Выбрать главу

Дэмакратыі й рынкавай эканоміцы спрыяе хутчэй індывідуалізм, чымся ўкарэнены ў мэнтальнасьці беларусаў калектывізм, прыватная собскасьць, чымся дзяржаўная собскасьць, дыфэрэнцыяцыя грамадзтва, чымся эгалітарызм, вяршэнства закону, чымся права індывіда або групы да неабмежаванага вяршэнства нібыта ў імя інтарэсаў народу. Беларусы не стварылі інстытуцыйных варункаў для належнага функцыяваньня рынкавай эканомікі, прычыны чаго палягаюць у вызнаваных імі вартасьцях. Падобныя словы можна аднесьці і да існуючай цяпер у Беларусі палітычнай сытуацыі. Яна — вынік грамадзкага выбару апошніх двух гадоў. Гэта не азначае, што гэткі стан рэчаў будзе нязьменны. Аднак, безумоўна, гатовасьць да ажыцьцяўленьня палітычных (зьвязаных з ладам) і эканамічных зьменаў была, ёсьць і напэўна яшчэ нейкі час будзе ў Беларусі меншай, чымся ў Чэхіі, Польшчы або ў Вугоршчыне.

Грамадзкія структуры

На культурныя падзелы ў Сярэдне-Ўсходняй Эўропе накладаюцца істотныя адметнасьці ў грамадзкіх структурах паміж паасобнымі нацыямі, што насяляюць яе. Іх кшталт вызначае форму й сілу артыкуляцыі грамадзкіх ідэалаў, забясьпечвае магчымасьць культывацыі традыцыі, зьмяшчаючы ў большай ці меншай ступені імпэратыў несупыннай грамадзка-палітычнай актыўнасьці. У нацыяў, якія валодалі выпрабаванай стагодзьдзямі грамадзкай структурай, існавалі слаі — шляхта, а пасьля ўзьніклая зь яе інтэлігенцыя — якія выконвалі палітычныя й культурныя ролі, што забясьпечвалі бесьперапыннасьць існаваньня нацыі пры апірышчы на яе палітычна-дзяржаўныя традыцыі. Таму ў іх існаваў актыўны этас, што схіляў грамадзтва, у выпадку пагрозы для ягонай свабоды, тоеснасьці, да працяглых палітычных акцыяў, напару нават гвалтоўных. Актыўнасьць грамадзтваў, эліты якіх выводзяцца зь селавых серадовішчаў, напару зь мяшчанства, была іншага роду. Яна была больш пазытывісцкай, менш рамантычнай і індывідуалісцкай, а таксама ў меншай ступені настроенай на паўстанцкія закалоты. Гэта было відаць у пэрыяд некалькіх дзясяткаў пасьляваенных гадоў «рэальнага сацыялізму». Пасьля 1956 году найбольш палітычна адкрытымі, лібэральнымі былі Польшча і Вугоршчына. Толькі там да 1989 году зьдзяйсьняліся ініцыяваныя «зьнізу», грамадзтвам, палітычныя забурэньні (1956 — у Вугоршчыне і некалькі разоў у Польшчы). «Праская вясна» 1968 году была запачаткаваная тагачаснымі ўладамі Чэхаславаччыны; яна атрымала масавае падтрыманьне ў сялянска-гарадзкім асяродзьдзі. Падобных падзеяў не было ў Баўгарыі, Румыніі (румынская рэвалюцыя канца 1989 году была ініцыяваная вугорскай мяншыняй трансыльванскай Тымішаары), ні у падпарадкаваным расійцам СССР (я абмінаю ГДР і бэрлінскае паўстаньне 1953 году). Працэс дэмакратызацыі ўва ўзбалтыцкіх рэспубліках канца 80-х гадоў быў ініцыяваны ў значнай ступені палітычнымі элітамі гэтых краін, ён атрымаў у тамашніх грамадзтвах хуткае й масавае падтрыманьне, якое шакавала — як можна прыпушчаць — і самых ініцыятараў. Гэтыя зьявы ня мелі сваіх — так рана й выяўна ўзьніклых — адпаведнікаў у Беларусі, у Расіі, а таксама ўва ўсходняй Украіне (на фоне якой выгодна вырозьніваўся захад краіны).

Як у выпадку Чэхаславаччыны, так і Ўзбалтыкі, грамадзкія масы ўплывалі на радыкалізацыю праграмы ды хуткую інстытуталізацыю новаўзьніклых рухаў. У гэтых грамадзтвах былі досыць моцна ўкарэненыя ідэі дэмакратыі, свабоды й незалежнасьці, дарма што ў выніку нястачы ў пэрыяд набыцьця нацыянальнага аблічча ў гэтых грамадзтвах — і, такім чынам, у вельмі істотны пэрыяд фармаваньня іхнай культуры: собскіх вышэйшых слаёў і зьвязаных з гэтым традыцыяў актыўных грамадзянскіх акцыяў — масавае, дзейснае падтрыманьне гэтых ідэяў грамадзтвам патрабавала ў тагачасных умовах наагул ініцыяцыі або санкцыі «згары».

