Выбрать главу

— Можа ты і маеш рацыю! — супакоіўся Іван Гаўрылавіч і паклаў трубку…

Гэты тэлефонны званок так узрушыў Івана Чыгрына, што ён нават напісаў верш “Растлумачце слова мне месія”, але апублікаваў яго ажно ў 1998 годзе ў часопісе “Крыніца” (№ 9):

Выбіваюць прозвішчы з-пад ног. Ёсць у нас такі Іван Чыгрынаў. Прозу ў воз, нібы вала, запрог — Едзе, свішча, салавей з былінаў. Твой герой прайшоўся па зямлі І маіх над Шчараю ваколіц. Чорныя гады ва ўсіх былі — Не забыцца нам пра іх ніколі. Ёсць яшчэ адзін. Сяргей Чыгрын. Што ён дасць, пакуль сказаць не проста. А — паэт! Да трох не гавары. І студэнт зайздроснейшага ўзросту. Я і сам не вылупак які. І маё пяро гамоніць з словам. То чаго мне коса, з-пад рукі, Паглядаць на родныя галовы? Выбіваюць прозвішча з-пад ног? Ах, лухта якая. Нават смешна. Калі ў слове б’ецца ціха Бог, То прамовіць здолеецца нешта. Таленты патрэбны не абы… Ганарыцца на ўвесь свет Расія, Што было ў яе аж тры Талстыя… Хто каму з іх перашкодай быў? Касцюковічы. І Мінск. І Слонім. Лета. Восень. Смага… Жнем і косім. Як паглянеш вокам не староннім, Уздыхнеш аб беларускай восі. Касцюковічы. І Мінск. І Слонім. На заходніх межах і на ўсходніх Чыгрыны, як тыя тры Талстыя… Растлумачце слова мне месія.

Месіяй для мяне і Івана Пятровіча на гэтым свеце, відаць, з’яўляюцца наша прозвішча, мова і літаратура. Нас лічылі і лічаць сваякамі, бо часам і цяпер сябры пытаюцца ў мяне: як мы адзін аднаму прыходзімся? А мы — проста землякі. Ды і мая вёска Хадзявічы знаходзіцца недалёка ад Чамяроў. Заградзінавае поле, урочышчы Гаркі, Падоськавічы, Пацяроб, Палонаўскія, Падліпа, Кажухава, Лаза, тая ж рэчка Валобрынка знаёмыя нам з дзяцінства. Праўда, Іван Пятровіч старэйшы за мяне амаль на трыццаць гадоў. Але гэта не перашкаджае нам сябраваць, любіць сваю Айчыну, думаць і пісаць па-беларуску.

Іван Чыгрын нарадзіўся 10 красавіка 1931 года ў Чамярах у сялянскай сям’і. Пасля Чамяроўскай сямігодкі вучыўся ў беларускай сярэдняй школе № 1 г.Слоніма, якую скончыў у 1950 годзе. У гэтым годзе паступіў на філфак Белдзяржуніверсітэта. Калі атрымаў дыплом настаўніка, прыехаў на радзіму вучыць дзяцей роднай мове ў Яварскай школе Дзятлаўскага раёна і ў Кракоцкай сярэдняй школе на Слонімшчыне.

У 1958 годзе Іван Чыгрын стаў аспірантам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі і з 1961 года да пенсіі працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі (цяпер Нацыянальная Акадэмія Навук РБ).

У 1968 годзе наш зямляк абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Станаўленне беларускай прозы і фальклор. Дакастрычніцкі перыяд.” Асобнаю кнігаю гэтая праца пабачыла свет у 1971 годзе. У ёй Іван Чыгрын упершыню ў беларускім літаратуразнаўстве прасачыў працэс станаўлення беларускай прозы ў яе ўзаемаадносінах з мастацкім вопытам фальклору.У цэнтры ўвагі даследчыка былі праблемы ўзаемадзеяння творчых метадаў прафесійнай прозы і прозы народнай, а таксама пытанні кампазіцыі, сюжэта, мовы, стылю.

Наогул, Іван Чыгрын шмат гадоў даследуе ўзаемадзеянне фальклору і творчасці Ядвігіна Ш., Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага, збірае і публікуе лексіку вёскі Чамяры, займаецца тэксталогіяй, склаў хроніку літаратурнага жыцця Беларусі, якая ўвайшла ў “Гісторыю беларускай літаратуры” (1968). Падрыхтаваў і выдаў асобнымі кнігамі выбраныя творы Ядвігіна Ш., Янкі Купалы, пісьменнікаў “Маладняка” “Веснаход” і іншыя.

У сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя з друку выйшлі дзве манаграфіі Івана Чыгрына “Проза “Маладняка”.Дарогамі сцвярджэння” і “Крокі: проза “Узвышша”. У першай кнізе аўтар даследуе праблемы развіцця беларускай прозы 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Найперш, гэта пытанні тыпізацыі, мадэліравання жыцця ў канкрэтнай, маладнякоўскай прозе, пытанні расшырэння тэматычных абсягаў, сцвярджэння прыгодніцкага і рамантычнага напрамкаў. На матэрыяле творчай спадчыны сяброў літаратурнай арганізацыі “Узвышша” Іван Чыгрын даследуе ў другой сваёй кнізе праблемы мастацкага стаўлення маладой беларускай прозы, у прыватнасці прозу Кузьмы Чорнага, Лукаша Калюгі і Андрэя Мрыя.