Выбрать главу

— Ну?

— Штосьці — мне падалося, вялікі і ўказальны палец — пацягнула мяне за нос.

Банцінг засмяяўся.

— Але там не было нічога! — сказаў Кас, ледзьве не ўскрыкнуўшы на слове «нічога». — Добра вам смяяцца, а я быў так ашаломлены, што стукнуў па абшлагу рукава, павярнуўся і выбег з пакоя…

Кас замоўк. У непрытворнасці яго спалоху нельга было сумнявацца. Ён бездапаможна павярнуўся і выпіў яшчэ шклянку кепскага херэса, якім частаваў яго дастойнейшы вікарый.

— Калі я стукнуў яго па рукаве, — сказаў ён, — то, запэўніваю вас, я адчуў, што б'ю па руцэ. А рукі там не было. І намёку на руку не было!

Містэр Банцінг задумаўся. Потым падазрона паглядзеў на Каса.

— Гэта ў вышэйшай ступені цікавая гісторыя, — сказаў ён з вельмі глыбакадумным і сур'ёзным выглядам. — Безумоўна, гісторыя ў вышэйшай ступені цікавая, — паўтарыў ён яшчэ больш важна.

Раздзел V. Крадзеж з узломам у доме вікарыя

Аб крадзяжы з узломам у доме вікарыя мы даведаліся галоўным чынам з расказаў самога вікарыя і яго жонкі. Айпінгскі клуб праводзіць штогадовыя святкаванні. Місіс Банцінг раптам прачнулася ў перадсвітальнай цішыні з выразным адчуваннем, што дзверы спальні бразнулі. Спачатку яна вырашыла не будзіць мужа, а села на ложак і прыслухалася. Яна выразна распазнала шлёпанне босых ног, быццам хтосьці выйшаў з суседняга пакоя і накіраваўся па калідоры да лесвіцы. Тады яна з вялікай асцярожнасцю разбудзіла містэра Банцінга. Містэр Банцінг, прачнуўшыся і даведаўшыся ў чым справа, вырашыў не запальваць агню, але, адзеўшы акуляры, капот жонкі і свае купальныя туфлі, выйшаў на пляцоўку. Ён зусім ясна пачуў валтузню ў сваім кабінеце ўнізе, потым там хтосьці гучна чхнуў.

Тады ён вярнуўся ў спальню, запасся самай надзейнай зброяй, якая знайшлася, — качаргой і сышоў з лесвіцы, стараючыся рухацца як можна цішэй. Місіс Банцінг выйшла на пляцоўку.

Было каля чатырох гадзін. Начны змрок радзеў. У холе ўжо развіднівалася, але дзверы кабінета зеўрылі чорнай прорвай. У поўнай цішыні чутна было толькі слабае рыпенне прыступак пад нагамі містэра Банцінга і лёгкі рух у кабінеце. Потым штосьці шчоўкнула, пачулася, як адчынілася скрынка і зашамацелі паперы. Потым пачулася лаянка, чыркнула запалка, і кабінет асвяціўся жоўтым святлом. У гэты час містэр Банцінг быў ужо ў холе і ў прачыненыя дзверы разгледзеў пісьмовы стол, высунутую скрынку і свечку, што гарэла на стале. Але злодзея ён не ўбачыў. Ён стаяў у холе, не ведаючы, што рабіць, а ззаду яго павольна спускалася з лесвіцы бледная напалоханая місіс Банцінг. Адна акалічнасць падтрымлівала мужнасць містэра Банцінга: упэўненасць, што злодзей належыць да ліку мясцовых жыхароў.

Затым яны пачулі звон манет і зразумелі, што злодзей знайшоў грошы, адкладзеныя на гаспадарку, — два фунты дзесяць шылінгаў паўсавярэнамі. Звон манет імгненна вывеў містэра Банцінга са стану нерашучасці. Моцна сціснуўшы ў руцэ качаргу, ён уварваўся ў кабінет; місіс Банцінг ішла за ім па пятах.

— Здавайся! — раз'юшана крыкнуў містэр Банцінг і спыніўся ўражаны: у пакоі нікога не было.

І аднак, без усякага сумнення, хвіліну назад тут хтосьці рухаўся. З паўхвіліны супругі стаялі, разявіўшы раты, потым місіс Банцінг зазірнула за шырмы, а містэр Банцінг, з тымі ж намерамі, паглядзеў пад стол. Затым місіс Банцінг адгарнула ваконныя фіранкі, а містэр Банцінг агледзеў камін і пашнарыў у трубе качаргой. Затым місіс Банцінг перарыла карзіну для смецця, а містэр Банцінг адчыніў скрынку з вугалем. Прарабіўшы ўсё гэта, яны спыніліся і з неўразуменнем утаропіліся адно на аднаго.

— Я гатовы паклясціся… — сказаў містэр Банцінг. — А свечка! — усклікнуў ён. — Хто запаліў свечку?

— А скрынка! — сказала місіс Банцінг. — Куды падзеліся грошы?

Яна паспешна пайшла да дзвярэй.

— У жыцці сваім нічога падобнага…

У калідоры хтосьці гучна чхнуў. Яны выбеглі з пакоя і тут жа пачулі, як стукнулі дзверы, што вялі на кухню.

— Прынясі свечку, — сказаў містэр Банцінг і пайшоў наперад. Абое ясна чулі стук, з якім паспешліва адсоўваліся засовы.

Адкрываючы дзверы на кухню, містэр Банцінг убачыў, што дзверы на вуліцу адчыняюцца, і ў слабым ранішнім святле мільганула цёмная зеляніна сада. Але ён запэўнівае, што ў дзверы ніхто не выйшаў. Яны адчыніліся, пабылі адчыненымі, потым са стукам зачыніліся. Полымя свечкі, якую несла місіс Банцінг, замігала і ўспыхнула ярчэй. Прайшла хвіліна ці некалькі больш, перш, чым яны ўвайшлі на кухню.

Там нікога не было. Яны зноў зачынілі на засоў уваходныя дзверы, старанна абшукалі кухню, чулан, кладовую і, нарэшце, спусціліся ў склеп. Але, нягледзячы на самыя пільныя пошукі, яны нічога не выявілі.