Выбрать главу

Пасля забойства мiстэра Ўiксцiда Невiдзiмка, вiдаць, пабег у бок узгоркаў. Расказваюць, што два работнiкi на полi ў Ферн Боттам чулi вечарам нейкi таямнiчы голас. Хтосьцi плакаў i смяяўся, ахаў i стагнаў, а часам гучна ўскрыкваў. Напэўна, дзiўна было слухаць яго. Голас пранёсся над полем канюшыны i зацiх удалечынi, каля ўзгоркаў.

У гэты вечар Невiдзiмку, напэўна, давялося даведацца, як хутка выкарыстаў Кемп яго шчырасць. Напэўна, ён знайшоў усе дзверы на замку; i блукаў па чыгуначных станцыях, падкрадваўся да гасцiнiц i, без сумнення, прачытаў расклееныя ўсюды заклiкi i зразумеў, якi задуманы супраць яго паход. З наступленнем вечара па палях разышлiся групы ўзброеных людзей i чуўся сабачы брэх. Гэтыя паляўнiчыя на чалавека атрымалi спецыяльныя ўказаннi, як памагаць адзiн аднаму ў выпадку сустрэчы з ворагам. Але Невiдзiмку давялося пазбегнуць сустрэчы з iмi. Мы можам часткова зразумець яго шаленства, калi ўспомнiць, што ён сам паведамiў усе звесткi, якiя так бязлiтасна павярнулiся цяпер супраць яго. У гэты дзень ён заняпаў духам; амаль цэлыя суткi, калi не лiчыць сутычкi з Уiксцiдам, ён адчуваў сябе як упаляваны звер. Ноччу яму ўдалося, напэўна, i паесцi i паспаць, бо ранiцай да яго зноў вярнулася прысутнасць духу: ён зноў стаў моцным, актыўным, хiтрым i злосным, гатовым да сваёй апошняй вялiкай схваткi з усiм светам.

Раздзел XXVII

У АСАДЖАНЫМ ДОМЕ

Кемп атрымаў дзiўнае пасланне, напiсанае алоўкам на зашмальцаваным кавалачку паперы.

"Вы праявiлi дзiвосную энергiю i кемлiвасць, - сказана было ў пiсьме, хаця я не ўяўляю сабе, што вы спадзеяцеся гэтым дасягнуць. Вы супраць мяне. Увесь дзень вы палявалi на мяне, вы хацелi пазбавiць мяне адпачынку i ноччу. Але я пад'еў, насуперак вам, выспаўся, насуперак вам, i гульня яшчэ толькi пачынаецца. Гульня яшчэ толькi пачынаецца! Мне нiчога не застаецца, як звярнуцца да тэрору. Гэтым пiсьмом я аб'яўляю першы дзень Тэрору. З гэтага часу Порт-Бэрдак ужо не пад уладай каралевы, перадайце гэта вашаму начальнiку палiцыi i яго шайцы, - ён пад маёй уладай, пад уладай Тэрору. Цяперашнi дзень - першы дзень першага года новай эры - Эры Невiдзiмкi. Я Невiдзiмка Першы. Спачатку маё праўленне будзе мiласэрным. У першы дзень будзе здзейснена адна смяротная кара дзеля прыкладу, пакаранне смерцю чалавека па iменi Кемп. Сёння смерць спасцiгне гэтага чалавека. Няхай замыкаецца, няхай хаваецца, няхай акружае сябе аховай, няхай апранецца ў браню, калi захоча, - смерць, нябачная смерць наблiжаецца да яго. Няхай прымае меры засцярогi - тым большае ўражанне яго смерць выклiча ў майго народа. Смерць рушыць з паштовай скрынкi сёння ў поўдзень. Пiсьмо будзе апушчана ў скрынку перад самым прыходам паштальёна - i - у дарогу! Гульня пачалася. Смерць наблiжаецца на яго. Не дапамагай яму, народ мой, каб не спасцiгла смерць i цябе. Сёння Кемп павiнен памерцi".

