Выбрать главу

9 кастрычніка 1937 года тройкай УНКУС па Ленінградскай вобласці наш зямляк быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Яго расстралялі 3 лістапада 1937 года. І толькі ў 1956 годзе ён быў пасмяротна рэабілітаваны па абодвух прысудах.

Максім Бурсевіч — не менш значная постаць ў гісторыі Беларусі, як Браніслаў Тарашкевіч і Сымон Рак-Міхайлоўскі. І калі пра іх напісаны кнігі, выдадзены іх творы і выступленні, адкрыты мемарыяльныя шыльды, дык Максім Бурсевіч зусім забыты. Няма ні помніка, ні шыльды, не напісана пра яго манаграфія, ні выдадзены яго выступленні і літаратурныя творы (пісаў гумарэскі, фельетоны, байкі, інфармацыі, друкаваўся ў «Беларускай долі», «Змаганьні», «Сялянскай праўдзе», «Беларускай ніве», «Беларускай справе», «Загоне», «Савецкай Беларусі») і, наогул, пра яго мала хто ведае. Хіба толькі гісторыкі...

АНДРЭЙ І ІЛЛЯ ПРАКАПЧУКІ

Да славутых чамяроўцаў належыць і доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі нашай рэспублікі Андрэй Якаўлевіч Пракапчук.

Нарадзіўся Андрэй Пракапчук у 1896 годзе ў вёсцы Чамяры. Тут прайшло яго дзяцінства, тут скончыў Слонімскае гарадское вучылішча, пасля настаўніцкія курсы, якія знаходзіліся ў мястэчку Свянцяны Віленскай губерні.

Час на курсах прайшоў хутка і неўзабаве Андрэй Пракапчук апынуўся ў Жыкморах Трокскага павета, дзе ўладкаваўся працаваць настаўнікам. У Жыкморскай школе было пяцігадовае навучанне, таму дасталіся яму пачатковыя класы. Школа была нішто сабе, і настаўнікі — людзі неблагія, акрамя загадчыка школы Лабанава. Гэта быў чарнасоценец, член "Саюза рускага народу", выпісваў чарнасоценную газету "Земшчына". Аднак працаваць Андрэю Пракапчуку ён не вельмі перашкаджаў, і клас яго быў не з горшых: калі школу правяраў інспектар народных вучылішчаў, ён звярнуў на яго ўвагу і нават запрасіў да сябе ў Трокі. У Троках, калі яны пазнаёміліся бліжэй, інспектар сказаў, што будзе рэкамендаваць Андрэя ў Пецярбург на Фрэбелеўскія курсы. Ён, вядома, узрадаваўся, але на курсы не паехаў, бо пачалася першая сусветная вайна.

У жніўні 1914 года Андрэя Пракапчука прызвалі ў войска. Служыў салдатам у першай роце лейб-гвардыі Пецярбургскага палка, дакладней — яго запаснога батальёна. Неяк выпадкова вывіхнуў нагу і трапіў у шпіталь. А ў шпіталі сустрэў свайго земляка з Жыровіч Аляксандра Станкевіча, які быў тут фельчарам. Менавіта Станкевіч і павярнуў лёс Пракапчука да яго будучай прафесіі. Ён уладкаваў Андрэя ў шпіталь, а пасля параіў паступаць на курсы ротных фельчараў. Што было і зроблена.

Пасля курсаў Андрэй Якаўлевіч Пракапчук вяртаецца ў Беларусь. Пэўны час працуе настаўнікам на Нясвіжчыне. Разам з сябрамі Андрэй арганізоўвае гурткі па леквідацыі непісьменнасці, хаты-чытальні, рыхтуе спісы па падзелу памешчыцкіх зямель...

Аднак не доўга існавала савецкая ўлада на Нясвіжчыне. У лютым 1918 года сюды ўступаюць войскі кайзераўскай Германіі. Пачынаюцца здзекі, грабяжы, арышты. Быў схоплены і Андрэй Пракапчук. Яго адвезлі ў Нясвіж і кінулі ў камеру.

Праз некаторы час пасля неаднаразовых просьбаў і пісьмовых прашэнняў сялян розных вёсак, Андрэя Пракапчука адпускаюць пад каменданцкі нагляд.

Апынуўшыся на волі, Андрэй Якаўлевіч адразу заняўся падпольнай работай, пачаў збіраць надзейных людзей. Праз некаторы час ён арганізаваў партызанскі атрад, які ў маі 1918 года наладзіў сувязь з іншымі атрадамі.

У канцы лістапада 1918-га немцы пакінулі горад Нясвіж. Атрад Пракапчука заняў асноўныя гарадскія ўстановы. Зноў быў створаны рэвалюцыйны камітэт. Андрэя Пракапчука прызначаюць камісарам Нясвіжа.

У 1920 годзе наш зямляк паступае на медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта. Яго адразу залічваюць на чацвёрты курс. У час вучобы нашага земляка выбіраюць старастай групы. І быў ён не проста стараста, а стараста-выручалачка: пісаў за ўсю групу гісторыі хвароб. У больш вольны час хадзіў на дзяжурствы ў другую гарадскую клініку Масквы, дзе вядучым хірургам быў урач Вейсброд.

Неяк прывезлі парадзіху, якая ніяк не магла нарадзіць, чатыры дні праляжала на стале ў непрытомнасці. Вейсброд вырашыў рабіць кесарава сячэнне. Здавалася, усё будзе добра. Аднак дзіця праз дзве гадзіны памерла, а яшчэ праз некалькі гадзін памерла і маці...