Антоні Падраза*
Гістарычныя перадумовы разьвіцьця культуры на землях колішняй Рэчы Паспалітай*
Каб правільна аналізаваць асобныя зьявы з абсягу культуры для пэўнай тэрыторыі, трэба вызначыцца, ці была гэтая тэрыторыя рэальнай структурай і ці можна яе акрэсьліць як рэгіён, што характарызуецца супольнай гісторыяй ужо працяглы пэрыяд часу. Толькі ў такім выпадку можна будзе ажыцьцявіць правільны аналіз і зрабіць пэўныя абагульненьні, што датычаць асобных культурных зьяваў у іх узаемасувязях, акрэсьліць іх месца ў характэрнай для дадзенага прасьцягу культурнай мадэлі.
Ці прасьцяг, які ёсьць прадметам зацікаўленьняў нашай канфэрэнцыі і які складаецца з чатырох краін: Польшчы, Летувы, Беларусі і Украіны, адпавядае вышэйзгаданым умовам, ці вызначаецца рэгіён пэўнымі супольнымі ўласьцівасьцямі, уласнай структурай, што адрозьнівае яго ад іншых суседніх прасьцягаў? На маю думку, так. Я пастараюся цягам гэтага спавешчаньня абгрунтаваць гэтае цьверджаньне.
Каб зразумець гістарычныя перадумовы разьвіцьця культуры ў цікавячых нас краінах, трэба скіравацца ў глыбокую мінуўшчыну. На маю думку — а я ў гэтым сэнсе не асабліва арыгінальны — момантам, які аказаў глыбокі і працяглы ўплыў на далейшае разьвіцьцё цікавячых нас тэрыторый, быў канец Х стагодзьдзя і хрысьціянізацыя Польшчы (966 г.) і Русі (988–989 гг.). Прыняцьцё хрысьціянства гэтымі суседнімі дзяржавамі з розных цэнтраў — з Рыму Польшчай, і з Бізантыі Русьсю — прывяло да таго, што дзьве гэтыя краіны пачалі розьніцца ня толькі ў рэлігійным пляне: іх пачаў падзяляць і іншы культурны кшталт, прыняты разам з новай рэлігіяй.
Прытым працэс гэтага падзелу ў наступныя стагодзьдзі пачаў паглыбляцца. Больш таго, існыя ўжо на момант хрысьціянізацыі Польшчы і Русі адрозьненьні паміж усходняй, праваслаўнай Царквой, і заходняй, каталіцкай Царквой, неўзабаве, у 1054 годзе, прывялі да поўнага разрыву сувязяў паміж абедзьвюма часткамі хрысьціянскага сьвету і да выразьлівай варажнечы паміж імі. Вельмі спаважны ўплыў на павелічэньне адрозьненьняў у цікавячым нас прасьцягу мела ХІІІ стагодзьдзе, і асабліва дзьве падзеі. Адна зь іх — гэта нашэсьце манголаў на Ўсходнюю і Цэнтральную Эўропу. Яно закранула як рускія землі, так і Польшчу, але ягоныя насьледкі былі рознымі для абедзьвюх краін. Русь ня толькі патрапіць пад палітычную дамінацыю Залатой Арды, але і — несупынна адчуваючы ўціск з боку татараў — перажыве выразьлівы культурны рэгрэс. Польшча, нягледзячы на зьнішчэньні, выкліканыя нашэсьцем, адносна хутка адновіць свае сілы, да чаго выдатна спрычыніўся працэс, вядомы пад назвай «калянізацыя на нямецкі ўзор». Гэтая зьява, добра вывучаная ў нашай гістарыяграфіі і часта разгляданая спрошчана, адыграла, на маю думку, вельмі вялікую ролю ў збліжэньні Польшчы з Захадам. Побач з хрысьціянізацыяй гэта быў чарговы інтэграцыйны працэс у межах Польшчы, а таксама Чэхіі і Вугоршчыны — у краінах ускрайку Заходняй Эўропы. Такім чынам, у пэрыяд сярэднявечча мяжа Польшчы і Русі адыгрывала ў тагачаснай падзеленай Эўропе асаблівую ролю. Гэта была ня толькі мяжа дзьвюх суседніх краін, але і мяжа двух вялікіх культурных рэгіёнаў сярэднявечнай Эўропы.