Кемп двойчы прачытаў пiсьмо.

- Гэта не жарты, - сказаў ён. - Гэта ён! I ён будзе дзейнiчаць.

Ён перавярнуў лiсток i ўбачыў на адрасе штэмпель "Хiнтандзiн" i празаiчную прыпiску: "даплацiць 2 пенсы".

Кемп павольна ўстаў з-за стала, не закончыўшы снеданне, - пiсьмо прыйшло ў гадзiну дня, - i падняўся ў свой кабiнет. Ён пазванiў эканомцы, загадаў ёй неадкладна абысцi ўвесь дом, агледзець усе засаўкi i зачынiць усе аканiцы.

У кабiнеце ён зачынiў аканiцы сам. З замкнутай скрынкi стала ў спальнi ён выняў невялiкi рэвальвер, пiльна агледзеў яго i паклаў у кiшэню хатняй курткi. Затым ён напiсаў некалькi запiсак, у тым лiку i палкоўнiку Эдаю, i даручыў служанцы аднесцi iх. Кемп параiў ёй пры гэтым, як выйсцi з дому.

- Небяспекi няма нiякай, - сказаў ён i дадаў сам сабе: "Для вас". Пасля гэтага ён нейкi час сядзеў, задумаўшыся, а потым вярнуўся да астылага снедання.

Ён еў рассеянна, паглыблены ў свае думкi. Потым моцна стукнуў кулаком па стале.

- Мы яго зловiм! - усклiкнуў ён. - I прынадай буду я. Ён зарвецца.

Кемп падняўся наверх, старанна зачыняючы за сабой усе дзверы.

- Гэта гульня, - сказаў ён. - Гульня незвычайная. Але ўсе шанцы на маiм баку, мiстэр Грыфiн, хаця вы i нябачныя i смелыя таксама. Грыфiн contra mundum...* Скажыце калi ласка!

* Супраць усяго свету (лат.).

Ён стаяў каля акна, гледзячы на залiты сонцам схiл гары.

- Яму ж трэба даставаць сабе ежу кожны дзень. Не зайздрошчу я яму. А цi праўда, што мiнулай ноччу яму ўдалося паспаць? Дзе-небудзь пад адкрытым небам i ў такiм месцы, дзе нiхто не мог на яго натрапiць... Вось калi б замест гэтай гарачынi наступiлi халады i халепа... А ён жа, можа, у гэтую самую хвiлiну назiрае за мной.

Кемп ушчыльную падышоў да акна i раптам спалохана адскочыў: штосьцi моцна стукнула ў сцяну над рамай.

- Аднак нервы ў мяне расхадзiлiся, - прамовiў ён сам сабе. Але добрых пяць хвiлiн ён не адважваўся зноў падысцi да акна. - Верабей, можа, - сказаў ён.

Тут ён пачуў званок ад уваходных дзвярэй i паспяшаўся ўнiз. Ён адсунуў засаўку, павярнуў ключ, агледзеў ланцуг, умацаваў яго i асцярожна прачынiў дзверы, не паказваючыся. Знаёмы голас аклiкнуў яго. Гэта быў палкоўнiк Эдай.

- На вашу пакаёўку напалi, - сказаў Эдай з-за дзвярэй.

- Што?! - усклiкнуў Кемп.

- Вашу запiску ў яе адабралi. Ён недзе паблiзу. Упусцiце мяне.

Кемп зняў ланцуг, i Эдай сяк-так працiснуўся ў вузкую шчылiну ледзь прачыненых дзвярэй. Ён з палёгкай уздыхнуў, калi Кемп зноў налажыў засаўку.

- Запiску вырвалi ў яе з рук. Яна страшна напалохалася. Цяпер яна ў маiм участку. З ёй iстэрыка. Ён дзесьцi паблiзу. Што было ў запiсцы?

Кемп вылаяўся.

