Выбрать главу

Прыціснуўшы сэрца рукою, Іван прыклаў вуха да брамы. Не памыліўся. Там была Палагна. Шукаючы дзіркі, каб зазірнуць у двор, Іван ціха пасоўваўся ўздоўж паркана. Нарэшце яму ўдалося знайсці нейкую шчыліну ў плоце, і ён убачыў Палагну і знахара. Юра, сагнуўшыся, трымаў перад Палагнаю гліняную ляльку і тыцкаў пальцамі ў яе ад ног да галавы.

— Забіваю калок тут, — шаптаў злавесна, — і сохнуць рукі і ногі. У жывот — мучыцца жыватом, не можа есці…

— А калі б у галаву забіў? — з цікаўнасцю пыталася Палагна.

— Тады гіне ў той жа момант…

Гэта ж яны на яго змаўляліся!..

Усведамленне гэтага туманам шыбанула Івану ў галаву. Вось каб пераскочыць цераз плот і абязвечыць абаіх на месцы! Іван сціснуў рукою тапарок, змераў вачыма паркан, але раптам звяў. Бяссілле і абыякавасць зноў абнялі ўсё яго цела. Нашто? Дзеля чаго? Так ужо, напэўна, яму суджана на вяку. Яму адразу стала холадна, ён бездапаможна апусціў тапарок і пасунуўся далей. Ішоў апустошаны, не чуючы зямлі пад нагамі, не бачачы сцежкі. Чырвоныя кругі ляталі ў яго перад вачыма і расплываліся па гарах.

Куды ён ішоў? Не мог нават прыгадаць. Бязмэтна блукаў, узлазіў на горы, спускаўся і паднімаўся, куды ногі неслі. Нарэшце ўбачыў, што сядзіць над ракою. Яна клекатала і шумела ў яго пад нагамі, гэтая зялёная кроў зялёных гор, а ён углядаўся бяздумна ў яе быстрыню, нарэшце ў яго ператомленым мозгу засвяцілася першая думка: гэтаю мясцінаю ішла калісьці Марычка. Тут яе забрала вада. Тады ўжо ўспаміны самі пачалі выплываць адзін за адным, напаўняць парожнія грудзі. Ён зноў бачыў Марычку, яе мілы тварык, яе прастату і шчырую ласкавасць, чуў яе голас, яе каламыйкі… «Мяне ўспомні, мой міленькі, хоць разок адзіны, а я цябе прыгадаю сем раз на гадзіну…» І вось цяпер нічога таго няма. Няма, і не вернецца, як не можа ніколі вярнуцца на рацэ пена, якая сплыла па цячэнні. Калісьці Марычка, а цяпер ён… Ужо яго зорка ледзьве трымаецца на небе, гатовая скаціцца. Бо што наша жыццё? Як бляск на небе, як чарэшневы цвет… нетрывалае і кароткае.

Сонца схавалася за горы, у ціхім вячэрнім сутонні задыміліся гуцульскія хаты. Сіні дым віўся праз шчыліны стрэх, густа ўхутваў хаты, што квітнелі на зеляніне гор, як вялікія блакітныя кветкі.

Жаль абнімаў Іванава сэрца, душа тужыла па нечым лепшым, хоць і невядомым, імкнулася ў іншы, лепшы, свет, дзе можна б спачыць.

А калі надышла ноч і чорныя горы заміргалі святлом самотных паселішчаў, як пачвары злымі вачыма, Іван адчуў, што варожыя сілы мацнейшыя за яго, што ён ужо зламаны ў барацьбе.

* * *

Іван прахапіўся.

— Уставай, — будзіла яго Марычка. — Уставай, і хадзем.

Ён глянуў на яе і ані не здзівіўся. Добра, што Марычка нарэшце прыйшла.

Устаў і пайшоў з ёю.

Яны моўчкі падымаліся на гару, і, хоць была ўжо ноч, Іван выразна бачыў яе аблічча. Пералезлі цераз жэрдкі, што адгароджвалі царынку ад лесу, і ўвайшлі ў густы ельнік.

— Чаго ты так змарнеў? Ці не захварэў? — загаварыла Марычка.

— Па табе, любая Марычка… па табе тужыў… — Не пытаўся, куды ідуць. Яму было так добра з ёю.

— Ці памятаеш, маё сэрцайка Іванка, як мы сыходзіліся тут, у гэтым лесе: ты мне іграў, а я ўскідала свае рукі табе на шыю дый цалавала кучарыкі любыя?

— Ой, памятаю, Марычка, і век не забуду…

Ён бачыў перад сабою Марычку, але яму дзіўна, бо ён разам з тым ведае, што гэта не Марычка, а маўка. Ішоў поруч з ёй і баяўся пусціць Марычку наперад, каб не ўбачыць крывавую дзірку ззаду ў яе, скрозь якую відаць сэрца, вантробы і ўсё, што там у маўкі ёсць. На вузкіх сцежках ён туліўся да Марычкі, каб ісці побач, каб не астацца ззаду, і чуў цяпло яе цела.

— Даўно я хацела ў цябе папытацца: за што ты ўдарыў мяне па твары? Тады памятаеш, як біліся нашы старыя, а я калацілася пад возам, бачачы кроў…

— Ты пабегла пасля, я ўкінуў твае каснікі ў ваду, а ты дала мне цукерку…

— Я цябе пакахала адразу…

Яны ўсё паглыбляліся ў лес. Чорныя елкі дабрадушна прасціралі над імі свае калматыя лапы, нібы бласлаўлялі. Скрозь панавала строгая, замкнутая ў сабе ціша, і толькі ў далінах разбівалася шумам пеністая сваволя патокаў.

— Аднойчы я хацела цябе напалохаць і схавалася. Закапалася ў мох, зашылася ў папараць і ляжала ціхенька. Ты клікаў, шукаў, ледзь не плакаў. А я ляжала і душыла ў сабе смех. А калі нарэшце знайшоў, то што ты зрабіў са мною?..

— Ха-ха!

— Ага… бессаромнік такі…

Міла надзьмула губы і хітравата паглядзела на яго.

— Ха-ха! — смяяўся Іван.