У сыстэме далейшых узаемінаў на цікавячым нас прасьцягу Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы важную ролю адыграла XIV стагодзьдзе. Некалькі падзеяў, галоўным чынам палітычнай прыроды, якія мелі месца ў гэтым стагодзьдзі, паўплывалі на далейшыя лёсы ўсяго рэгіёну, і ня толькі на яго палітычную гісторыю, але і — і можа нават перадусім — на разьвіцьцё культуры.
Першая са згаданых падзеяў датычыць беспасярэдне тэрыторыі нашых зацікаўленьняў, а менавіта пазьнейшай Усходняй Галіччыны, якая ў той час мела назву Галіцка-Валынскага княства. Як вядома, пасьля сьмерці ў 1340 годзе Юр’я, апошняга галіцка-валынскага князя з дынастыі Рурыкавічаў (хоць ужо толькі фармальна), і пасьля працяглых войнаў, у якіх бралі ўдзел разам з русінамі таксама палякі, вугорцы, ліцьвіны і татары, Галіцкая Зямля апынілася пад польскім панаваньнем і ў прынцыпе знаходзілася ў польскай дзяржаве да першага падзелу Польшчы ў 1772 годзе.
400 гадоў польскага панаваньня на тэрыторыі Галіцкай Русі, вядомай пазьней пад назвай рускага ваяводзтва, аказалі ўплыў як на структуру канфэсійных і нацыянальных дачыненьняў, так і на характар зьменаў у культурным разьвіцьці гэтага прасьцягу. Захоп Польшчай Галіцкай Русі ў сярэдзіне XIV стагодзьдзя быў, тым ня менш, адно першым этапам вялікіх ператварэньняў у гэтай частцы Эўропы.
Чарговыя важныя падзеі — гэта унія Польшчы зь Літвой у Крэве ў 1385 годзе, пакліканьне на трон Польшчы вялікага князя літоўскага Ягайлы як мужа караліцы Ядвігі, і хрысьціянізацыя Літвы.
Праўда, хаўрус Польшчы зь Літвой не набыў такога характару, як тое прадугледжваў крэўскі акт, і Польшча і Літва яшчэ каля 200 гадоў захоўвалі далекасяжную адметнасьць, але факт, што яны заставаліся пад уладай адных і тых жа валадароў, што паходзілі з дынастыі Ягайлавічаў, спрычыніўся да ўсё больш магутных сувязяў паміж абедзьвюма дзяржавамі. Гэта датычыла як супольных акцый у галіне міжнароднай палітыкі, так і перайманьня Літвой польскіх узораў у абсягу палітычнай сыстэмы, грамадзкіх дачыненьняў і культуры. Гэтыя паступовыя інтэграцыйныя працэсы ў выніку прывялі да Люблінскай уніі 1569 году, якая ператварыла дагэтулешні дынастычны хаўрус паміж дзьвюма дзяржавамі ў рэальную унію, у супольную Рэч Паспалітую, дзе Карона і Вялікае Княства захоўвалі шэраг адметнасьцяў, але галоўныя органы ўлады, такія, як кароль і сойм, а таксама прынцыпы дзяржаўнага будаўніцтва меліся быць з таго часу супольнымі.
Не беручы пад увагу таго, што Польшча і Літва ў суме 400 гадоў знаходзіліся паміж сабой у хаўрусе — першыя 200 гадоў хутчэй уяўным, а наступныя 200 вельмі цесным — мы ня зможам належна ацаніць таго, што ў розных галінах жыцьця, у тым ліку і ў галіне культуры, адбывалася ў Рэчы Паспалітай, дзяржаве, у якую ўваходзіла Польшча, Летува, Беларусь і Ўкраіна.
Калі Літва ў 1385 годзе ўступала ў хаўрус з Польшчай, яна ў прынцыпе валодала ўсім у той час густа населеным прасьцягам Беларусі і Ўкраіны. Таму, кажучы аб хрысьціянізацыі Літвы, трэба памятаць, што справа тут тычылася хрысьціянізацыі летувіскага народу, а не насельнікаў усёй дзяржавы, паколькі апошнія ў сваёй бальшыні некалькі стагодзьдзяў ужо былі хрысьціянамі, толькі ў яго праваслаўнай вэрсіі.