- Дурань жа я! - сказаў ён. - Мог бы здагадацца: адсюль жа да Хiнтандзiна менш гадзiны хады. Ужо!

- У чым справа? - спытаўся Эдай.

- Вось паглядзiце! - сказаў Кемп i павёў Эдая ў кабiнет. Ён падаў яму пiсьмо Невiдзiмкi. Эдай прачытаў i цiхенька свiснуў.

- А вы?.. - спытаўся ён.

- Падстроiў пастку, - сказаў Кемп, - i як дурань паслаў план з пакаёўкай. Проста яму ў рукi.

Эдай цярплiва выслухаў блюзнерства Кемпа. Потым сказаў:

- Ён уцячэ.

- Не, не, - адказаў Кемп.

Зверху пачуўся звон i трэск разбiтага шкла. Эдай заўважыў маленькi рэвальвер, якi тырчаў з кiшэнi Кемпа.

- Гэта ў кабiнеце! - сказаў Кемп i першы стаў падымацца па лесвiцы. Яшчэ не дайшоўшы да сярэдзiны яе, яны зноў пачулi трэск.

У кабiнеце яны ўбачылi, што два вакны з трох разбiты, падлога засыпана асколкамi, а на пiсьмовым стале ляжыць вялiкi камень. Абодва спынiлiся на парозе, гледзячы на разбурэнне. Кемп зноў вылаяўся, i ў тую ж хвiлiну трэцяе акно трэснула, быццам стрэлiлi з пiсталета, i на падлогу са звонам пасыпалiся асколкi.

- Навошта гэта? - сказаў Эдай.

- Гэта пачатак, - адказаў Кемп.

- А залезцi сюды няма нiякай магчымасцi?

- Нават кошка не залезе, - адказаў Кемп.

- Аканiц няма?

- Тут няма. Ва ўсiх нiжнiх пакоях... Ого!

Знiзу данёсся звон разбiтага шкла i трэск дошак пад цяжкiм ударам.

- Каб яго чорт узяў, - сказаў Кемп. - Гэта, напэўна... так, гэта ў спальнi. Ён збiраецца апрацаваць увесь дом. Дурань ён. Аканiцы зачынены, i шкло будзе падаць знадворку. Ён парэжа сабе ногi.

Яшчэ адно акно абвясцiла аб сваiм разбурэннi. Кемп i Эдай стаялi на пляцоўцы, не ведаючы, што рабiць.

- Вось што, - сказаў Эдай, - дайце мне палку цi што-небудзь падобнае: я схаджу ва ўпраўленне i загадаю прыслаць сабак. Тады мы яго зловiм.

Яшчэ адно акно разбiлася на друзачкi.

- Цi няма ў вас рэвальвера? - спытаўся Эдай.

Кемп сунуў руку ў кiшэнь i сумеўся.

- Не, - адказаў ён, - ва ўсялякiм выпадку няма лiшняга.

- Я прынясу яго назад, - сказаў Эдай. - Вы ж тут у бяспецы.

Кемп, прысаромлены, аддаў рэвальвер.

- Цяпер пойдзем адчыняць дзверы, - сказаў Эдай.

Пакуль яны стаялi ў прыхожай, не адважваючыся падысцi да дзвярэй, адно з вакон у спальнi першага паверха затрашчала i загрымела. Кемп падышоў да дзвярэй i пачаў як мага асцярожней адсоўваць завалу, твар яго быў некалькi бляднейшы, чым звычайна.

- Выходзьце хутка, - сказаў Кемп.

Яшчэ секунда, i Эдай быў ужо на ганку, а Кемп зноў засунуў завалу. Эдай памарудзiў крыху: стаяць, прысланiўшыся спiной да дзвярэй, было ўсё-такi спакайней, потым выпрастаўся i цвёрда закрочыў унiз па прыступках. Ён перасек поплаў i прыблiзiўся да веснiчак. Здавалася, па траве пранёсся ветрык. Штосьцi зашавялiлася побач з iм.