Выбрать главу

Будрыс бачыў, як яна махала хусцінай, як пасля, уся сагнуўшыся, пайшла да машыны. На хвіліну яму захацелася скочыць за борт і паплысці да берага.

Цяжка, смяротна ён шкадаваў пасля, што не зрабіў гэтага.

Постаць на беразе знікла. Знікла машына. Знікла ўрэшце і прыстань.

I тут Севярына ўразілі нейкія страшныя, дзікія гукі...

...Гледзячы на бераг, усім целам падаўшыся да яго, гаротна, з несуцешным адчаем, як па нябожчыку, выў Амур.

...У суботу яна не прыехала. Будрыс, які чакаў яе на трэцім прычале, даведаўся, што "Ізумруд" прыйшоў з Тыгравай ва Уладзівасток яшчэ ўчора, у пятніцу.

Ён засмуціўся, што давядзецца яшчэ некалькі дзён прабыць без яе, але ўвогуле ўспрыняў гэта, як належнае. Не ведала. Спазнілася. Прыедзе ў сераду катэрам запаведніка.

Калі прыйшла серада, ён узяў Амура і пайшоў з Васілём Паўлавым сустракаць.

– Варушы шчупальцамі, біч, – нязлосна кпіў Паўлаў. – Дачка гаспадара таверны чакае цябе. Яна выплакала вочы, выглядаючы тваю татуіраваную морду з ілюмінатара бацькавай карчмы.

– Слухай, ты кінеш ці не?

– Увянчаны лаўрамі, укрыты шнарамі і славай, ён, аднак, прагнуў сціплага палявога букета з яе рук. Толькі яго.

– Ну, дальбог...

– Люблю індзейцаў і караімаў, – на ўсю вуліцу абвясціў Паўлаў.

Прахожыя пачалі азірацца на іх. Паўлаў ішоў з непарушнай мордай саліднага бацькі сямейства. У яго былі манеры і хада члена палаты лордаў. Затое Севярын усміхаўся на поўны рот, праўдзівей, душыўся са смеху.

– I арапаў таксама люблю!

Нейкі сівенькі стары спыніўся і з дакорам паківаў на Будрыса галавой:

– Гэ-эх, малады чалавек. Фуліганіце. А яшчэ з сабакам.

– З тых, што кроў праліваў, – шэптам сказаў Паўлаў. – Толькі невядома, ці ў Сямёнава, ці ў самога барона Унгерна. "Разграмілі атаманаў..." Увага! Увага! Паважаныя грамадзяне Уладзівастока. Унікальны цыркавы нумар! Толькі ў нас! Леапарды сярод публікі. Адзін – Будрыс – Адзін. Залаты медаль абісінскага негуса. Заваяванае сэрца ягонай дачкі.

– Васіль! Дальбог, занадта... Прашу...

Катэр ужо стаяў ля прычала. Дзянісаў з двума рабочымі выгружаў з яго клеткі і нейкія скрынкі.

– Здаровы, хлопцы! Рад бачыць. Гэта Паўлаў? Малайчына. Вось апошні выгрузім – і я вольны. Памагайце. А чаго гэта вы адны? Гражына дзе?

– Хіба яна...

– Ну, як вы дамаўляліся. "Ізумруд" замест суботы ішоў у пятніцу, то яна і з'ехала. На другі дзень. Я яшчэ ўзрадаваўся, што менш вам чакаць.

Выціраў рукі хусцінай.

– Жартуеце, Захар Іракліевіч... – сказаў Будрыс.

– Што вы! – збялеў Дзянісаў. – Хіба гэткім жартуюць? I толькі ўбачыўшы, як ён збялеў, Севярын збялеў сам. Зразумеў, што ўсё гэта не дурны жарт, а праўда.

– Вяселле адмяняецца, – па інерцыі, нічога не разумеючы, трындзеў Васіль. – Міртавы букет упаў з рук ашаломленага жаніха...

Ён раптам вохнуў. Вочы сталі дзікія і жаласныя:

– Мілы... Гэта што ж такое? Га? Прабач, калі ласка.

– Як жа гэта зразумець? – неўразуменна бубніў Дзянісаў. – Сам жа адвёз. Сам угаворваў, каб не чакала серады. Не чакала мяне.

– Дарэмна, – сказаў Будрыс. – Лепей ужо сённяшняя серада, чым тая чорная пятніца.

– У, ёлуп, у, ідыёціна, – лаяў сябе дырэктар. – Як жа яно так? Што ж гэта магло здарыцца?

Першы апамятаўся Васіль.

– Дзяўчаткі, – звярнуўся ён да нейкіх дзвюх сітавак, што праходжваліся па прычале, – вось вам букеты. Не ўсміхайцеся чароўна, яны нам усё адно сёння не спатрэбяцца. Сустрэнемся другі раз. Званіце ў шэдэўральную газету "Маяк". Акадэміку Паўлаву... Севярынчык, Севачка, – чорт вас ведае, як у вас змяншальнае імя! – не вешайце рымска-грэчаскага носа. Дзянісаў, унь зялёны агеньчык. Хапайце... Сева, цапайце гэта чатырохногае за тлустую шкірку і валачыце на пярэдняе сядзенне. Пайшлі!

Яны аб'ездзілі на таксі ўсе гасцініцы горада, усе аддзяленні міліцыі. У пятніцу не было ахвяр вулічнага руху. У пятніцу ў гасцініцах былі вольныя месцы, але ў ніводнай гасцініцы грамадзянка Арсайла Гражына Янаўна не спынялася.

Васіль строіў здагадкі:

– Калі ў яе тут няма знаёмых – значыцца, яна ў той самы дзень выехала з горада.

– Яна выехала, – безжыццёва сказаў Будрыс.

– Чаму?

– Яна не магла столькі дзён сядзець тут, ведаючы, што я побач, што я чакаю.

– Ясна – не магла, – з перабольшанай упэўненасцю сказаў Васіль. – Не вытрымала б, гэта ж зразумела. Яна адкуль, Захар Іракліевіч?

Той пачырванеў.

– Каб я ведаў тады, як яна паказвала дакументы... Але, мне здаецца, з хабараўскага інстытута. Так-так, менавіта адтуль.

– Значыць, так, – сказаў Паўлаў. – На паштамт. Адразу тэлеграму ў інстытут. Калі яшчэ там – хай затрымаюць, нават цаною жыцця. А ім давядзецца гэта зрабіць. Бо, як не затрымаюць, я з іх гэтую плату жыццём спаўна вазьму. З працэнтамі. Дня не дарую...