Можа быць нехта, хто слухае мяне дагэтуль, зробiць з маёй прамовы такую выснову, што трэба перастаць працаваць, пачаць пагарджаць любымi здабыткамi, кнiгi аднесьцi ў сьвiран, перастаць адказваць як на закiды з боку грамадзтва, так i на ўсе аргумэнты тых, хто атакуе нас за аматарства, ну i... вынiк гэтага быў бы сумны. Я ўпэўнiваю вас, што безь вялiкiх цяжкасьцяў можна знайсьцi прыклады, што выкрываюць дэградацыю аматарскага серадовiшча, дзе навiдавоку танная спантаннасьць, сьляпое самазадавальненьне, беспрычыннае ўнiканьне ад працы, дзе за грош можна купiць усю так званую альтэрнатыўнасьць. Выбiраючы iншую аргумэнтацыю, я зважаю на час, у якi нам давялося сустрэцца. Я магу ўявiць сабе iншы час, калi б адчувалася вялiкая патрэба гаварыць аб напружанай тэхнiчнай працы, аб атрыманьнi прафэсii, аб пагонi за ведамi. Аднак сёньня гэтыя словы ня маюць сапраўднай вагi, яны падпарадкоўваюцца сiлам прыцягненьня гэтага сьвету, сiлам унiфiкуючым i агрэсiўным, якiя, як i кожны наркотык, дастаўляюць асалоду, высмоктваючы зь людзей мазольную працу, i ўрэшце кiдаюць iх, абсалютна зьнясiленых. Праца зьдзяйсьняецца ў вялiкiм стрэсе i напружаньнi, на мяжы вытрываласьцi, але ейная энэргiя самазьнiшчаецца. Нешта iншае забываецца, нешта застаецца ў абсягу нашай гаспадаркi, як засыпаная студня. Якраз гэта не дае спакою тым, хто шукае вытокi, усiм Падарожнiкам Усходу. На досьвiтку яны ўстануць iзноў i возьмуцца за цяжкую працу. Бо дзьве стралы павiнны дасягнуць мёртвага пункту, каб у iм пачала вiраваць новая магута: першая — гэта незалежнасьць, адмова; другая — гэта страла, якая пацьвярджае гэтую незалежнасьць. Гэта дакладна так, як у вершы Аляксандра Вата пад назвай «Гёльдэрлiн»: «пацьвердзiць сваю незалежнасьць». Адно цяпер выяўляецца другi бок таго, аб чым дагэтуль гаварылi, бок напружанай увагi, намаганьня, спраставанага на дацьцё сьведчаньня, на канчальную адказнасьць за тое, што робiцца. А гэта найцяжэйшая праца. «Адмовай уходаць» — гэта яшчэ раз Цьвятаева. Я не змагу шмат сказаць аб гэтым другiм боку, але думаю, што гэтага i ня трэба. Аб гэтым найбольш сказаў, мабыць, Гесэ ў аповесьцi аб Кнульпу. Гэта сапраўды найпрасьцейшая рэч, найпрасьцейшы ў сьвеце рытуал — увага, услухоўваньне ў нутраны голас, вольны ад усялякай iдэалёгii, адкрыты для прасторы таямнiцы.
На заканчэньне адзiн трывожны анэкдот з «Жыцьцяпiсаў» Плютарха, якi ёсьць яшчэ адной спробай наблiзiцца да сакрэту этасу аматара: «Калi Антыстэнэсу было паведамлена, што Iсмэнiяс выдатна грае на флейце, першы слушна адказаў: значыцца, ён больш не прыдатны да нiчога; у адваротным выпадку ён ня граў бы так добра».
