Пра доктара гістарычных навук з Чамяроў Міхаіла Міско звестак захавалася вельмі мала. Сціпла і рэдка пра яго згадвалі рэспубліканскія выданні. А апошнім часам і зусім забыліся пра чамяроўскага гісторыка. Нідзе не магчыма было знайсці і фотаздымкаў нашага земляка.
Спачатку давайце прыгадаем яго кароткія біяграфічныя звесткі, тым больш што ў 2004 годзе Міхаілу Васільевічу Міско споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння.
Нарадзіўся ён у Чамярах у 1904 годзе у сялянскай сям’і. Першая сусветная вайна выгнала сям’ю Міско ў бежанства, ажно ў горад Сярдобск Пензенскай губерні. Там хлопчык пачаў вучыцца ў школе, а пасля вяртання ў Чамяры, працягваў вучобу ў роднай вёсцы. У 1920 годзе, калі Слонімшчына адышла пад Польшчу, Міхаіл Міско нелегальна перайшоў мяжу і праз пэўны час апынуўся ў Маскве. Там ён здаў экзамены і паступіў на гістарычны факультэт Маскоўскага універсітэта. Паспяхова скончыўшы універсітэт — працягваў вучобу ў аспірантуры Інстытута чырвонай прафесуры.
У гады Вялікай Айчыннай вайны наш зямляк быў ваенным карэспандэнтам. А пасля зноў вярнуўся ў Маскву, дзе да 1964 года працаваў у Інстытуце славяназнаўства Акадэміі навук СССР. Памёр Міхаіл Міско ў 1972 годзе.
У вёсцы Чамяры на Слонімшчыне сёння жыве Тамара Якаўлеўна Лаўрашчук. Яна — родная пляменніца Міхаіла Васільевіча Міско. Са слоў Тамары Якаўлеўны стала вядома, што яе тата і Міхаіл Міско былі роднымі братамі. Шмат гадоў яны не ведалі, дзе знаходзіцца Міхаіл, таму што ў свой час Слонімшчына была была пад Польшчай, а брат жыў дзесьці ў Савецкім Саюзе. І толькі пасля 1939 года яны атрымалі вестачку з Масквы.
“Дзядзька Міхась да нас прыехаў за дзень да пачатку вайны, — пачала ўспамінаць Тамара Якаўлеўна. — Мы вельмі яго чакалі і былі шчаслівымі ад сустрэчы. Але на другі дзень гітлераўская Германія напала на Савецкі Саюз. І мой тата з дзядзькам пайшлі ў Слонімскі ваенкамат, каб спытацца, што ім рабіць. Бацьку адпусцілі дамоў, а дзядзьку сказалі тэрмінова вяртацца назад у Маскву. Так мы з ім зноў развіталіся на цэлыя чатыры гады”.
Пасля вайны Міхаіл Міско часта наведваў родныя Чамяры. У хаце Тамары Якаўлеўны Лаўрашчук да сённяшняга часу захоўваюцца кнігі яе дзядзькі з аўтографамі. Дзве кнігі ён падпісаў роднаму брату, а адну — пляменніцы: “Маёй пляменніцы Тамары ад аўтара. Кастрычнік, 1962 г. М.Міско”.
Тамара Якаўлеўна таксама расказала, што яе дзядзька вельмі позна ажаніўся. Жонка яго была бібліятэкарам. У іх нарадзілася дачка Ганначка (Аня — так яе ўсе называлі). Аня цяпер жыве ў ЗША. Пляменніца Міхаіла Міско паказала і рэдкія фотаздымкі доктара гістарычных навук, якія раней нідзе не друкаваліся.
Пры жыцці Міхаіл Міско выдаў дзве кнігі і быў сааўтарам некалькіх выданняў. Найперш наш зямляк даследаваў гісторыю Польшчы, асабліва эканамічнае і палітычнае становішча Польшчы ў пачатку ХХ стагоддзя.
У 1958 годзе ў Маскве выйшла вялікае трохтомнае даследаванне “Гісторыя Польшчы”, дзе асобныя раздзелы па гісторыі нашай суседняй дзяржавы былі напісаныя Міхаілам Міско.
А першая ўласная гістарычная манаграфія нашага земляка пабачыла свет у Маскве ў 1957 годзе. Яна называлася “Октябрьская революция и восстановление независимости Польши”, дзе аўтар разглядае польскае пытанне і становішча польскіх зямель напярэдадні першай сусветнай вайны і падчас акупацыі Польшчы германскімі і аўстрыйскімі войскамі, а таксама становішча Польшчы падчас рэвалюцыі ў Расіі 1917 года.
Другая кніга “Польское восстание 1863 года” прысвечана паўстанню пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Вядома, цяпер аўтар па-іншаму назваў бы сваё выданне, а тады, у пачатку 60-х гадоў, ён гэтага зрабіць не мог. Яму проста не дазволілі б. Ды і якое можа быць паўстанне ў 1863 годзе на Беларусі, ды яшчэ супраць расійскага царызму? А вось у Польшчы — гэта іншая справа. Хаця сам гісторык усё разумеў, што паўстанне такое ўзнікла на Беларусі і беларускі народ змагаўся за сваю незалежнасць.
У Слоніме на вуліцы Дабрыяна, 8 цяпер жывуць іншыя людзі. Я стараюся ў тым раёне бываць рэдка. Бо калі праходжу каля хаты, дзе жыў паэт Анатоль Іверс (Іван Дарафеевіч Міско) са сваёй жонкаю Нінай Паўлаўнай, сэрца пачынае шчымець ад таго, што ўжо няма гэтага сціплага чалавека і цікавага паэта. Яго не стала ў кастрычніку 1999 года, а крыху раней — памерла і Ніна Паўлаўна.
Калі бываў вольны час, я спяшаўся ў гэтую хату. Адчыняў знаёмыя веснічкі, праходзіў па невялікім дагледжаным надворку, заходзіў у сенцы, дзе пахла бульбаю і сушонымі яблыкамі ці грушамі. З парогу мяне вітала шчырая Ніна Паўлаўна — сяброўка па жыцці і жонка паэта. А Іван Дарафеевіч, як звычайна, сядзеў за сталом у сваім чысценькім пакойчыку і нешта пісаў.