Тэкст перакладзены паводле: Kresy, № 4 (20), 1994.
*Тадэвуш Славэк — вядомы польскі філяёзаф, крытык, літаратуразнаўца. Прафэсар, доктар габілітаваны, рэктар Сылескага ўнівэрсытэту ў Катавіцах. Спэцыялізуецца на амэрыканскай і ангельскай літаратурах і на перакладах зь іх.
29 кастрычніка 1996 быў абраны на старшыню «Рэгіянальнай Асацыяцыі рэктараў катавіцкага ваяводзтва». Удзельнічаў у канфэрэнцыі Польскай асацыяцыі амэрыканскіх дасьледаваньняў «Этычныя вартасьці ў пост(?)мадэрным амэрыканскім грамадзтве і культуры», адбытай 21–24 кастрычніка ў мястэчку Устронь. Чалец ганаровага камітэту 34-га зьезду польскіх фізыкаў, адбытага ў 2000 у Катавіцах.
Апошнія публікацыі Тадэвуша Славэка — артыкулы «Blake and Thoreau: Friendship and the Ethics of Contrariness» (Telling it Slant. Polish Insights into American Culture and Literature. Essays in Honor of Professor Andrzej Kopcewicz on His 65th Birthday), «Jacques Deville and the Path of Spirit» (The Proceedings of the Conference of Northwestern American Association of the Eighteen Century Studies, Boise, Idaho), «Through the Underwood of Words ot the Clear Blue»: Thoreau, Cavell, and the «Crystallization» of America Canons, Revision, Supplements in American Literature and Culture (The Proceedings of the 5th International Conference of the Polish Association for American Studies, Poznaс, October, 1995).
Пераклад зьдзейсьнены з ласкавай згоды люблінскага часопісу «Kresy».
Анджэй Тышка*
Культурная прастора Цэнтру Эўропы
(...) Паміж усходнім «бізантыйскім» і заходнім «лацінскім» прасьцягамі эўрапейскай прасторы зь цягам стагодзьдзяў узьнік буйны рэгіён узаемапранікненьня ўплываў. Паўсталі анклявы рэлігійных і культурных сынкрэтызмаў, прамежкавых структураў і зьмешаных грамадзтваў. Такім чынам, гэтай мяжы нельга вызначыць пры дапамозе адной выразнай лініі, а трэба гаварыць аб узьніклым памежным прасьцягу, аб тэндэнцыі да яго нутраной плюралізацыі. Гісторыяй гэтага працяглага памежжа зьяўляецца як гісторыя ўніятаў на польскіх крэсах, так і вугорскай праваслаўнай меншыні, чэскіх гусітаў, а пасьля рэфармацыі гісторыя кальвіністаў у Літве ці ў Трансыльваніі, лютэранаў ува Ўсходняй Прусіі, на Памор’і і ў Сылезіі, гісторыя славянскіх мусульманаў у Босьніі, гэбраяў-артадоксаў і хасыдаў на Галіччыне і г.д.
У выніку гэтых ускладненых акалічнасьцяў досьведам стагодзьдзяў у гэтай частцы Эўропы, паміж Захадам і Ўсходам, ёсьць наяўнасьць многіх веравызнаньняў і шматэтнічнасьці. Уплыў плюралізму быў дапоўнены рухамі і міграцыямі народанасельніцтва ў выніку войнаў, акупацыяў і заняволеньняў — лякальных альбо кантынэнтальных паводле свайго маштабу — зьменлівага шэрагу малых дзяржаваў і вялікіх палітычных арганізмаў. Тут наступіла сытуацыя сутыкненьня і канфрантацыяў ня двух, а многіх веравызнаньняў, расаў, нацыяў і культур, моваў і палітычных сыстэмаў.
Навідавоку існая дагэтуль і актыўная цягам многіх стагодзьдзяў сытуацыя шматвымернага плюралізму, накладзенага на выкрышталізаваныя формы нацыянальнай тоеснасьці вялікіх і малых нацыянальных і этнічных, аўтахтонных і наплывовых групаў.
* * *
На парозе Новага часу (...) у папуляцыйным і моўным пляне тэрыторыя Цэнтру Эўропы была збольшага падзеленая на заходнюю частку — «германскую» і на ўсходнюю частку — «славянскую» — з многімі анклявамі ўзаемнага пранікненьня і зьмяшаньня. Трэба, аднак, памятаць аб пракаветнай прысутнасьці народаў, якія не ўкладаюцца ў рамкі гэтага падзелу — балтаў, мадзяраў, малдаванаў, а таксама аб прысутнасьці наплывовых групаў, этнічна і расава адметных, што паддаваліся ня толькі ізаляцыі, але і асыміляцыі ў асяродзьдзі мясцовых аўтахтонаў — такіх, як гэбраі, цыганы, армяне, татары, туркі і караімы.
У культурным пляне гэты прасьцяг перацінала ня менш важная мяжа, якая ішла дакладна ўпоперак вышэйзгаданай. На поўдзень ад Карпат і Судэтаў прасьцягнуўся край віна, сьлівянкі, алівы і дыняў. На поўнач ад гэтай лініі — культура піва, гарэлкі, сьмятаны, грудзінкі і капусты.
Увесь гэты нязвычна плюралістычны культурна і адначасова траіста ўвасоблены ў выглядзе Прусіі і раздробленых нямецкіх княстваў імпэрыі Габсбургаў, а таксама Рэчы Паспалітай Дзьвюх Нацыяў Цэнтар Эўропы, пачынаючы ад эпохі Рэнэсансу, ужо ня толькі імкнуўся, але станаўко належаў да Захаду.