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
Яшчэ зусім нядаўна, у шэсьцьдзясятыя гады, Заходняя Эўропа імкнулася да скасаваньня межаў, што падзяляюць людзей, дзяржавы і нацыі. Дынамічнае разьвіцьцё сучаснай тэхнікі, а таксама ўзрастаючая колькасьць праблем, вырашэньне якіх было магчыма толькі па-над межамі, — такіх, як экалёгія ці бясьпека — усё гэта, здавалася, пацьвярджала прадказаньне МакЛюэна аб «глябальнай вёсцы», сусьветнай супольнасьці, у якой межы страцяць усялякае значэньне. Гэтаму спрыяла перакананьне, што дзякуючы гэтаму разьвіцьцю падзеяў зьнікнуць этнічныя канфлікты і ўсялякі нацыянальны сэпаратызм. Падобнае цьверджаньне можна было знайсьці і на Ўсходзе кантынэнту ў камуністычнай ідэалёгіі, толькі там вызваленьнем ад нацыянальных фобіяў павінен быў стаць новы, уніфікаваны чалавечы выраб — «homo sovieticus». Усходні інтэрнацыяналізм у сапраўднасьці аказаўся адно абалонкай, за якой крыўся пасьлядоўна культываваны тут шавінізм. Гэты факт найзырчэй выкрывалі межы «братніх дзяржаваў», што ашчэрваліся нянавісьцю і варажнечай. Гэта былі своеасаблівыя палосы-зоны, да якіх было страшна набліжацца. Падарожнік, у якога ўсе дакумэнты былі ў парадку, які ня вёз ніякай кантрабанды і які ня меў з сабой нават забароненых кніг, на мяжы пачуваўся вінаватым, зьняважаным і прыніжаным. Жыхар дзяржаваў з гэтага боку бэрлінскага муру з зайздрасьцю спасьцерагаў працэсы, што адбываліся ў Заходняй Эўропе. Сьвет адкрытых межаў сымбалізаваў свабоду.
У 1990 годзе быў разбураны бэрлінскі мур, што павінна было даць пачатак адкрыцьцю межаў ува ўсёй Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе. У той жа час узьніклі акропленыя новай крывёй межы ў былой Югаславіі, незразумелая для многіх мяжа падзяляе Чэхію і Славаччыну, цэлая сетка межаў пакрыла прасьцяг колішняга СССР.
Пераацэнцы падлягае само разуменьне мяжы: усё часьцей у імя якраз свабоды і прадухіленьня пагрозаў сувэрэннасьці грамадзяне дамагаюцца ўтрываленьня межаў ці нават іх закрыцьця.
Такая сытуацыя ўва ўсходняй частцы Эўропы, аднак ці толькі тут? Нягледзячы на спраўджаныя прагнозы аб мадэрнізацыі і тэхнічным прагрэсе, нягледзячы на імклівы працэс задзіночаньня Эўропы, напрыканцы ХХ стагодзьдзя ніхто сур’ёзна не гаворыць аб поўным скасаваньні межаў на нашым кантынэнце. Якраз наадварот, чуюцца ўсё больш магутныя галасы ў іх абарону, у абарону захаваньня ўласнай адметнасьці. Тэхніка зрабіла вельмі шмат, але яна бездапаможная што да ляку чальцоў супольнасьці перад яе поўнай адкрытасьцю. Нельга таксама гаварыць аб зьнікненьні этнічных канфліктаў, а сьвядомасьць нацыянальнай прыналежнасьці, нягледзячы на зьмены ў ёй, дагэтуль застаецца важкай сілай, што аказвае ўплыў на сучасных эўрапейцаў.
Эўропа перажыла ўжо шмат розных формаў існаваньня мяжы. Яе ўзводзілі, каб падзяляць, адпалохваць і ізалёўваць, каб бараніць, а таксама, каб злучаць і сустракаць. Зьмена падыходу да праблемы мяжы заўсёды была моцна зьвязана з узьнікаючым новым тыпам сьветапогляду. Цяперашні момант — гэта час пераацэнак, заняпаду старых сыстэмаў і гіерархіяў, дзеля чаго важным становіцца паўторнае пытаньне аб разуменьні мяжы сёньня, калі адбываюцца дэбаты аб Эўрапейскім Саюзе ці аб Эўропе рэгіёнаў.
