аб дасягненьнi ейнай нагасьцi, але ён ведае, што гэта немагчыма. Альбэртынка зьяўляецца, праўда, як жартоўны iдэал у «Апэрэтцы», але для яе няма месца ў нiводным iншым творы Гамбровiча. Памылкова лiчыць, што «форма» ёсьць стрыжнем ягонай фiлязофii. Так званая форма ёсьць адно мовай апавяданьня, уласным iдэалектам Гамбровiча, але не ягоным зьместам. Стрыжнем фiлязофii Гамбровiча ў грамадзкай сфэры ёсьць ўлада, а ў сфэры iндывiдуальнай — боль (апiсаныя ў катэгорыях формы).