Таму можна сьцьвердзіць, што ідэі дэмакратыі й свабоды былі жывыя ў некаторых грамадзтвах і абумоўлівалі іх несупынную актыўнасьць (Польшча, Вугоршчына), у іншых яны таксама былі прысутныя, але актыўна артыкуляваліся толькі часам, як бы з дазволу ўладнай эліты (Чэхаславаччына, а ў апошнія гады Савецкага Саюзу — Эстонія, Латвія й Летува). У праваслаўных грамадзтвах гэтыя ідэі не былі такімі блізкімі масам або, магчыма, не ўкарэньваліся так лёгка. Пасьля 1989 году аказалася, што для палітычнай і эканамічнай перамогі не патрэбныя паўстанцкія шляхотна-інтэлігенцкія традыцыі, а дастаткова буржуазнага этасу дбайнасьці й працавітасьці. Якраз таму палітычным лідэрам (у пляне палітычнай стабільнасьці), а можа і эканамічным, у апошнія часы ў Сярэдне-Ўсходняй Эўропе стаюцца чэхі (як гэта й было перад вайной), а не кіраваныя посткамуністамі палякі й вугорцы. І да нядаўнага яшчэ ў бальшыні сялянскай Польшчы гучаць галасы расчараваньня, пратэсту супраць адкрытасьці для сьвету, што складае ўсё большую перашкоду актыўным, элітарысцкім імкненьням хуткага рэфармаваньня краіны. Падобныя зьявы таксама выяўна назіраюцца ў суседняй сялянскай Славаччыне й Летуве. Традыцыі буржуазнага, часта пратэстанцкага этасу добрай працы, відавочна, існуюць у некалі таксама сялянскіх грамадзтвах, якія, аднак, у дужай ступені дазнавалі ўплыў нямецкай культуры: наўперад у каталіцкай, а цяпер дужа сэкулярызаванай Чэхіі, пратэстанцкай Эстоніі й гэткай жа ў значнай частцы Латвіі (дзе латышы, аднак, складаюць троху больш за палавіну насельнікаў краіны). Спасярод праваслаўных дзяржаваў Расія вылучаецца актыўным, інтэлігенцкім этасам сваіх элітаў, што, аднак, значна менш назіраецца па-за вялікімі гарадамі краіны, якія традыцыйна засяроджваюць расійскую інтэлігенцыю і ўладную эліту. Масква й Пецярбург выяўна розьняцца ад Менску й Кіева. У сваю чаргу далёкая, местачковая й селавая расійская правінцыя сваёй інэртнасьцяй нагадвае беларускую і ўкраінскую.

Сярэдне-Ўсходняя Эўропа, стагодзьдзямі надзвычай здыфэрэнцыяваная культурна, перамяшаная этнічна, перажыла гамагенізацыю шляхам утварэньня ў меру аднародных элітаў у рамах двух найвялікшых дзяржаўных арганізмаў: польска-літоўскага ды манархіі Габсбургаў. Падобныя працэсы ўзьнікалі ў былым СССР, асабліва ў яго славянскіх рэспубліках. Супольнасьць элітаў гэтага прасьцягу сёньня асабліва даецца ў знакі Беларусі, кляса дзяржаўнай бюракратыі якой была ў значнай ступені вытворнай у дачыненьні да маскоўскага першаўзору, і спабытай пры гэтым пачуцьця нацыянальнай укарэненасьці ў так моцна саветызаваным грамадзтве, што яно ўяўляе сваю беларушчыну ў рэгіянальна-правінцыйных (у рамах былой імпэрыі), а не ў нацыянальных катэгорыях. Узьніклая кляса ўлады складаецца зь людзей недастаткова самастойных, з значным пачуцьцём пакорлівасьці да маскоўскага цэнтру, што і перадаецца ўсяму грамадзтву. Сучасная гарадзкая супольнасьць Беларусі ўзьнікла ў выніку імклівых працэсаў перасяленьня ў гарады жыхароў сяла пасьля першай, і асабліва пасьля другой сусьветнай вайны. Гэтыя людзі стварылі падставы гарадзкой супольнасьці, запаўнялі ўрбанізаваную культурную й палітычную паражнечу, самі фармавалі эліты — бо іншых не было. Яны прынесьлі ў горад сялянскую пакорлівасьць або пакорлівасьць аўтарытэтам, пасіўнасьць, рахманасьць, канфармізм, замкнёнасьць, непрыхільнасьць да ўсякіх плюралізмаў, а таксама сялянскае, этнічнае пачуцьцё часу, настроенае на перабываньне гэтта й цяпер. Падобныя праблемы перажывала ўся Сярэдне-Ўсходняя Эўропа. Аднак у Польшчы, у Вугоршчыне, а пасьлей і ў Чэхіі, сялак у горадзе далучаўся да актыўнага нацыянальнага этасу, сутыкаўся з собскай элітарнай культурай і слаямі, якія былі ейнымі носьбітамі, што беларусам дадзена не было.