— Уладзімір Міхайлавіч, працуючы ў Савеце міністраў Беларусі і ў Акадэміі кіравання, ці часта Вам надаралася мажлівасць сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам?
— Адразу скажу, што я не ўваходзіў у наменклатуру тых людзей, якіх Лукашэнка прызначаў. Па-другое, я з ім часта сустракаўся да таго, як ён стаў прэзідэнтам, даваў яму розныя парады, кансультацыі. А калі ўжо ўсталявалася яго сістэма, я з Лукашэнкам сустракацца не мог, таму што ён сам казаў і кажа: “Мне советчики не нужны!” Таму да мяне ў апошнія гады ён ставіўся не вельмі прыхільна.
— Я ведаю, што ён у Вас нават пабываў у кватэры, гутарыў, піў каву, гарбатку…
— Быў, калі з’яўляўся дэпутатам. Але я найбольш сябраваў з Аляксандрам Дубко — былым старшынёю Гродзенскага аблвыканкама. Амаль кожны тыдзень ён заскокваў да мяне дамоў пасля розных найвышэйшых збораў у сталіцы. Дубко быў рэаліст. Ён казаў, што вось раздаюць кожнай адсталай вобласці па мільёну даляраў, а далі б мне — праз год я вярнуў бы гэты мільён і зарабіў бы яшчэ для сваёй Гродзенскай вобласці. А так гэтыя мільёны дзесьці прападаюць. Калі б прэзідэнтам быў Дубко, то сёння былі б выведзеныя з абароту землі з ураджайнасцю, меншай за 50 цэнтнераў. Пра яго апошнія дні жыцця яшчэ будзе суд гісторыі…
На гэтым тапчане ў зале маёй кватэры (гутарка адбываецца ў мінскай кватэры Уладзіміра Іскрыка. — Заўвага аўт.) часта сядзелі Лукашэнка, Сініцын, Шарэцкі і многія іншыя вядомыя сёння асобы. Мой калега Сямён Шарэцкі з гумарам гукаў, глынуўшы мае заваркі: “Вады! Вады!” А паважаны скульптар Ваня Міско пасміхаўся: “Ад кавы надта сэрца баліць… як успомніш, якая яна дарагая!”
Часта ў мяне гасцілі і цяпер бываюць Міхаіл Чыгір з мілай жонкай Юляй. А Станіслаў Шушкевіч проста зачароўваў усіх, хто з ім сустракаўся ў маёй кватэры. Гэта проста гістарычная асоба. І ён можа сустрэцца з любым кіраўніком любой дзяржавы ў любы час. Шчыра кажучы, я быў знаёмы і цяпер сябрую з тымі людзьмі, каму рэальна магу дапамагчы ці ў каго магу нечаму добраму павучыцца, з каго ўзяць прыклад. З нядобрым чалавекам не хачу сустракацца.
— Вы неяк сказалі, што Беларусь найбольш пацярпела ад савецкіх афіцэраў, камуністычных функцыянераў і ад імперскай улады Расіі…
— Гэта сапраўды так. Расейцы палілі вёскі і гналі ў бежанства Беларусь у 1914 годзе. Згарэла і майго дзеда хата ў Чамярах, а клавішы ад раяля валяліся на вуліцы аж да звароту землякоў у 1921 годзе. Савецкія афіцэры спалілі Хатынь і яшчэ 10 тысяч паселішчаў Беларусі, здрадзіўшы нават Сталіну. Потым сталінскім ударам зруйнавалі Мінск. Савецкія афіцэры забілі дзеда Талаша, абрабаваўшы яго паштовую торбу. І, нарэшце, звыродны “рускі герой” маршал Жукаў скінуў атамную бомбу на свае войскі на Тоцкім палігоне Арэнбургскай вобласці ў 1954 годзе. Там загінулі 43 тысячы савецкіх салдат, у тым ліку і дзве беларускія дывізіі. Цяпер гэтыя афіцэры захапілі ўладу ў Беларусі і па ўзоры Прыднястроўя будуюць свой уласаўскі рэальны тэрор. А уласаўскі сцяг сёння развіваецца ў Крамлі. Але сёння махляваць і скажаць гісторыю нельга, сёння народу трэба гаварыць праўду, а таксама рабіць дабро.
— Аднак сёння ў нас больш згадваюць пра падзеі 1941–1945 гадоў, нібыта адсюль пачынаецца гісторыя Беларусі, а не тысячу гадоў назад …
— Калі і пачынаць гісторыю Беларусі з 1941 года, то трэба казаць вось што. Першымі ў Еўропе, хто даў адпор гітлераўцам, былі беларусы. 1 верасня 1939 года першы ўдар на сябе прыняло пабярэжжа Гданьска і Гдыні, а там служылі нашы беларусы з былой Заходняй Беларусі. А закончылі вайну таксама беларусы ў бітвах пад Монтэ-Касіно ў Італіі. Але пра гэта сённяшнія дзяржаўныя гісторыкі маўчаць, маўчаць і рускія гісторыкі. Таму, па іх гісторыі, палова беларускага народа выкрэсліваецца. Маскве захацелася аб’явіць, што вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года, вось яны так і сказалі. Дарэчы, у гэты дзень 12 хлопцаў з маёй роднай вёскі Чамяры Слонімскага раёна ўжо пайшлі ў лес і стварылі партызанскі атрад. Дома яны ўжо не начавалі, бо немцы былі каля Слоніма.
— Ад палітыкі давайце вернемся да стану нашай роднай мовы. Як і раней, так і цяпер існуе адзіны антыбеларускі аргумент: маўляў, у беларусаў нізкі ўзровень самасвядомасці, па-беларуску не чытаюць, народ супраць роднай мовы. Няўжо так?
— Не, адбываецца ўсё наадварот. Ёсць беларускамоўнае запатрабаванне, у 6–12 разоў большае за рускамоўнае. Возьмем сувымерныя па інтэлектуальным змесце часопісы “Новый мир” Расіі і беларускія “тоўстыя” — “Полымя”, Маладосць”, “Аrche”, “Дзеяслоў”. 8,5 тысячы тыражу “Нового мира” — на 300 мільёнаў патэнцыяльных чытачоў. 1,5–3 тысячы асобнікаў беларускамоўнага выдання на 8 мільёнаў нашых патэнцыяльных чытачоў. Дык дзе і на якой мове больш чытаюць?!