Дзяржаўныя межы, геаграфічныя межы ня будуць асноўнай тэмай гэтых разважаньняў. Нас больш цікавіць культурны, грамадзкі і псыхалягічны аспэкт мяжы ў жыцьці эўрапейцаў.
Жан-Мары Дамэнак у сваёй кнізе «Эўропа: выклік для культуры» (Europe: le dйfн culturel) вось так разглядае Эўропу, межы якой сьціраюцца: «Пераходзячы на другі бок Райну Эўрапейскім мостам, мы нават не заўважаем, што пераходзім з Францыі ў Нямеччыну. Калісьці, яшчэ дзіцем, я з заходняга берагу Райну назіраў пры дапамозе бінокля майго дзеда-артылерыста манэўры маладых нацыстаў. Сёньня мяне агортвае радасьць, якую, аднак, суправаджае пэўны непакой: я ўжо ня бачу межаў маёй тэрыторыі, дарма што мяжа (finis) заўсёды была тым, што мяне акрэсьлівае (dйfinit), абумоўлівае, што вызначае мае ўласныя абмежаваньні».
Трэба пагадзіцца, што для эўрапейца такі погляд зьмяшчае цяжкую ў пляне вырашэньня супярэчнасьць: з аднаго боку, радасьць ад пераадоленьня, а па сутнасьці ад выбаўленьня ад межаў, з другога боку — патрэба ўстанаўленьня мяжы, якая мяне акрэсьлівае, вызначае маю тоеснасьць. Інакш кажучы, туга па адчужэньні сустракаецца з тугой па ўкараненьні.
І вось такім чынам мы дапялі да самага асяродку палемікі, якая адбываецца ў сёньняшняй Эўропе і ангажуе людзей палітыкі, эканомікі, культуры і навукі. І няма нічога дзіўнага, што мы толькі пачынаем удзельнічаць у выпрацоўцы новага кшталту аб’яднанай Эўропы. Палеміка ўзмацнілася пасьля публікацыі вынікаў сацыялягічных дасьледаваньняў, якія праводзіліся наўперад сярод маладога пакаленьня эўрапейцаў і якія выявілі ўзрастаючую перавагу поглядаў, зьвернутых да ўкараненьня, над поглядамі, зьвернутымі да адчужэньня. Як жа мы далёка ад шэсьцьдзясятых гадоў! Варта запытаць: ці прыведзеныя тут погляды неабходна прызнаць узаемавыключальнымі? Ці трэба шукаць вырашэньня ў прызнаньні рацыі аднаго з бакоў? Ці не належыць папросту дазволіць узьнікнуць гэтай супярэчнасьці, якая зьявіцца так жа натуральна, як і ў гэтым сьведчаньні Дамэнака? Ці не такі па сваёй сутнасьці эўрапейскі дух, што сягае сваімі каранямі разнастайнасьці і шматгалосься, што пагарджае чысткамі і рэдукцыяй рэчаў да аднаго вымеру? Дазволіць узьнікнуць гэтай супярэчнасьці азначае прызнаць яе прыналежнай натуры Эўропы, азначае так будаваць яе кшталт, каб ён зьмясьціў тое, што дзе-небудзь яшчэ зьмясьціць будзе немагчыма, што разарве любую іншую, з нашага мэталу зробленую судзіну. У гэтым і задача сапраўднага будаўніка, бо — як гаварыў мой майстра, цясьляр і старавер — не вялікая штука збудаваць сабе страху над галавой, значна цяжэй збудаваць такую страху, якая не захінае неба! Да такой будовы імкнуцца тыя, хто выпрацоўвае кшталт Эўропы рэгіёнаў, Эўропы, у якой яшчэ раз унівэрсальнае народзіцца з таго, што зьяўляецца адметным.