Выбрать главу

Таго ж вечара вярнуўся з вандроўкі Сіняя Барада. Ён сказаў жонцы, што па дарозе атрымаў ліст, у якім яму паведамлялі, што справа, дзеля якой ён ехаў, вырашылася на яго карысць. Жонка ўсімі спосабамі старалася паказаць, як радуецца, што ён так хутка вярнуўся.

Назаўтра ён папрасіў у жонкі ключы. І калі яна іх аддавала, рукі ў яе так калаціліся, што Сіняя Барада адразу здагадаўся пра ўсё, што здарылася.

— Чаму гэта, — спытаў ён, — разам з іншымі няма ключыка да каморкі?

— Я, напэўна, пакінула яго наверсе, у сябе ў пакоі на стале, — адказала яна.

— Прынясі мне яго, — сказаў Сіняя Барада, — і хутчэй.

Пасля розных адцяжак ды адгаворак, ключык давялося такі аддаваць. Сіняя Барада агледзеў яго і сказаў:

— Адкуль гэта на ключы кроў?

— Не ведаю, — адказала няшчасная жанчына і спалатнела як нежывая.

— Ты не ведаеш?! — перапытаў Сіняя Барада. — Ну, дык я ведаю! Ты хацела ўвайсці ў каморку! Што ж, добра. Ты ўвойдзеш туды — і зоймеш сваё месца побач з іншымі жанчынамі, якіх ты там бачыла.

Яна кінулася мужу ў ногі, пачала плакаць, прасіць прабачэння і, па ўсім відаць, шчыра раскайвалася, што была такая непаслухмяная. Здаецца, нават камень расчуліўся б ад маленняў такой прыгажуні. Але ў Сіняе Барады сэрца было чарсцвейшае за камень.

— Ты павінна памерці, — прамовіў ён, — і зараз жа!

— Калі ўжо я павінна памерці, — сказала жонка, гледзячы на яго вачыма, поўнымі слёз, — дык дай мне хоць трошкі часу памаліцца Богу.

— Даю табе паўчвэрткі гадзіны, — адказаў Сіняя Барада, — і ні хвіліны болей.

Калі ён пайшоў і бедная жанчына засталася адна, яна паклікала сваю сястру і сказала ёй:

— Сястра мая Ганна (а так яе звалі), прашу цябе, падыміся на вежу ды паглядзі, ці не едуць нашыя браты, яны абяцалі сёння завітаць да мяне ў госці. Калі іх убачыш, дай ім знак, каб яны паспяшаліся.

Сястра Ганна паднялася на вежу, а нябога ў вялікім смутку час ад часу гукала яе:

— Ганна, сястра мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?

А сястра Ганна адказвала:

— Не відаць нічога, толькі сонейка яснее, толькі траўка зелянее.

Тым часам Сіняя Барада схапіў вялізны нож і крыкнуў на ўсё горла:

— Ану, спускайся хутчэй, ці зараз я сам да цябе падымуся!

— Зараз, зараз, калі ласка, яшчэ хвілінку, — адказала жонка і зноўку ледзь чутна гукнула:

— Ганна, сястра мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?

А сястра Ганна адказвала:

— Не відаць нічога, толькі сонейка яснее, толькі траўка зелянее.

— Ану, спускайся хутчэй, — крыкнуў Сіняя Барада, — ці зараз я сам да цябе падымуся!

— Ужо іду, — адказала жонка, а сама зноў гукнула сястру. — Ганна, сястра мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?

— Бачу, бачу! — адказала сястра Ганна. — Вялізны слуп пылу! Ён набліжаецца да нас…

— Ці не нашыя гэта браты?

— Ах, сястра мая, на жаль, не, гэта статак бараноў…

— Ці спусцішся ты нарэшце? — крыкнуў Сіняя Барада.

— Яшчэ адну хвілінку, — адказала жонка і зноў гукнула сястру. — Ганна, сястра мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?

— Бачу, — адказала тая, — два коннікі скачуць сюды, але яны яшчэ вельмі далёка.

І праз хвіліну дадала:

— Дзякуй Богу, гэта нашыя браты! Зараз я дам ім знак, каб яны паспяшаліся.

Тут Сіняя Барада закрычаў так моцна, што ўвесь палац скалануўся. Нябога выйшла да мужа і ў слязах, з раскудлачанымі валасамі, кінулася яму ў ногі.

— Усё дарма, — сказаў Сіняя Барада. — Настаў твой смяротны час!

Ён ухапіў яе адной рукою за валасы, другой падняў свой страшны кухонны нож і ўжо мерыўся быў адсячы ёй галаву… Бедная кабета зірнула на мужа змярцвелымі вачыма і апошні раз папрасіла:

— Дай мне яшчэ хоць адно імгненне.

— Не, не! — адказаў ён. — Бог за цябе памоліцца.

Ён падняў руку і…

У гэтую хвіліну пачуўся такі моцны грукат у браму, што ад нечаканасці Сіняя Барада спыніўся. Брама не вытрымала, расчынілася, і на двор уляцелі два коннікі. Яны адразу выхапілі шпагі і кінуліся да Сіняе Барады.

Убачыўшы братоў сваёй жонкі — а з іх адзін быў драгун, а другі мушкецёр — Сіняя Барада кінуўся наўцёкі. Але браты дагналі яго раней, чым ён паспеў узбегчы на ганак. Яны працялі яго наскрозь шпагамі і кінулі паміраць. Бедная жонка Сіняе Барады была і сама ледзь жывая, у яе не было сілы нават падняцца і абняць сваіх ратаўнікоў.

Сталася так, што ў Сіняе Барады зусім не было спадкаемцаў, і ўсе яго скарбы засталіся ягонай жонцы. Адну частку мужавага багацця яна выкарыстала, каб выдаць сястру Ганну за маладога пана, які быў даўно ў яе закаханы; на другую — купіла братам капітанскія чыны, а за астатняе — сама згуляла вяселле з вельмі сумленным і добрым чалавекам, з якім хутка забылася на ўсё гора, што ёй давялося перажыць з Сіняю Барадой.