Выбрать главу

Закаціліся авечкі ў далінку, і тут зацішней.

На шэрым небе выглянула блакітнае азерца. Вострая паланінская трава мацней запахла. Азерца ў небе выходзіць з берагоў і ўжо шырока разліло воды. Заблакітнелі зноў вяршыні, а ўсе даліны наліліся золатам сонца.

Іван углядаецца ўніз. Там недзе, сярод гор, дзе людзі, па зялёнай траўцы паходжваюць Марыччыны белыя ногі. Яе вочы скіраваны на паланіну. Ці спявае свае песенькі? А можа, сапраўды, парассявала па гарах, па долах, яны ўзышлі кветкамі, а Марычка замоўкла?

Ой, як будуць аўчарыкі Авечачак пасці, Будуць мае каламыйкі За капялюш класці… —

згадваецца яму мілы дзявочы голас, і ён зрывае кветку і ўтыркае ў капялюш.

Да гурту… Да гурту… Сонца пячэ. Робіцца душна. Коцяцца авечкі, фыркаюць на бягу, крывяць старэчыя губы, каб лацвей сцяць зубамі салодкі дзядоўнік, ды пакідаюць пасля сябе свежыя шарыкі. Хрусь-хрусь… Хрум-хрум… Трэцца воўна аб воўну, белая аб чорную, падымаюцца хрыбты, як у возеры хвалі… Бэ-э… мэ-э… а сабакі ўжо трымаюць атару ў берагах.

Стаміліся аўчаркі. Кладуцца і задыхана сапуць у траве. На доўгі чырвоны язык, што звісае між ікламі, садзяцца мухі.

— Да гурту! Да гурту! — злосна галёкае Іван, і ўжо сабакі пры авечках.

Далёка, на паланіне, пад густым лесам, пасуцца каровы. Пастух абапёрся ў задуме на доўгую трамбіту.

Так паволі цягнецца час! Горнае паветра прапаласкала грудзі, хочацца есці. І як самотна! Стаіш тут маленькі, як быліна ў полі. Пад нагамі — зялёны востраў, які абліваюць блакітныя воды далёкіх гор. А там, на суровых дзікіх вяршынях, на бязводдзі і бязлюддзі, гнездзяцца ўсялякія здані, нячыстая сіла, з якой цяжка змагацца… Толькі адно — берагчыся…

Ашкір-ашкіра! Пхнуцца авечкі зялёным полем, мякка ступаюць па траве пасталы… Цішыня такая, што чутно, як кроў цячэ ў жылах… Сон адольвае. Кладзе мякенькую лапу на вочы і на твар і нашэптвае на вуха: спі… Авечкі меншаюць перад вачыма… Вось ужо з авечак сталі ягняты, а вось нічога няма. Паплылі травы, як зялёная вада. Прыходзіць Марычка. Ой не абдурыш, нябожа, ой не… Іван ведае, што гэта маўка, лясная русалка, а не Марычка, што гэта яна зводзіць яго. Штосьці цягне яго за ёй! Не хоча, а ўжо плыве, як плывуць травы зялёным патокам…

І раптам дзікі перадсмяротны роў каровы выкідвае яго са сну. Што? Дзе? Пастух як стаяў, абапёршыся трамбітай на зямлю, так і застыў. Рыжы бугай стукнуў нагамі аб зямлю, выгнуў валасатую шыю і падняў хвост. Ён ужо імчыць на той роў, высока скача і рве нагамі траву. Рэжа нагамі паветра. Пастух схамянуўся і гоніцца за ім да лесу. Бахнуў у лесе стрэл. Бах-бах-бах… — загрымелі са стрэльбаў вяршыні. Бах-бах-бах… — адазваліся далейшыя, і ўсё нямее. Цішыня.

«Пэўна, «вуйка» задраў карову», — думае Іван і пільней прыглядаецца да сваёй атары.

— Да гурту! Да гурту!.. — Сонца нібы заснула, вецер заціх і перанёсся з зямлі на неба. Ён ужо грувасціць там хмары, такое ж мора хрыбтоў, якое бачыў вакол паланіны. У бясконцых прасторах загінуў час, і невядома, ці дзень стаіць ці мінае…

Раптам да вуха далятае даўно чаканы покліч трамбіты. Ён прыносіць ад стаі пах кулешы і дыму ды доўгім меладычным трымценнем апавядае, што кашары чакаюць авечак…

— Ашкір-ашкір!.. — Гойсаюць сабакі, бляюць авечкі і льюцца стракатым патокам у даліну, трасучы вымем, ацяжэлым ад малака…

* * *

Ужо трэці дзень сыпле на паланіну дожджык-макасей. Закурыліся вяршыні, ухуталася неба, і ў шэрым змроку зніклі горы. Авечкі ледзьве валакліся, цяжкія, набрынялыя вадою, як губка; апратка на аўчарах стала халодная і цупкая. Толькі і спачынку было, што пад стрэшкай у струнцы[14] ў часе даення.

Іван сядзіць, упёршыся плячыма ў дошку, а нагамі сціскае даёнку. Каля яго — чорны калматы козар[15] што за кожным словам кляне, а там яшчэ аўчары. Нецярплівыя авечкі, у якіх прыбывае малако, пруцца з загарадкі ў струнку, каб іх скарэй падаілі. Аднак жа пачакайце, няўструі, бо так не пойдзе!.. Толькі па адной…

— Шкір! — злосна кідае ззаду паганяч у авечы натоўп ды пляскае мокрай пугай. — Шкір! Шкір!.. — падбадзёрваюць аўчары і адхіляюць калені ад дзіркі, кудою скача ў струнку авечка. — А! Каб цябе чорт… — кляне козар і не канчае: скажы толькі ў такую часіну!

Звыклым рухам Іван хапае авечку за хрыбціну і цягне да сябе задам на шырокую даёнку. Пакорна стаіць авечка, нязручна растапырыўшы ногі, такая дурная, і слухае, як цурчыць з яе малако ў даёнку. — Шкір! — пляскае ззаду паганяч. — Шкір! Шкір!.. — пакрыкваюць і другія аўчары. Падоеныя авечкі, як ачмурэлыя, падаюць у загарадцы на камень, кладуць галаву на лапкі і крывяць голыя старэчыя губы. — Шкір! Шкір!.. — Іванавы рукі бесперастанку ціскаюць цёплае авечае вымя, адцягваюць даёнку, а па руках цячэ малако, што пахне лоем і патыхае з даёнкі тлустай салодкай парай. — Шкір! Шкір! — Ускокваюць авечкі, як ачмурэлыя, раскірэчваюць над даёнкамі ногі, і дзесяць аўчаровых пальцаў ціскаюць цёплае вымя. Жаласна плача мокрая атара па гэты і па той бок стрункі, падаюць у загарадку знясіленыя авечкі, а густое малако звонка цурчыць у даёнку ды зацякае цёплым ручайком аж за рукаў. — Шкір! Шкір!

вернуться

14

Струнка — паветка, дзе дояць авечак (аўт.).

вернуться

15

Козар — казіны пастух (аўт.).