Выбрать главу
* * *

«Ствары цэлы свет!

З унікальным наборам “Ідэальны свет” ты пабудуеш сапраўдную цывілізацыю – і яна будзе існаваць па тваіх правілах. Плануй вуліцы, гарады і цэлыя краіны, пражыві мноства гісторый – і выберы сваю.

120 непаўторных лялек з рознымі характарамі – 120 магчымых жыццяў, і ўсе яны ў тваіх руках!»

На экране заўсёды ўключанага тэлевізара хутчэй, чым можна было разгледзець, мільгалі постаці – выкшталцонатанклявыя жаночыя, шыракаплечыя і даўганогія мужчынскія, з пералівамі сілы пад пластыкавай скурай, у прыгожым адзенні з лёгкіх тканін высакародных колераў, што падкрэслівалі іх статнасць. Так выглядаюць дарослыя ў іншым – шчаслівым, цікавым, радасным жыцці. Стракатанне колераў прыцягнула ўвагу рудога ката Персіка. Ён падскочыў да экрана і некалькі разоў ударыў па ім лапай. Бела-блакітны хвалісты папугайчык Бяляшык сеў Персіку на шыю і некалькі разоў дзюбнуў яго па макаўцы.

Дзесяцігадовая Леся ў абсалютна звычайным, сумным свеце з жалем паглядзела на свае пухлаватыя рукі, на ногі, што ўпарта трымалі форму слупоў, вярнулася позіркам да тэлеэкрана. Камера наблізілася і паказвала твары – тонкія, крыху выцягнутыя, прыгожа-светлыя з лёгкай ружовінкай на шчоках, сонечна-смуглявыя, колеру найпрыгажэйшага ў свеце загару, які дорыць толькі заморскае сонца; з вялікімі яркімі вачыма – сінімі, зялёнымі ў сіні, у шэры, у кары, з шэрымі ў блакітны, з карымі ў руды, у дзёгцевы, у чорны… Леся не думала, што можа быць столькі розных колераў вачэй. Але што вочы – валасы! Даўгія, як у жанчын, так і ў мужчын, простыя, у кудзеркі ці ў буйныя хвалі. Дзяўчынка – вечны дзьмухавец ледзь не заплакала – так хацелася мець падобныя валасы. Белыя, як снег, які яшчэ не растапталі, белыя настолькі, што аж блакітныя, срэбрана-шэрыя, вогненна-рудыя, медныя, колеру чайнай ружы, чорныя ў сіні, у чырвоны, у мноства адценняў адразу… Россып каштоўных камянёў, свята колераў, прыгажосці і дасканаласці.

– Мама! – паклікала дзяўчынка. Голас дрыжэў, зрываўся ад хвалявання, словы не змяшчаліся ў горле, лопаліся, як бурбалкі. – Вось што я хачу ў падарунак.

– Уяві, колькі гэта каштуе. Навошта табе 120 лялек?

Адной хопіць.

– Але дзень народзінаў… Мне ж дзесяць гадоў!

– Табе чаравікі трэба ды кашуля ў школу. Вось і будзе падарунак.

* * *

Боўтанка пачалася такая, што хоць на вузел вакол чоўна завяжыся, усё адно не ўтрымаешся. Цяжкія хвалі адна за адной падалі на плечы, збівалі, апякалі холадам. І чаго яе панесла на Хітрую раку? Нельга й мезенец у ёй памачыць, каб не выклікаць буру.

– Уставай! Прачынайся!

Павекі не слухаліся. І калашмаціна працягвалася – мама трэсла за плечы і навязліва шаптала:

– Бася! Уставай! Прыйшлі!

Шчаку апякло рэзкім дотыкам мамінай рукі, сухім і зусім не пяшчотным. Вочы расплюшчыліся. Яшчэ адзін удар – проста ў зрэнкі – Бася атрымала ад балючага жоўта-белага святла, што плыло па вуліцы і пералівалася праз акно ў хату.

– Зноў жаўнеры топчуцца. Ведаюць, дзе шукаць. Хутка тут будуць! – маці штуршкамі накіроўвала Басю да падмосця.

Тупат цяжкіх чужых ног злаваў і пужаў. Вось бы вылезці, узяць якую качаргу ды надаваць хадакам кухталёў, каб дарогу сюды забыліся. Але Бася будзе сядзець ды злавацца. Не толькі на іх, але і на сябе – за нясмеласць і бяссілле. А яны ходзяць туды-сюды, ды роўна над галавой, звар’яцець можна ад гэтага тупату. Горш за крокі – толькі маміна галашэнне: «Хто вы такія? Што вам трэба? А каб вас Птушкалоў пабраў! Толькі і робіце, што п’яце нашу кровачку!» – дурным сарваным, зусім не сваім голасам крычала мама. «Пераігрывае», – думала Бася.

Крокі аддаліліся. Бразнула клямка на дзвярах, зарыпелі веснічкі. А Басі здавалася, яна чуе, як туп-туп-тупаюць цяжкія ногі па зямлі.

Зверху палілося святло.

– Выходзь, – прашаптала нарэшце па-роднаму мама, быццам баючыся, што нябачны жаўнер ці шпег падслухоўвае іх. Бася нягегла выкараскалася. Што карысці ад худзізны ды лёгкасці, калі зграбнасцю Лёс не надзяліў? Спачатку цюкнулася каркам аб столь, потым саданулася плячом аб рабро вечка і на апошніх прыступках ледзь не зляцела з лесвіцы ўніз на шматлікія збанкі ды шклянкі. Тут і жаўнераў ніякіх не трэба, сама калі не заб’ецца, то пакалечыцца як след.

Ранішняе сонца схавалі за шчыльнымі фіранкамі, яму заставалася толькі напаўняць пакой барвовым паўзмрокам. Бася збіралася прасядзець тут колькі неабходна, ловячы ўнутры і разбіраючы на драбніцы хваляванне перад магчымай небяспекай. Але хутка скончылася паветра, стала горача, суха і сумна. Пакой, на які ніколі не звяртала ўвагі, уявіўся турмой: звыклыя рэчы на звыклых месцах раздражнялі, заміналі, адбіралі прастору і паветра. Некалькі разоў напорвалася на зэдлік, камоду, ножку ложка і іншыя рэчы, якія цяжка не заўважыць. Мэбля, быццам адчуўшы Басін стан, вырашыла адпомсціць за ўсе гады непаважлівага карыстальніцкага стаўлення.