Канчаткова сфармаваная актам Люблінскай уніі, польска-літоўская дзяржава ўяўляла сабой у тагачаснай Эўропе, падзеленай рэлігійна і культурна, асаблівы твор. У абсягу гэтай дзяржавы больш-менш у роўных прапорцыях апыніліся тэрыторыі, зьвязаныя з заходне- і ўсходнеэўрапейскім культурным узорам. Не было другой такой краіны ў Эўропе, дзе існаваў бы падобны стан рэчаў. Мяжа паміж заходне- і ўсходнеэўрапейскім культурным прасьцягам праходзіла цяпер ня ўздоўж дзяржаўных межаў, як гэта мела месца ў сярэднявеччы, а ў абсягу адзінай дзяржавы, заходняя частка якой традыцыйна мела культурную лучнасьць з лацінскай Эўропай (ужо з Х стагодзьдзя, а ў выпадку Летувы з XIV стагодзьдзя), а ўсходняя частка — зь бізантыйскай Эўропай, і таксама з Х стагодзьдзя. Гэта быў фактар, які бясспрэчна абцяжваў функцыяваньне дзяржавы і быў вытокам унутраных канфліктаў, але адначасна ён быў вельмі карысным для ўзаемнага культурнага збліжэньня падзеленай паводле гэтай адзнакі Эўропы. Узаемадзеяньне абедзьвюх культур тут было, безумоўна, больш лёгкім. На гэта ўплывала ня толькі дзяржаўнае адзінства, але і змяшэньне насельніцтва, зьвязанага з рознымі культурнымі ўзорамі. Пры гэтым варта памятаць, што ў Рэчы Паспалітай побач з двума асноўнымі культурнымі ўзорамі: заходнім — лацінскім і ўсходнім — бізантыйскім, існаваў шэраг меншых этнічных групаў з уласнай апрычонай культурай, не зьвязанай зь ніводнай са згаданых мадэляў. Побач зь невялікімі этнічнымі групамі — такімі, як татары, караімы, армяне — асаблівай увагі заслугоўваюць жыды. Яны складалі вельмі спаважны працэнт насельніцтва, найперш усходніх, рускіх тэрыторый Рэчы Паспалітай. Жыдоўская культура — своеасаблівая, вынікаючая з апрычонай традыцыі — складала там надзвычай істотны кампанэнт гарадзкой культуры.
Падкрэсьлены мной факт каэкзыстэнцыі ў рамках адной дзяржавы насельніцтва з рознымі культурнымі традыцыямі, безумоўна, палягчаў узаемаўплывы, пагатоў што зь цягам часу пачаўся працэс зьмяшэньня насельніцтва розных нацыянальнасьцяў, рэлігій і культур. Гэта ізноў тычылася перадусім усходніх тэрыторый Рэчы Паспалітай. Радзей заселеныя, яны прыцягвалі людзей са значна гусьцей населеных заходніх прасьцягаў. Але на міграцыю насельніцтва з захаду на ўсход аказвалі ўплыў і іншыя фактары. Для магнатаў і шляхты гэта была лёгчыня ў здабыцьці зямельных надзелаў, якіх там быў лішак у параўнаньні з заходняй часткай краіны. Для сялянаў усходнія землі былі жаданым месцам для пасяленьня на больш лагодных, больш спрыяльных, чымся на захадзе, умовах. Таксама перадусім на ўсход кіраваліся ўцёклыя сяляне, такія шматлікія ў пэрыяд, калі паншчынна-фальваркавая сыстэма ўсё болей вычэрпвала сябе. Шмат зь іх кіравалася таксама ў гарады і мястэчкі на ўсходзе, знаходзячы там больш спрыяльныя ўмовы жыцьця. У выніку мы назіраем усё больш разнастайную нацыянальную мазаіку на ўсходніх, рускіх тэрыторыях колішняй Рэчы Паспалітай. Пэўны ўплыў на яе характар аказвалі і палянізацыйныя працэсы з аднаго, і рутэнізацыйныя з другога боку. Агульная тэндэнцыя гэтых працэсаў добра вядомая. Палянізавалася перадусім руская і літоўская шляхта, а польскія сяляне, што асядалі на ўсходзе, у значнай ступені рутэнізаваліся.