(...) Сёньня блукаючая ў палітычнай тэрміналёгіі і гутарковай мове фармулёўка «Краіны Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы» зьяўляецца адбіткам іх «цэнтральнага» палажэньня ў Эўропе і ўсходняй арыентацыі, накінутай гэтым краінам у Ялце і Патсдаме.
Культурныя сувязі, абапёртыя на тысячагадовай прыналежнасьці да Захаду, былі на працягу гэтых пяцьдзесяцёх гадоў аслабленыя або перарваныя.
(...) Калі нешматлікія цэнтральна-эўрапейскія інтэлектуалы распачыналі кансьпірацыйныя дыскусіі аб магчымай інтэграцыі Эўропы Цэнтру, Заходняя Эўропа знаходзілася ўжо ў стадыі інтэнсіўнай палітычнай і эканамічнай інтэграцыі, яна была зьвязана абаронным пактам і карыстала са свабоднага абмену «ідэяў, людзей, парлямэнтарызму і плюралізму». Словам — з усіх атрыбутаў «вольнага сьвету».
Перажываньне гэтага кантрасту было нечувана хваравітым і прыніжальным для грамадзтваў «усходняга блёку». Сёньня, калі гэты досьвед мы пакінулі за сабой, у нас зьявіўся абавязак дасягнуць пэўнай дыстанцыі адносна яго, сабраць у адзіны зьвязны вобраз, пасьлядоўна прадумаць яго і выйсьці за траўматычныя дазнаньні таталітарызму.
Вяртаньне да ўсёй шматстагодняй традыцыі і культурнай своеасаблівасьці павінна палягаць у аднаўленьні нормаў і практык заходняй цывілізацыі і ў паўторным прышчапленьні іх да канонаў айчыннай традыцыі. Гэта быў бы шанец для цэнтральна-эўрапейскіх нацыяў на ўзнаўленьне сваёй тоеснасьці і шанец для ўсёй Эўропы на ўзбагачэньне сябе дзякуючы культурным здабыткам гэтых нацыяў. Гэта зможа зьдзеяцца тады, калі ўся Эўропа пачне — паводле словаў Яна Паўла ІІ — «дыхаць двума сваімі лёгкімі».
* * *
(...) Зьвернем увагу на дзьве чарговыя спробы засяроджаньня сьвядомасьці цэнтральных эўрапейцаў на ідэі задзіночаньня, дзьве кульмінацыі дыспутаў над канцэпцыяй фэдэралізацыі і інтэграцыі іх у супольнасьці.
Першай спробай была нямецкая прапанова «Mitteleurop’y», абвешчаная напрыканцы першай сусьветнай вайны Фрыдрыхам Наўманам, і дыскусіі наконт якой адбывалася ў 1916–1918 гг. Гэта спроба вынікала з тагачасных пангерманскіх ідэалёгіяў і зацікаўленьняў. Квінтэсэнцыя гэтай ідэі замыкалася ў наданьні вызначальнай палітычнай і эканамічнай кампэтэнцыі прасьцягу «Вялікай Нямеччыны» і прылеглым тэрыторыям паміж ёй і Расіяй.
У 80-х гадох інтэлектуалы былога «ўсходняга блёку» з Будапэшту, Прагі, Бялграду, Браціславы, Загрэбу і Варшавы паразумяваліся паміж сабой што да магчымасьці інтэграцыі «Эўропы Цэнтру» ў андэрграўндных дыскусіях і публікацыях. Праводная ідэя гэтай дыскусіі была іншая: яе галоўным матывам была своеасаблівасьць супольнай культурнай спадчыны.
(...) На думку Нормана Дэвіса, Цэнтральная Эўропа азначае ня столькі палітычна аднародны прасьцяг, які вырозьніваецца супольнымі эканамічнымі характарыстыкамі, колькі зьяўляецца патэнцыйнай «імпэрыяй духу».
(...) Кожная краіна тут мае адметны набор фактаў і ідэяў, складаная кампазыцыя якіх фармавала яе стан духу, тоеснасьць, нацыянальны характар, тып успрымальнасьці, сфэру лякаў і ступень супраціўляльнасьці. Усім нацыям гэтага прасьцягу, аднак, давялося ў сваёй мінуўшчыне — прынамсі ад пачатку ХІХ стагодзьдзя — выпрацаваць і перадаць у спадчыну своеасаблівыя духоўныя сродкі і спосабы ператрываньня сытуацыі пагрозаў і няволі, крыўдаў і пакутаў, панаваньня і прыгнёту.
(...) Праблема духоўнага профілю, супольнага для ўсяго рэгіёну Цэнтральнай Эўропы, зьяўляецца аксіялягічнай. Гаворка ідзе ня толькі аб спраўджваньні генэральнай тэзы, што аб характары культуры можна штось істотнае сказаць толькі тады, калі спазнана канфігурацыя сыстэмы вартасьцяў, на якой яна ўгрунтаваная. Гэтыя канфігурацыі былі не ідэнтычныя, а паралельныя. Стаўленьне да вартасьцяў было, аднак, у гэтай частцы Эўропы адметным, не такім, як на Захадзе, хоць набор вартасьцяў быў падобны, паколькі ён мае ўнівэрсальную прыроду. Гэта было надзвычай сьцьвярджальнае, каб не сказаць, культавае стаўленьне. Многімі прыкладамі можна праілюстраваць тое, што для вартасьцяў быў створаны прыярытэт перад катэгорыямі «патрэбаў і зацікаўленьняў».